Алесь Наркевіч займаецца прадпрымальніцтвам, піша вершы, іграе на гітары, цікавіцца гісторыяй роднага горада і краіны.

– Школу я скончыў у 1986 годзе, тады Савецкі Саюз яшчэ трымаўся, – распавядае пра сябе Алесь. – Мне падавалася, што жыццё заўсёды такім і будзе. Пасля школы – службы. Пасля службы – праца. Дарэчы, закінулі мяне служыць не так і блізка – аж на востраў Сахалін. Быў радыётэлеграфістам у марской часці памежных войскаў. Рамантыка! Нават прапаноўвалі застацца на востраве, але гэта была нейкая ўжо занадта дзікунская ідэя. Памятаю, у мясцовых крамах усе паліцы былі завалены салёнай гарбушай, якая ў нас у той час была дэфіцытам. Зрэшты, калі вярнуўся дадому, убачыў, што ў нас у магазінах таксама не лепш – адна кілька і марская капуста. Туфлі па картках прадавалі, таму давялося насіць тыя, што ўдалося купіць, – на памер меншыя. Нармальнай працы ў горадзе таксама не было, таму з’ехаў у Цюменскую вобласць…

– На “шабашку”?

– На працу “в районах, приравненных к условиям Крайнего Севера”. На той час у Беларусі зараблялі 100–150 рублёў, а мне далі адразу 500. Практычна нізашто, проста пастаяў ля станка… Затым стаў тысячу ў месяц атрымліваць. Я такіх грошай ніколі ў вочы не бачыў! Пасля вярнуўся дадому, стаў ездзіць гандляваць у Польшчу. Ува мне прачнуўся, як кажуць, спекулянцкі дух. Працаваць на вілейскім заводзе “Зеніт” жадання не было, а за адну паездку ў суседнюю краіну можна было зарабіць да 50 долараў. На той час гэта былі вельмі добрыя грошы! А пасля зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам, разам з сябрам мы скінуліся па 100 долараў і пачалі сваю справу.

– 200 долараў – сур’ёзныя грошы…

– У Вілейцы на цэнтральнай плошчы Леніна быў рынак. Прынеслі зэдлік, селі пад правадыром і сталі прадаваць накрыўкі для слоікаў. Дакладна памятаю той дзень – 6 ліпеня 1996 года. Накрывак купілі цэлы мех, але прадалі іх літаральна за дзень-два. Праз тыдзень у нас ужо стаяла раскладушка, а праз месяц – намёт з дзвюма раскладушкамі.

Калі пачалі бытавой хіміяй займацца, прычэп пральнага парашку за дзве гадзіны можна было прадаць. Людзі проста шалелі, калі ў краіну пайшоў больш-менш якасны замежны тавар. Шчыра скажу: працавалася цікава і весела. Побач з намі хлопец прадаваў з капота сваіх “Жыгулёў” жавальныя гумкі. А праз некалькі гадоў бачу ў газеце – лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці!

– Многія, калі ўспамінаюць пра “ліхія 90-я”, адразу ж узгадваюць рэкет…

– Нас таксама гэтая з’ява не абышла бокам. Прыязджалі нейкія хлопцы з Барысава, каб “падаіць”, але мы з калегам ніколі не плацілі. За што шкло ў нашай машыне ўсё-такі разбілі. Да майго кампаньёна нават сярод ночы ў хату ўварваліся, але праз нейкі час і рэкеціры зніклі, і сам бізнес пачаў “сціскацца”. З аднаго боку, стала больш парадку, з другога – прадпрымальнікаў пачала заціскаць дзяржава.

Сёння, напрыклад, у Вілейцы ў мяне некалькі крам, але працуецца даволі складана. І галоўная праблема – у людзей няма грошай. Заробкі ў краіне мізэрныя, таму многія стараюцца знайсці іншыя крыніцы прыбытку. Хтосьці ў Нарвегію на заробкі ездзіць, хтосьці нелегальна рамантуе машыны альбо займаецца будаўнічымі работамі. Адным словам, кожны круціцца як можа. А хто пойдзе на працу з афіцыйным заробкам у 200–300 рублёў? У нас, калі хтосьці ў горадзе атрымлівае 500 рублёў, яго ўжо лічаць шчаслівым. Маўляў, пашанцавала з працай.

– Апошнім часам улады быццам бы спрашчаюць жыццё прадпрымальнікам. Адчуваецца?

– Натуральна, працаваць стала значна лягчэй, чым пяць-дзесяць гадоў таму. Раней у першую чаргу праверкі розных кантралёраў дабівалі. МНС, падатковая, санстанцыя… Усе ішлі цугам і з пустымі кішэнямі, як правіла, назад не вярталіся. Казалі: “Лепш адразу заплаці, бо ўсё роўна нешта знойдзем”. Напрыклад, вогнетушыцель павінен ля магазіна стаяць, здаецца, не менш як за метр ад выхаду. На некалькі сантыметраў памыліўся – штраф, і рыхтуй новую пляцоўку для вогнетушыцеля. Ля разеткі няма подпісу “220 Вольт”? Яшчэ адзін штраф.

Мы неяк у Мінску ў аптовай фірмы набылі тавар. Кантралёры ў нас праверылі дакументы і кажуць: “Нелегальная прадукцыя, як можна такое прадаваць?” Прабачце, але чаму нелегальная, калі я афіцыйна набыў тавар у афіцыйнай беларускай фірмы, якая працуе ў сталіцы пад бокам у кантралюючых органаў рэспубліканскага маштабу? Але ж дачапіліся, таму што, напэўна, быў план праверак. Неабходна было любой цаной садраць з прадпрымальніка грошы, бо бюджэт трэба ж нейкім чынам папаўняць. А ні да чога лепшага нашы чыноўнікі, відаць, сваімі галовамі дадумацца не маглі.

Праўда, апошнім часам, як ужо казаў, працаваць стала і на самай справе прасцей. Кантралёры ўжо не чапляюцца, як раней, таму адзінай перашкодай застаецца нізкая пакупальніцкая здольнасць людзей.

– Мне распавядалі, што пакупнікоў вы асблугоўваеце выключна на беларускай мове…

– Скажам так: пераважна на беларускай мове. Некаторыя да гэтага ставяцца абсалютна нармальна, хаця знаходзяцца і нервовыя асобы. “Ой, а почему вы разговариваете на белорусском языке?” –пытаюцца. Спачатку мне было проста смешна чуць такія пытанні ад жыхароў райцэнтра альбо якой-небудзь вёскі Куранец. Але, як кажуць, усё было б смешна, калі б не было так сумна. Адказваю такім персанажам: “А на якой мове я павінен з вамі размаўляць у Беларусі – на французскай?”

Крыўдна, што мы, прабачце, вось так па-свінску ставімся да сваёй гісторыі, мовы, да культуры. Што можа быць прасцей – вывучыць родную мову? Не ведаю, чаму ў нашых людзей такое стаўленне да свайго.

– Акрамя бізнесу хапае часу і на творчасць?

– Калі быў ІПэшнікам, пісалася лепш, бо праца не так напружвала, як зараз. Прадпрымальнік – гэта чалавек, які сам складае свой рабочы графік, таму натхненне прыходзіла пераважна тады, калі… ленаваўся працаваць. (Смяецца.) Я не лічу сябе паэтам у класічным сэнсе, але нешта было на душы, гэта хацелася выкласці на паперы. Некалькі гадоў таму за ўласныя грошы выдаў кнігу вершаў “Аднойчы перажыць жыццё”. Дарэчы, цікавая гісторыя адбылася, калі звярнуўся ў адно прыватнае выдавецтва. Там пачыталі мае вершы і кажуць: “Ёсць “небяспечныя” тэмы. Давайце напішам, што надрукавалі кнігу ў Санкт-Пецярбургу…” А мне якая розніца? Хаця крамолы ў сваіх творах я не бачу. Вершы – пра наша жыццё, пра каханне.

Увогуле, дзіўлюся з нашых людзей. Убачаць налепку “Пагоня” на маёй машыне альбо бел-чырвона-белую стужку і кажуць: “Алесь, ты такі смелы, не баішся!” Уявіце сабе, што робіцца ў гэтых галовах…

Для мяне ж галоўнае – не грошы, якія зарабляю сваім невялікім бізнесам. Душа і памяць – вось тыя падмуркі, на якіх трымаецца чалавек. Як я некалі пісаў:

Ёсць толькі ты

І ў край свой вера…

Капцы дзядоў,

Бацькоўскі дом…

А ўсё астатняе – хімера,

Усё прыдбанае – фантом…