Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

У чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Тым часам паступова фігурантаў справы выпускалі на волю. 30 чэрвеня на волю выйшаў апошні зняволены – колішні кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

– Мне падаецца, тэрмін расследавання справы працягнуць, – кажа Міраслаў Лазоўскі. – А зараз – поўная цішыня. Да следчага не выклікалі, нічога не паведамлялі… Як быццам і не было гучнай крымінальнай справы і масавых затрыманняў.

– Чаму думаеце, што расследаванне працягнуць?

– Не так даўно пазбавілі ліцэнзіі майго адваката Ганну Бахціну. У чалавека каля сарака год юрыдычнага стажу, а яе пазбаўляюць ліцэнзіі. Смех! Таму, думаю, усё гэта звёны аднаго ланцужка.

– Хто вас зараз будзе абараняць замест Ганны Бахціной?

– Пакуль я застаўся без адваката, шукаю новага. Але зрабіць гэта з улікам той сітуацыі, што склалася з Бахціной, як разумееце, не так і проста. Але, думаю, знойдзем нейкае выйсце. Як казала мая бабуля, ніколі так не было, каб нічога не было.