21 верасня ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаёнка распачаў працу клуб “Паходня ісціны”, створаны мясцовым краязнаўцам Алесем Госцевым. На першым паседжанні прысутнічалі доктар гістарычных навук, прафесар Вячаслаў Швед, кандыдат гістарычных навук, археолаг Генадзь Семянчук, кандыдат гістарычных навук Сяргей Амелька, даследчык нумізматыкі і матэрыяльнай культуры, кіраўнік Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка, кандыдат гістарычных навук Віталь Карнялюк.

889-годдзе Гродна святкуюць памылкова
Алесь Госцеў
889-годдзе Гродна святкуюць памылкова
Генадзь Семянчук
889-годдзе Гродна святкуюць памылкова
Сяргей Амелька і Вячаслаў Швед

Першае паседжанне было прысвечана паходу кіеўскага князя Мсціслава на Полацк, у якім удзельнічаў і гродзенскі князь Усеваладка. У савецкі час яго датавалі 1128 годам, але насамрэч гэта 1127-ы і значыць у гэтым годзе павінна святкавацца 890-годдзе Гродна. Віктар Какарэка выказаў меркаванне, што дата 1128 года была ўзятая ў савецкі час таму, што на 7-ыя гады заўсёды прыходзіліся круглыя даты Кастрычніцкай рэвалюцыі. А святкаваць у адзін год юбілей горада і рэвалюцыі патрабавала вялізных выдаткаў. Генадзь Семянчук, у сваю чаргу, адзначыў: “Гэта не прынцыпова для ўладаў, але прынцыпова для гістарычнай праўды”.

На першым паседжанні разгарнулася сапраўдная дыскусія, пад час якой выказвалася шмат цікавых думак, кшталту “Уся нашая гісторыя пабудаваная на міфах”, “Летапісы цікавіліся толькі тады, калі хтосьці камусьці даў у морду”, “Для навукі самае важнае сёння ставіць пытанні”. Абмеркаванне вялося не толькі ў навуковым рэчышчы, але высоўваліся разнастайныя гіпотэзы па гісторыі горада. Напрыклад, што галаснікі Барысаглебскай царквы ў Гродне ўмуроўваліся па дакладных разліках, у якіх, магчыма, схаваная нейкая таямніца. І ўвогуле, наяўнасць значнай колькасці цэркваў пад назвай “Барысаглебская” на прасторы ад Гродна да Смаленска – гэта нашая адметная хрысціянская традыцыя.

Інтэлектуальны клуб “Паходня ісціны” створаны для вывучэння і папулярызацыі спадчыны гістарычнай спадчыны. Да канца года запланавана яшчэ шэсць паседжанняў. Бліжэйшае – гэта вечарына памяці Зоські Верас, з нагоды яе 125-годдзя. Стваральнік клуба Алесь Госцеў – краязнаўца і калекцыянер, настаўнік фізікі і астраноміі і кіраўнік ліцэйскага музея «Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны ХІІ-ХХІ стст.». Ён з’яўляецца адным з аўтараў даведніка “Кронан”, прысвечанага гісторыі Гродна, і падручніка “Гродназнаўства”; таксама аўтар серыі манаграфій пра вядомых ураджэнцаў Гродзеншчыны пад аднайменнай назвай “Паходня ісціны”.

889-годдзе Гродна святкуюць памылкова