Актывісты ў Баранавічах патрабуюць кантролю якасці дарожных работ

20

– Нядаўна ў нас у Баранавічах на вуліцы Гагарына клалі новы асфальт, – распавядае сайту “Народнай Волі” Мікалай Чарнавус (малодшы). – Клалі яго прама ў бруд і ваду. Патрэба ў новым дарожным пакрыцці з’явілася на гэтай вуліцы пасля мадэрнізацыі цеплавых сетак. Цеплавыя сеткі, трэба думаць, зрабілі, а вось асфальт паклалі абыяк. Прама на пешаходным пераходзе стаіць вялікая лужына. Асфальт, так бы мовіць, новы, а лужына старая. Для таго каб яе абысці, людзям трэба выходзіць на праезную частку. Здавалася б, драбяза. Але я так не лічу: дарожныя работы праводзяцца за бюджэтны кошт. Гэта значыць за падаткі жыхароў Баранавічаў. І калі працы выкананы няякасна, то, я лічу, адказваць за гэта павінна мясцовая ўлада, якая і заключала дамову з выканаўцамі на правядзенне гэтых работ. Што атрымліваецца? Сёлета асфальт паклалі, грошы з гарадскога бюджэту на гэта выдадткавалі немалыя, а ў наступным годзе што? Па новай асфальт класці? Дык навошта закопваць бюджэтныя грошы ў пясок?

– Як вы збіраецеся вырашаць гэтую праблему?

– Я маю намер звярнуцца наўпрост да старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыя Грамакоўскага. “Дарожная праблема” знайшла водгук у гараджан. На сённяшні дзень пад адкрытым лістом у адрас старшыні райвыканкама стаіць некалькі дзясяткаў подпісаў. Людзі патрабуюць, каб гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на якасць праведзеных работ. Таксама ёсць патрабаванне, каб быў вызначаны нейкі гарантыйны тэрмін службы гэтага дарожнага пакрыцця, каб заўтра не давялося зноў выдаткоўваць на гэта бюджэтныя сродкі. Ліст будзе перададзены Юрыю Грамакоўскаму на пачатку наступнага тыдня.

Поделиться ссылкой: