Нацыянальны банк пастанавіў знізіць з 1 кастрычніка з 20 да 10% памер абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце суб’ектаў гаспадарання- рэзідэнтаў.

— Змяншэнне працэнтнай стаўкі абавязковага продажу выручкі, безумоўна, трохі аблегчыць жыццё прадпрыемствам, якія экспартуюць сваю прадукцыю, — кажа Васіль Шлындзікаў. — Увогуле, такая норма становіцца вельмі небяспечнай, калі ў краіне некалькі курсаў валют — афіцыйны і рэальны. Гэты механізм цалкам знішчаў экспартанакіраваныя прадпрыемствы. Бо трэба было прадаваць валюту па курсе Нацыянальнага банка, які быў у некалькі разоў меншы за рэальны.

— Нацбанк заявіў, што рашэнне прынята “у рамках рэалізацыі паслядоўнай палітыкі лібералізацыі валютных адносін і з улікам стабільнай сітуацыі на валютным рынку”.

— Зараз валютны курс стабілізаваўся, але што будзе далей? Куды пойдзе беларуская эканоміка? Ніхто не дасць стопрацэнтнай гарантыі, што валютная сітуацыя не зменіцца. Увогуле, прынятая Нацбанкам норма — гэта добры крок, але, як мне падаецца, не тыя лекі даюць пацыенту. А на рэформы ўлады ісці не жадаюць.