Дваццаць секунд зойме ваша звернутая да самога сябе прамова. І за гэтыя дваццаць секунд вы атрымаеце сем сутак арышту. Як іх атрымаў паэт Уладзімір Някляеў, які гэтую прамову-клятву прыдумаў і агучыў 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы.

Ён не перагарадзіў праспект Незалежнасці (і вы не перагароджвайце ні вуліц, ні праспектаў). Ён не заклікáў штурмаваць недалёкую рэзідэнцыю прэзідэнта (і вы, крый Божа, не заклікайце). Ён не брыдкасловіў, не хадзіў да ветру ў каналізацыйны люк, не біўся з міліцыянтамі (і вы нічога такога не рабіце).

Ён проста публічна прызнаўся ў любові сваёй Айчыне і выказаў гатоўнасць пры неабходнасці яе бараніць. І атрымаў сем сутак. І вы таксама атрымаеце, не сумнявайцеся.

Як выглядае, любоў да Айчыны стала ў нас адміністрацыйным правапарушэннем. У сутнасці атрымліваецца так, хоць у судовым рашэнні запісана іншае – 7 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. І можна дзесьці зразумець таго суддзю, маўляў, dura lex, sed lex. Але ці туды скіраваная ў нас суровасць закона?

Тысячы замежных вайскоўцаў з танкамі і самалётамі на тэрыторыі Беларусі, якая паводле Канстытуцыі імкнецца да нейтральнасці, – гэта не пагроза нашаму суверэнітэту.

Калона чорных расійскіх джыпаў пад імперскімі лозунгамі на вуліцах Мінска – гэта дапушчальна.

Хрэсныя хады вакол Лініі Сталіна з малебнамі за “русский мир” – у гэтым таксама нічога страшнага няма.

А паэт, які выйшаў на плошчу з аднадумцамі і зарыфмаваў “Беларусі – клянуся” – і пагроза, і недапушчальна, і страшна. Таму за краты яго, як небяспечнага для грамадства злачынцу.

Маглі б абысціся штрафам ці прафілактычнай гутаркай. Не. Шваркнулі на нары, хай піша свае клятвы-прамовы каля парашы. Беларускім паэтам там самае месца.

Некалі Сталін, арыштаваўшы Мандэльштама, раўніва выпытваў па тэлефоне ў Пастэрнака: дык ён шараговы паэт, ці ўсё ж Майстра? Пастэрнак чамусьці пра майстэрства сябра прамаўчаў.

А я скажу: Някляеў – Майстра. Адзіны такі ў Беларусі. Не першы, не другі, не трэці (нумараваць паэтаў увогуле не варта) – адзіны.

Кінуць такога за краты – гэта як у Расіі арыштаваць Ігара Шклярэўскага, ва Украіне – Ліну Кастэнка, у Швецыі – Тумаса Транстромера. Там падобнае немагчыма, у нас – справа ледзь не звыклая.

Я неяк прыкінуў: калі скласці турэмныя тэрміны ўсіх беларускіх пісьменнікаў, атрымаецца больш за тысячу гадоў. Літаратура наша столькі на свеце не існуе, колькі яна ў турме прасядзела. У польскай, нямецкай, савецкай. І – прызвычаілася і там выжываць, “пілаваць вершам краты”, як напісаў адзін з паэтаў-вязняў.

Здавалася б, тысячагоддзе і – сем сутак, рэчы непараўнальныя. Але і турмы насамрэч прынцыпова розныя. Калі ў чужую беларус за любоў да свайго трапляў неяк лагічна, то, пагадзіцеся, крыўдна за тое самае садзіцца ў сваю.

Таму сем сутак Някляева – гэта дыягназ і ўсёй нашай праваахоўнай сістэме, і той уладзе, якая над ёю. Помслівай і дробязнай. Ах, дык ты не супакоіўся пасля турмы ў 2010-м? Пасядзі яшчэ, пакармі вошай.

Паскудна робіцца на душы, калі я думаю пра сем сутак, якія Некляеў правядзе за кратамі. Але яшчэ больш паскудна ад людскога невыноснага маўчання, якое ўжо не звыклая наша абыякавасць, а нешта большае.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, вас жа народ любіць за песні Някляева. “Гуляць дык гуляць” вы здорава можаце, а падтрымаць паэта – слабо?

А чаму сядзіць мышшу пад венікам арганізацыя “Гавары праўду”, якая вылупілася з яйка проста ў штабе кандыдата ў прэзыдэнты Някляева?

А чаму не стаў пікетам на Акрэсціна наш слаўны ПЭН-Цэнтр, у чыім статуце так і запісана: абарона правоў пісьменнікаў? Чаму ж не бароніць свайго паўнапраўнага сябра?

На гастролях. Маўчаць. Занятыя больш важнымі справамі. А хтосьці папросту адмахваецца, маўляў, пасядзіць і выйдзе, падумаеш, усяго сем сутак, сам нарваўся, штрышок у біяграфію, яшчэ адну прэмію дадуць, працяг паэмы “Турма” напіша…

У той паэме, дарэчы, ёсць трапныя, як куля ў дзясятку, радкі:

Турма – не сцены. Для турмы не камяні сабраны – мы”.

Сямісутачнае маўчанне ўсіх тых, хто павінен быў крычаць, амаль пераканала мяне, што з нас атрымаецца нядрэнны будматэрыял для турмы.

У якой урэшце можам апынуцца ўсе мы.