Прысуд абскардзілі бацькі абвінавачанага як законныя прадстаўнікі і яго абаронцы. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме без абвінавачанага і пацярпелай. У зале прысутнічаў бацька Скакуна і тры адвакаты. Старшыняваў суддзя Вярхоўнага суда Сяргей Гураў. Дзяржабвінавачанне падтрымліваў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анатоль Мяцельскі.

Прысуд 16-гадоваму Данату Скакуну быў вынесены калегіяй па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 7 красавіка. Журналісты змаглі пачуць толькі яго рэзалюцыйную частку, бо працэс і ў судзе першай інстанцыі быў закрытым, таму што абвінавачаны непаўнагадовы. Скакун знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. Пасля абвяшчэння прысуду Мінгарсуда ў бацькоў з ім было толькі адно спатканне.

Згодна са звесткамі следства, 23 мая 2016 года прыблізна ў 8.00 навучэнец мінскай гімназіі № 74 2001 года нараджэння, знаходзячыся ў школьным кабінеце, «дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, нанёс настаўніцы рускай мовы і літаратуры не менш як 17 удараў нажом, у тым ліку ў вобласць жыццёва важных органаў». Параненая настаўніца здолела патэлефанаваць дачцэ і паведаміла, што на яе напалі. Дачка патэлефанавала дырэктару гімназіі, выклікала «хуткую» і міліцыю.

Падчас следства былі дапытаныя больш за 50 сведак, праведзены вялікі комплекс медыка-крыміналістычных, біёлага-генетычных і дактыласкапічных даследаванняў. Паводле вынікаў судова-медыцынскай экспертызы, цялесныя пашкоджанні, нанесеныя пацярпелай, аднесеныя да катэгорыі цяжкіх. Праведзеная ў дачыненні да непаўналетняга стацыянарная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала, што юнак ў перыяд інкрымінаваных яму дзеянняў мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Паводле інфармацыі пракуратуры Мінска, матывам здзяйснення падлеткам злачынства стала помста за нібыта неаб’ектыўную ацэнку настаўнікам яго ведаў.

Дзеянні непаўналетняга следства кваліфікавала на падставе ч. 1 арт. 14 і пп. 6, 10 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці, учынены з асаблівай жорсткасцю).

Пацярпелая Валянціна Губарэвіч пасля абвяшчэння прысуду заявіла журналістам, што яна і яе адвакат прасілі суд «аб міласэрнасці і спагадзе да дзіцяці». З новага навучальнага года настаўніца ўжо не працуе ў гімназіі № 74.

Праваабаронцы паставілі пад сумнеў вынікі следства. 9 чэрвеня яны перадалі ў прадстаўніцтва ААН і ЮНІСЕФ у Беларусі інфармацыю пра факты парушэнняў падчас расследавання і судовага разбору па справе гімназіста. Яны ўпэўненыя, што ў гэтай справе застаўся нявысветленым шэраг істотных акалічнасцяў. У прыватнасці, як сцвярджаюць праваабаронцы, не была знойдзеная прылада злачынства, не быў высветлены матыў нападу на настаўніцу, бо па рускай мове і літаратуры ў Скакуна былі ў асноўным сямёркі і васьмёркі.

13 чэрвеня Следчы камітэт заявіў, што інфармацыя, якую некаторыя СМІ распаўсюджваюць па справе Даната Скакуна, мае вельмі аддаленае дачыненне да самой крымінальнай справы і доказных матэрыялаў. «На нашу думку, у пададзенай грамадскасці інфармацыі няма самага галоўнага — праўдзівасці. Складваецца ўражанне, што хтосьці наўмысна дэзынфармуе грамадскасць, уводзячы яе ў зман«, — гаварылася ў паведамленні СК.

Разам з тым СК прызнаў, што «адсутнасць поўнай інфармацыі пра крымінальную справу запаўняецца рознага роду чуткамі, прыватнымі меркаваннямі, няслушнымі высновамі і здагадкамі». «Усёабдымная інфармацыя пра крымінальную справу Даната Скакуна будзе пададзеная пасля ўступлення прысуду ў законную сілу, г. з. пасля разгляду матэрыялаў справы ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь«, — паабяцалі ў СК.