Унук вядзьмаркі Уладзімір Арлоў запрашае на “Танцы”

16

Яшчэ нядаўна за аўтографам да пісьменніка стаялі велізарныя чэргі – людзі па чатыры гадзіны чакалі, калі Уладзімір Арлоў і мастак Павел Татарнікаў падпішуць кнігу “Айчына. Маляўнічая гісторыя”. У Беларусі такога кніжнага ажыятажу не было вельмі даўно.

“На гэты раз такога наплыву чытачоў не чакаю, бо гэта кніжка зусім іншага кшталту, – распавёў “Народнай Волі” Уладзімір Арлоў. – Але на першай прэзентацыі, нягледзячы на разгул стыхіі, было даволі шмат людзей, мы нават не змясціліся ў кнігарні “Логвінаў” і выйшлі пад парасонамі на вуліцу.

У кнізе тры мае аповесці. Героі той, што дала назву кнізе, – самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя паміж сабою, а ўначы ўтвараюць сваё таемнае брацтва. Кніжка ў нечым вельмі аўтабіяграфічная, бо я сам у дзяцінстве належаў да самнамбулаў, мяне нават паказвалі спецыялістам. Але гэта не павінна палохаць чытача…”

Распавядаючы пра аповесць “Дом з дамавікамі”, Уладзмір Арлоў гаворыць, што можа нават лекцыі чытаць пра розных незвычайных істот, якія жылі і, напэўна, жывуць на Беларусі, – лесавікоў, русалак, дамавікоў, эльфаў і іншых.

“Канешне, я ж унук сапраўднай вядзьмаркі! – нагадвае пісьменнік. – Мая бабуля Аўгіння неверагодныя рэчы ўмела рабіць! Я пра гэта напісаў у эсэ “Мой радавод да пятага калена”. А родная сястра маёй бабулі Грыпінка ў сталінскія часы адседзела сем гадоў за знахарства. І ўвогуле яна была сапраўдная ведзьма. Але да мяне добра ставілася. У яе была кніга па чорнай магіі 1812 года выдання. І я ў дзяцінстве чытаў гэтую кніжку. І нават штосьці практыкаваў. Напрыклад, нас з сястрой цікавіла, як даведацца, што будзе заўтра, што будзе ў гэты дзень праз год. На жаль, родныя ўнукі маёй бабулі, якія былі старэйшыя за мяне, прадалі гэтую кніжку за 10 рублёў. І так гэтая кніжка знікла, шукаць яе я не спрабаваў… Таму мая чорная магія засталася ў дзяцінстве…”

Кніга “Танцы над горадам” пакуль што выдадзена накладам 1000 асобнікаў і прадаецца толькі ў кнігарні “Логвінаў”. Каштуе 8 рублёў.

Паводле слоў Уладзіміра Арлова, пяць першых аматараў аўтографаў атрымаюць падарункі ад кнігарні “Логвінаў”.

Поделиться ссылкой: