Чаму міністр культуры не абараняе Уладзіміра Някляева?

26

Нагадаем, што Уладзімір Някляеў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне вынес суд Савецкага раёна Мінска. Паэта і апазіцыйнага палітыка пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, якая адбылася 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы, на Кастрычніцкай плошчы.

— У якой краіне пісьменніка і паэта №1 садзяць у турму на 7 сутак зняволення за ўдзел у мірным мітынгу? – задае слушныя пытанні праваабронца Алесь Бяляцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбук. — І ня важна, што яму ўжо 70 гадоў, і ён мае праблемы са здароўем…

А што беларуская інтэлігенцыя?

Маўчыць?

Што лаўрэаты дзяржаўных прэмій?

Што народныя і заслужаныя артысты?

Што заслужаныя работнікі ды іншыя рэктары-дырэктары?

Што міністр культуры?

Хто-небудзь з іх мае годнасць ды смеласць усяго толькі хаця б слова сказаць у абарону Уладзіміра Някляева, ліст напісаць, патэлефанаваць куды, адкрыта сказаць, што так нельга?

Дык ён сам жа пайшоў на той “недазволены” мітынг. Ніхто яго туды не цягнуў, дык сам няхай і адказвае“, — чую абураныя галасы.

Вось жа ён туды і пайшоў, каб ратаваць нашае з вамі сумленне. Пайшоў, бо мае на тое права. Але, відаць, ратуе сваё. Бо цяжка ратаваць дзеля іншых таго, чаго ў іх няма.

А сорамна як на душы…

Праўду казаў некалі Янка Купала: што гэта за нацыя такая, беларусы, што аднаго свайго паэта пракарміць (абараніць) ня могуць…

Поделиться ссылкой: