Аўтамабільная калона з сямі аўтамабіляў з расійскімі нумарамі, а таксама нумарамі непрызнанай Луганскай Народнай Рэспублікі вечарам 19 верасня бесперашкодна праехала праз цэнтр беларускай сталіцы. Гэты факт, магчыма, так і застаўся б незаўважаным, калі б не “ўбранне” гэтых аўтамабіляў. Машыны праехалі праз Мінск пад георгіеўскімі сцягамі ды партрэтамі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і лозунгамі “За свободу РФ”.

Высветлілася, што гэта была частка аўтапрабега “Великая Россия”, які арганізавала “Национально-освободительное движение Росии” – арганізацыя, якая актыўна падтрымлівае палітыку Пуціна на ўсходзе Украіны, а таксама ў Крыме.

На сайце арганізацыі адзначаецца неабходнасць узгаднення руху аўтапрабегу “Великая Россия” з мясцовымі ўладамі, а таксама наяўнасць мясцовага суправаджэння. Пры гэтым у спісе пунктаў, праз якія павінна прайсці акцыя, Мінск не значыўся, а самі ўдзельнікі прызналіся, што прыехалі ў Беларусь інкогніта.

– Мяне глыбока абурыў гэты аўтапрабег, – гаворыць у інтэрв’ю сайту “Народнай Волі” Таццяна Севярынец. – Хто даў дазвол на праезд гэтых машын у Мінску? Я разумею, калі б гэта была акцыя ў гонар кагосьці з ганаровых беларусаў – Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарына… А што атрымліваецца? Расіяне на тэрыторыі іншай краіны ўслаўлялі кіраўніка сваёй. Для параўнання скажу: нядаўна беларускія дэмакратычныя актывісты ладзілі велапрабег у гонар 500-годдзя Бібліі Францішка Скарыны па маршруце Брэст–Віцебск. Вы думаеце, ім далі дазвол? Канечне, не!

Да того ж мяне цікаваіць: ці была акцыя “Великая Россия” ўзгоднена з мінскімі гарадскімі ўладамі, як таго патрабуе дзеючае беларускае заканадаўства? На правядзенне любога масавага мерапрыемства ў Мінску патрэбны дазвол Мінгарвыканкама. І гэта ведаюць усе. Відавочна, што нашы праваахоўныя органы проста “праспалі” гэты аўтапрабег.

Таму я адправіла электронны зварот у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Перад праваахоўнікамі я паставіла пытанні: на якой падставе адбыўся гэты аўтапрабег у Мінску? Чаму гэта стала магчымым? Няхай праваахоўнікі патлумачаць гэта грамадзянам Беларусі.

Паводле закона, у міністэрства ёсць месяц на разгляд майго звароту і адказ на яго. Чакаю, што адкажуць…