Па стане на 1 верасня ў сталіцы пражывала 3.943 чалавекі з ВІЧ-пазітыўным статусам. У структуры захворвання па поле пераважалі мужчыны — 70,6% выпадкаў, удзельная вага жанчын склала 29,4%.

Сярэдні ўзрост новавыяўленых ВІЧ-пазітыўных пацыентаў — 34,9 года, узроставы дыяпазон ад 14 да 69 гадоў.

Усяго ў Беларусі зарэгістравана каля 18 тыс. ВІЧ-станоўчых людзей. У Гомельскай вобласці зарэгістравана 40% усіх зафіксаваных у краіне выпадкаў ВІЧ — 486,3 на 100 тыс. насельніцтва. На другім месцы Мінск (188,5) і Мінская вобласць (195,1) — 30% зарэгістраваных выпадкаў. Менш за ўсё зарэгістраваных ВІЧ-станоўчых у Гродзенскай вобласці — 74,6 чалавека на 100 тыс. насельніцтва.

Прайсці добраахвотнае абследаванне на ВІЧ можна ў любой дзяржаўнай установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет, у тым ліку ананімна і бясплатна. Можна звярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. На платнай аснове (у тым ліку ананімна) можна здаць аналіз у прыватных медыцынскіх цэнтрах.

Як паведамлялася, з 7 верасня ў Мінску аптэчная сетка «Белфармацыя» пачала продаж экспрэс-тэстаў на ВІЧ, якія дазваляюць у хатніх умовах самастойна прайсці тэст па сліне.

Мінск стаў другім рэгіёнам, дзе сёлета распачалася кампанія «90-90-90». Яна накіравана на тое, каб да 2020 года беларусы дасягнулі аднаго з паказчыкаў стратэгіі Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/ СНІД (ЮНЭЙДС): 90% людзей, якія жывуць з ВІЧ, павінны ведаць свой ВІЧ-статус. У краіне кампанія рэалізуецца ЮНЭЙДС і Міністэрствам аховы здароўя.

Упершыню экспрэс-тэсты пачалі прадаваць у аптэках у Гомелі і некаторых буйных гарадах вобласці з мая 2017 года.