Аляксандр Насовіч прэзентаваў у Мінску і Гродне сваю новую кнігу “Чаму Беларусь не Прыбалтыка”, якая, у першую чаргу, накіравана на расійскага чытача.

Аляксандр Насовіч – карэнны калінінградзец у трэцім пакаленні. Яго дзед удзельнічаў у штурме Кёнігсберга, пасля чаго там і застаўся. Аляксандр скончыў гістарычны факультэт Балтыйскага ўніверсітэта імя Канта. Журналіст”Народнай Волі” распытаў аўтара пра кнігу.

— Чаму вы зацікавіліся Беларуссю?

— Першапачаткова я цікавіўся Прыбалтыкай. Але вывучэнне знешняй палітыкі, напрыклад, Літвы, немагчыма без вывучэння гісторыі і яе адносінаў з Польшчай і Беларуссю. Так паступова я стаў уцягвацца ў беларускія справы, якімі займаюся ўжо два гады.

— У вас некалькі кніг па Прыбалтыцы. Пра што яны?

— Пра шлях развіцця Прыбалтыйскіх дзяржаў, якія яны абралі ў 1991 годзе і пра тое, да чаго гэты шлях прывёў. Мяне цікавіць як адбываўся пераход ад блізкасці да адарвання.

— Як паўстала кніга “Чаму Беларусь не Прыбалтыка”?

— З рэдакцыйных размоў у рэдакцыі інтэрнэт-рэсурса, дзе я працую. Падчас аналізу разнастайных заходніх рэйтынгаў і сістэм ацэньвання, індэксаў, згодна якім краіны Балтыі лічацца найбольш перадавымі, прагрэсіўнымі сярод астатніх былых савецкіх рэспублік. Аднак падчас гэтых абмеркаванняў такі стэрэатып стаў выклікаць пытанні. У выніку мы прыйшлі да высновы: Беларусь і Прыбалтыка – антаганісты, што асабліва дзіўна, улічваючы іх агульную гісторыю напрацягу стагоддзяў, іх узаемазвязанасць. Гэта фактычна быў шлях ад адзінства да барацьбы супрацьлегласцяў.

— І да якой высновы прышлі?

— Выбар той мадэлі інтэграцыі ў заходні свет, які абралі краіны Балтыі, абярнуўся для іх катастрафічнай стратай насельніцтва і знікнення іх тытульных нацый, для існавання якіх, як запісана ў Канстытуцыях, гэтыя краіны і створаны. У Беларусі, пры гэтым зразумела, што яна не эталон, у параўнанні з Прыбалтыкай, відавочна, што стратэгічна яе шлях развіцця больш эфектыўны, больш паспяховы ў даўгатэрміновай перспектыве.

— Якая мэта кнігі?

— Дэмантаж устойлівых стэрэатыпаў, што Прыбалтыка – найбольш паспяховы рэгіён былога СССР, а Беларусь – адсталая савецкая краіна, якая непазбежна павінна падвергнуцца радыкальным трансфармацыям. Менавіта радыкальным.

— Якія парады для Беларусі вы даеце?

— Я б раіў беларускай дзяржаве больш і лепш працаваць з маладым пакаленнем, больш і лепш працаваць у новых медыя, сацыяльных сетках, інтэрнэце. Такая праблема была характэрная і для Расіі 10 гадоў таму, калі ўлада з пагардаю ставілася да інтэнэта і працы з моладдзю. Лічылася, што гэта ўсё несур’ёзна і ні на што не ўплывае, што большасць насельніцтва заўсёды будзе лаяльным. У гэтым плане толькі пасля падзей 2011 года на Манежнай плошчы пачалося пераасэнсаванне. За апошні час Расія прасунулася вельмі далёка ў адстойванні свайго інфармацыйнага суверэнітэту і сваёй інфармацыйнай палітыкі для знешняга свету. Далёка прасунулася і ў сферы піяру на міжнароднай арэне, чаго не хапае Беларусі.

Беларусь – увогуле вельмі цікавая краіна. Калі сюды прыязджаюць еўрапарламентарыі і аглядаюць краіну, яны кажуць: такую краіну мы б узялі ў Еўрапейскі Саюз не задумваючыся. Брытанскі дэпутат ад правакансерватыўнай партыі сказаў: “Калі б уся ўсходняя Еўропа была б такой, як Беларусь, то Вялікабрытанія б з Еўрасаюза не выходзіла б”. Сапраўды, аб’ектыўна Беларусь вельмі прывабная краіна, але іншаземец пачынае ўсведамляць гэта толькі тады, калі тут пабывае, у тым жа Гродне, Мінску, праедзецца па тэрыторыі краіны. У інфармацыйнай рэальнасці, у рэальнасці СМІ гэтага не бачна. І гэта вялікі недахоп, таму што гэтую нішу запаўняюць іншыя, якія пачынаюць распавядаць, што гэта “апошняя дыктатура Еўропы”, “сталінскі канцлагер у сэрцы Еўропы”.

— Якія ў вас планы на будучыню?

— Параўнаць Беларусь з Украінай, паказаць, што Беларусь можа стаць прыкладам для выхада Украіны з тупіка.

— Ці ёсць для Вас розніца паміж беларусамі і рускімі?

— Я розніцы не заўважаю. Канешне, калі беларус пераходзіць на беларускую мову, розніца відавочная. Але яна не нашмат вышэй, чым паміж разнастайнымі субэтнасамі рускага народу.

— Як вы ацэньваеце будаўніцтва БелАЭС?

— Вельмі станоўча, таму што гэта якар Беларусі ў ХХІ стагоддзе. Тое, чаго пазбавілася Літва, якая закрыла Ігналінскую АЭС. Наконт экалагічных пытанняў, якія заканамерныя, яны павінны ўздымацца грамадзянскай супольнасцю. У дадзеным выпадку я выношу Літву, таму што тут зусім іншыя прычыны пратэста супраць БелАЭС.

— Што Вы скажаце пра вучэнні “Захад-2017”?

— Гэта, насамрэч, шэраговая ў вайсковым плане падзея, якая сёння больш мае значэнне ў інфармацыйнай сферы. І ў параўнанні з вучэннямі НАТА ў нашым рэгіёне, напрыклад мінулагодняй “Анакондаю” каля межаў Беларусі і Расіі, “Захад-2017” выглядае вельмі сціпла.

Латвійскі палітолаг з Рыгі Нормунд Гросціньш адносна вучэнняў “Захад-2017” дадаў: “Пачуццё страху ў краінах Прыбалтыкі падаграецца наўмысна. Гэта повад для палітычных эліт абгрунтаваць павелічэнне вайсковых выдаткаў у два разы за апошнія некалькі гадоў, і цэлы шэраг праблемаў у сацыяльнай сферы. Расійскай пагрозай адцягваюць увагу ад сваіх пралікаў”.

“Такую краіну мы б узялі ў Еўрасаюз не задумваючыся”
Фота аўтара