Спробы “легалізавацца” ў Астраўцы прадстаўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі робяцца даўно. Узначаліў барацьбу былы супрацоўнік МУС, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі АГП Іван Крук.

Пра перапіску з чыноўнікамі Іван Фёдаравіч распавёў сайту “Народнай Волі”.

– Разумееце, проста накіпела ўжо, трэба, каб праблема атрымала гучны грамадскі рэзананс, – гаворыць Іван Крук. – Бо шматгадовая перапіска з чыноўнікамі рознага ўзроўню плёну не дае. А сітуацыя ў нас, у Астраўцы, склалася такая: мы, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі краіны, дамагаемся, каб у Астравецкім раёне дзейнічала раённая арганізацыя. Дзейнічала не “падпольна”, а законна.

Паводле закона гэта можна зрабіць толькі пры наяўнасці юрыдычнага адраса для арганізацыі. Але чыноўнікі, як я лічу, па надуманых прычынах адмаўляюць нам у атрыманні юрыдычнага адраса.

– Куды вы звярталіся для вырашэння гэтай праблемы?

– Пытанне аб рэгістрацыі юрыдычнага адраса вырашаецца мясцовымі ўладамі. У Астравецкі выканаўчы камітэт звярнулася наша актывістка Раіса Уласевіч з заявай аб тым, каб у яе жылым доме быў зарэгістраваны юрыдычны адрас. Законныя падставы для гэтага ёсць, бо ў адказе з Міністэрства юстыцыі за подпісам намесніка міністра Сяргея Задзірана гаворыцца, што “выкарыстанне не па прызначэнні жылых дамоў альбо іх часткі без пераводу іх у статус нежылога памяшкання можа ажыццяўляцца па ўзгадненні з раённымі ці гарадскімі выканаўчымі камітэтамі”. У Астравецкім райвыканкаме пытанне разгледзелі і адмовілі. Без усялякай матывацыі. Тады мы звярнуліся ў Гродзенскі аблвыканкам. Там наша пытанне таксама вывучылі і даручылі Астравецкаму райвыканкаму сабраць паседжанне, прысвечаннае прадастаўленню Астравецкай раённай арганізацыі АГП юрыдычнага адраса.

– Які вынік разгляду?

– Па-першае, адзначу, што ні мяне, не Раісу Уласевіч на разгляд гэтага пытання не запрасілі, а рашэнне вынеслі прадказальнае – у афіцыйнай рэгістрацыі адмовіць. Ведаеце, гэта пятая безвыніковая спроба АГП “легалізавацца” ў Астраўцы. Мы ўсё робім у межах закона, а што атрымліваецца? На прыкладзе шматлікіх і безвыніковых спроб раённай арганізацыі АГП быць афіцыйна зарэгістраванай у Астраўцы можна смела сказаць: пра палітычныя свабоды ў нашай краіне можна толькі марыць…

– Іван Фёдаравіч, на сённяшні дзень вы вычарпалі ўсе законныя метады для рэгістрацыі юрыдычнага адраса?

– Не, яшчэ пазмагаемся. Дарэчы, у Астравецкім раёне, наколькі я ведаю, на сённяшні дзень афіцыйна зарэгістравана толькі адна палітычная партыя – праўладная Камуністычная партыя Беларусі. Прычым юрыдычны адрас яе рэгістрацыі – тайна за сямю пячаткамі. Дый гэта не самае галоўнае. Я лічу, што мясцовыя чыноўнікі наўмысна не рэгіструюць АГП у Астраўцы.

Дамагаючыся розгаласу, нядаўна я звярнуўся ў шэраг мясцовых і рэспубліканскіх газет, спрабуючы дабіцца таго, каб на старонках “Астравецкай праўды”, “Гродзенскай праўды” і “Советской Белоруссии” была гісторыя нашай барацьбы. Паколькі нас запэўніваюць, што ўсе мы жывём у прававой дзяржаве і закон у Беларусі адзін для ўсіх, то лічу, што нерэгістрацыя раённай партыйнай арганізацыі АГП у Астраўцы мае вялікае грамадскае значэнне.

Афіцыйны адказ прыйшоў пакуль толькі з “Астравецкай праўды” (выпраўлена). У публікацыі перададзеных мной матэрыялаў, у якіх, на маю думку, добра паказана перадузятае стаўленне чыноўнікаў да сітуацыі, мне адмовілі…