Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падрыхтаваў план рэфармавання ААН. Па яго меркаванні, у апошнія гады яна не цалкам рэалізуе свой патэнцыял з-за бюракратыі і дрэннага кіравання:

Хоць з 2000 году яе бюджэт павялічыўся на 140%, а колькасць супрацоўнікаў узрасла больш чым у два разы, ААН больш нагадвае клуб для сяброўскіх сустрэч, чым сур’ёзную палітычную арганізацыю, а выдаткі зусім выйшлі з-пад кантролю”.

У святле вядомай рэпутацыі Трампа як прагматыка гэты яго крок выглядае цалкам лагічным, бо ЗША з’яўляюцца буйнейшым донарам ААН. Яны пакрываюць 22% (600 млн даляраў) выдаткаў арганізацыі і яшчэ 28% (2,2 млрд) асобнага бюджэту на міратворчую дзейнасць. Для параўнання: Расія ўносіць у асноўны бюджэт усяго каля 2% (77 млн).

Наогул неабходнасць рэформы буйнейшай міжнароднай арганізацыі, якая ўключае ў сябе 193 краіны, даўно наспела ў сілу яе відавочнай няздольнасці спраўляцца з большасцю самых надзённых праблем, што патрабуюць для свайго вырашэння аб’яднаных высілкаў чалавецтва.

Праўда, пакуль у дэкларацыі гаворка ідзе галоўным чынам пра арганізацыйна-тэхнічны бок пытання. У прыватнасці, прапануецца “скараціць мандаты, якія дублююцца, часткова супадаюць або з’яўляюцца залішнімі, у тым ліку ў галоўных органах ААН”.

На дадзены момант падтрымку амерыканскай ініцыятыве выказалі ўжо больш за 140 краін. Аднак нават такая колькасць прыхільнікаў зусім не гарантуе поспеху, паколькі супраць выказаліся два сталых чальца Рады Бяспекі – Расія і Кітай (зразумела, дарэчы, што ў такіх абставінах чакаць далучэння Беларусі да большасці не выпадае).

Мяркуючы па ўсім, яны асцерагаюцца, што калі працэс насамрэч пойдзе, дык урэшце ён можа прывесці да рэформы самой РБ, у тым ліку да абмежавання права вета.

Між тым, менавіта якраз тут і знаходзіцца корань праблемы. Відавочна, што цяперашняя структура дае надзвычай вялікія магчымасці пяці вядучым дзяржавам у рашэнні глабальных пытанняў, практычна выключаючы пры гэтым уплыў астатніх.

Адпаведна, рэгулярна ўзнікаюць розныя праекты перабудовы. Так, Германія, Японія, Бразілія і Індыя імкнуцца ўвайсці ў Раду на правах сталых удзельнікаў, няхай без права вета. Італія і Пакістан заклікаюць да пашырэння РБ да 25 удзельнікаў за кошт новых 10 месцаў для зменных чальцоў. Пра свае правы неаднаразова заяўляла Афрыка, якая скардзіцца на тое, што кантынент не прадстаўлены ў ліку сталых удзельнікаў.

Аднак усе гэтыя прапановы нязменна натыкаюцца на супраціў Масквы і Пекіна. Абсалютна ясна, што без іх удзелу не можа ажыццявіцца ніводная рэформа.

Да таго ж, шчыра кажучы, вельмі сумніўна, што ва ўмовах настолькі кардынальна адрозных поглядаў вядучых дзяржаў на сусветныя праблемы і пры захаванні права вета простае пашырэнне РБ неяк спросціць сітуацыю.

На жаль, чалавецтва ў цэлым яшчэ не прыйшло да разумення той ісціны, што часам існуюць больш значныя каштоўнасці, чым прагматычныя нацыянальныя інтарэсы. У пераважнай большасці выпадкаў пераконваць тых, хто гэтага не разумее, бессэнсоўна, а пры іх фармальнай роўнасці з астатнімі прыняцце агульнага рашэння ёсць практычна немагчымым.

ААН застаецца галоўнай дарадчай структурай у свеце з беспрэцэндэнтнай роляй як стваральніка нормаў. Але без дзейснага прымусу да выканання ўсталяваных правіл яе дзейнасць часцяком аказваецца непрадуктыўнай.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе недахопы, самаліквідацыі яе ў агляднай будучыні не прадбачыцца. Па-першае, нейкія лакальныя праблемы вырашаць ёй усё ж удаецца. Акрамя таго, яна застаецца адзіным месцам, дзе ўсе лідэры могуць час ад часу сустрэцца і пагаварыць. Закрыццё нават такога даволі абмежаванага форуму наўрад ці паспрыяе паляпшэнню агульнай сітуацыі ў свеце.

Урэшце, як заўважыў у свой час былы сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Генры Кэбот Лодж, «ААН створана не для таго, каб увесці нас у рай, а каб усцерагчы ад пекла»…