Напачатку Аляксандр Фядута распавёў, што яго найбольш уразіла цягам апошняга тыдня. Гэта “Вучэнні-2017”, якія журналіст назваў штучна раздутымі ў медыяпрасторы, а Вейшнорыю ахарактарызаваў як праверку беларусаў на пачуццё гумару і не больш чым “сцёб”. У той жа час яго абурыла паведамленне пра пенсію самага тытулаванага спартсмена Беларусі Аляксандра Мядзведзя ў 320 рублёў і тое, што адзін з інтэрнэт-рэсурсаў перакруціў яе ў лічбу 130:

За такое скажэнне чалавек павінен адказваць”.

У адным з апошніх матэрыялаў ў “Народнай Волі” Аляксандр Фядута, на падставе аналізу мясцовых выбараў у Маскве, зрабіў параду для беларускай апазіцыі:

“Проста падняцца з канапы — і зрабіць крок наперад”.

У Гродне ён працягнуў гэтую тэму, адзначыўшы, што ведае толькі адну паспяховую акцыю беларускай апазіцыі за апошнія гады. Гэта абарона Курапатаў мінулай вясной:

І то, гэта зрабіла не апазіцыя, а “Малады фронт”.

Аляксандр Фядута выказваецца за тое, каб апазіцыя ўдзельнічала ў выбарах, а не байкатавала іх. Ён распавёў пра адзін з праектаў, які спрабавалі ажыццявіць на адных з мінулых выбараў – правесці іх толькі ў адной акрузе, пад наглядам прадстаўнікоў усіх партый:

“Адзіная палітычная структура, якая вельмі сумленна працавала на гэтым праектам, быў “Рух за свабоду”. За працу адказваў Юрась Меляшкевіч. Запомніце гэтае імя. З майго пункту гледжання, гэта адзіны на сёння чалавек, які мог бы ўзначаліць штаб адзінага кандыдата”.

“Захад-2017”, забойства Шарамета, абарона Курапатаў, журналісты “Рэгнума”. Сустрэча з Аляксандрам Фядутам у Гродне
Фота аўтара

Расказаў Аляксандр Фядута і пра забойства журналіста Паўла Шарамета:

У мяне свая версія. Гэта не забойства з-за таго, што ён пісаў нешта… Гэта калі адна групоўка вырашае свае пытанні з другой… Шарамета паспрабавалі выкарыстаць у якасці “паштовага голуба”, што з журналістам размаўляць будуць. Пасля таго, як я выказаў гэтую версію, яе пацвердзіў вайсковы пракурор Украіны, з якім Шарамет паспеў пагаварыць… Яго прыбралі па загадзе з Масквы; загад аддалі людзі, якія з’яўляюцца не грамадзянамі Расіі, а ўкраінскімі палітычнымі эмігрантамі. Каб Кліменка (Аляксандр Кліменка — былы Міністр даходаў і збораў Украіны — заўв.) не дамовіўся з новай уладай”.

На пытанне пра арыштаваных журналістаў “Рэгнума”, Фядута сказаў:

…тэма раздута. Сёння можна прад’явіць аналагічны пазоў да журналістаў, якія друкуюцца ў англійскіх выданнях”. Там ёсць абраза нацыянальнай годнасці і пачуццяў. Але не “нацыянальны экстрэмізм”.

Сам жа Фядута разумее, як ім цяжка, паколькі быў там, дзе яны цяпер знаходзяцца і “перасядзелі той тэрмін, які б маглі адседзець нават з пазіцыі нейкай дзяржаўнай справядлівасці”.

Свабоду Аляксандр Фядута ахарактарызаваў як “магчымасць выбару”. З гэтай пазіцыі ён падтрымлівае маўклівыя акцыі, якія былі ў Беларусі пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, і супраць вясновых выступленняў, якія ішлі ад патрэбаў страўніка, а не выбару:

Вольныя людзі – яны разумеюць боль, яны адчуваюць радасць. Ёсць некалькі пачуццяў, якіх у іх не можа быць. У іх не можа быць зайздрасці. У іх не можа быць пажадання “Няхай здохне карова суседа”. У іх не можа быць закліка да роўнасці ў бядноце. Давайце ўсе жыць лепей, а не чаму ён жыве лепей за мяне”.

Сустрэча з Аляксандрам Фядутам прайшла ў межах праекта “Mediaroom”, створанага як пляцоўка для сустрэч з людзьмі, што ствараюць медыйны кантэнт. Каардынатарка праекта Вольга Корсун распавяла:

Мы плануем ахапіць розныя бакі медыяпрасторы, каб гэта было цікава не толькі прафесіянальным журналістам, але і больш шырокаму колу людзей. Увогуле ў нас ёсць звышмэта – падвысіць інфармаванасць і давер да незалежных журналістаў і тых, хто стварае медыя ў нашай краіне і стаіць на абароне слова. Увогуле, да снежня мы плануем правесці 10 сустрэч-дыскусій з самымі рознымі людзьмі. Ёсць папярэдняя дамоўленасць са Святланай Калінкінай, з галоўным рэдактарам “Нашай нівы” Ягорам Марціновічам, з Антонам Матолька і шэрагам іншых журналістаў і медыйных персон. Як бачыце, мы хочам узяць і больш маладое пакаленне, і мэтраў беларускай журналістыкі. Таксама мы плануем запісаць шэраг відэаінтэрв’ю з выбітнымі гарадзенскімі журналістамі, таму што мы лічым, што гэта вельмі важна. І ўсё гэта скончыцца ў снежні вялікай выставай, прысвечанай 35-годдзю незалежнай журналістыкі Гродна і Гарадзеншчыны. Мы зараз працуем з архівамі і хочам стварыць такі сапраўдны летапіс журналістыкі і свабоды слова эпохі ўздыму 1990-х, калі гэта ўсё пачалося да сённяшняга дня. Гэта будзе гісторыя і ў тварах, і ў падзеях”.

Наступная сустрэча запланавана на 29 верасня. Госць – Яўген Марціновіч.