Бабуліны ўспаміны

Яго дзед і бабуля жылі спачатку ў Беларусі. Але напрыканцы 1930-х гадоў з’ехалі ў Карэлію, дзе іх заспела Вялікая Айчынная вайна. Дзед выправіўся на фронт, а сям’я эвакуіравалася на Урал. Туды ж потым пераехаў і галава сям’і, які цудам выжыў пасля цяжкага ранення і, будучы дэмабілізаваным, працягнуў працу чыгуначнікам.

Павел Падкарытаў нарадзіўся ў 1968 годзе на тэрыторыі аднаго са шматлікіх закрытых абаронных гарадоў былога Савецкага Саюза ў сям’і радыёінжынераў. Яго бацькі пазнаёміліся яшчэ ў школе ў Свярдлоўску (у 1991 годзе перайменаваным у Екацярынбург), затым разам вучыліся ў інстытуце, а пасля і працавалі ў адной структуры. Калі Паўлу было тры гады, яго дзед-пенсіянер атрымаў кватэру ў Свярдлоўску, куды і пераехалі бацькі. Пакуль яны працавалі на абаронным прадпрыемстве, выхаваннем Паўла займалася бабуля.

У дзявоцтве Бераговіч, яна нарадзілася ў 1911 годзе пад Чашнікамі на Віцебшчыне. Шмат распавядала ўнуку пра сваё жыццё ў Беларусі, пра дзяцінства, якое выпала на часы Першай сусветнай вайны.

Бацька Паўла выдатна іграе на акардыёне, добра спявае, і бабуля любіла слухаць у яго выкананні песняроўскую “Белоруссию”. Заўсёды казала, што гэта песня пра яе, пра яе малую радзіму і яна шчыміць ёй сэрца. У бабулінай гаворцы час ад часу трапляліся беларускія словы ды засталося характэрнае вымаўленне. Павел Падкарытаў адзначае: “Падчас майго дзяцінства Беларусь існавала на ўзроўні чалавечых успамінаў”.

Ад вайскоўца да юрыста карпарацыі

У школе яго любімымі прадметамі былі гісторыя, геаграфія, літаратура і матэматыка. Па заканчэнні школы Павел паступіў у Свярдлоўскае вайсковае вучылішча, пасля заканчэння якога атрымаў званне лейтэнанта. Паспеў нават год паслужыць афіцэрам у Чэхіі. Але ў сувязі з “аксамітнай рэвалюцыяй” 1989 года быў у складзе савецкіх войскаў выведзены на Урал. У 1991 годзе пачаліся скарачэнні, пад якія трапіў і Павел. Праўда, працэс зацягнуўся на цэлы год. Але ён ужо вырашыў, чым будзе займацца далей. Скарыстаўшыся магчымасцю паступіць у ВНУ без экзаменаў, якую далі звольненым па скарачэнні вайскоўцам, Павел Падкарытаў падаўся ў Свярдлоўскі юрыдычны інстытут на судова-пракурорскі факультэт.

Ужо на чацвёртым годзе навучання яму прапанавалі працу. Ды не дзе-небудзь, а ў адным з буйнейшых уральскіх інвестыцыйных фондаў, створаных знаёмымі – былымі студэнтамі Свярдлоўскага інстытута народнай гаспадаркі. Маладыя хлопцы, разумеючы магчымасці новай эканамічнай сітуацыі, увасобленай у ваўчарах і акцыях, здолелі дамовіцца са старым кіраўніцтвам шэрагу энергетычных прадпрыемстваў, якія нічога ў гэтым не разумелі, і распачалі ўласную справу. Такім чынам ён апынуўся ў карпарацыі “Уралінвестэнерга”. Не ведаў ён, што праз некалькі гадоў у выніку “канкурэнтнай вайны” апынецца за кратамі разам з яшчэ адным менеджарам кампаніі: будзе асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Шлях да беларускай справы

У зняволенні Павел Падкарытаў, як чалавек дзейны, дарэмна часу не губляў. Шмат чытаў. А калі з’явілася магчымасць нелегальна карыстацца інтэрнэтам, то гэты шанц не ўпусціў. Тады ў расійскіх СМІ актыўна абмяркоўваліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. “Я не памятаю дакладна, пэўна, праглядаў нейкія навіны, і штосьці вывела мяне на беларускія сайты. Якім жа было маё здзіўленне, калі не змог адразу ўсё зразумець. Гэта быў адзін з першых крокаў да ўсведамлення, што беларусы і рускія – розныя народы. Узгадаліся і дзіцячыя ўспаміны, у якіх вобраз бабулі выразна асацыіраваўся з Беларуссю. У выніку я вырашыў папрактыкавацца, бо час у мяне быў”.

Праз адваката ён замовіў руска-беларускі слоўнік і літаратуру, у чым дапамог журналіст Сяргей Макарэвіч. Так да Паўла трапіла кніга “Дажыць да зялёнай травы” – аб ліставанні Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава. “Яна зрабіла на мяне велізарны ўплыў. А яшчэ я зразумеў, што слоўнік не дапаможа мне прачытаць вершы Барадуліна. Я іх не разумеў даслоўна, але сэнс адчуваў. Верш дае адчуванне ідэі. Сяброўскія адносіны Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава праходзяць праз шчырыя лісты, у якіх ёсць усё. Гэтая кніга ў мяне ўся ў пазнаках. І зараз стаіць на паліцы на адлегласці выцягнутай рукі. Менавіта яна навяла мяне на думку, што трэба не проста знаёміцца з беларускімі навінамі, а неабходна паспрабаваць нешта зрабіць, каб паспрыяць беларушчыне”.

Як нараджалася “Айчына”

Павел Падкарытаў пачаў мэтанакіравана звязвацца з людзьмі, жыццё якіх прысвечана беларускай справе, і выйшаў на пісьменніка Уладзіміра Арлова. На працягу года праз ліставанне яны разам абмяркоўвалі ідэю стварэння новага выдання для дзяцей на падставе кнігі “Адкуль наш род”. І пасля таго, як у верасні 2010 года Падкарытаў выйшаў на волю, ён ужо ў снежні першы раз пабываў у Беларусі, наведаўшы Мінск і Полацк.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў панавала “лібералізацыя”, якая зрабіла свой адбітак на Паўла: “З аднаго боку, тыя людзі, з якімі я пазнаёміўся, стваралі ўражанне вельмі цікавых, адкрытых асоб, нават незвычайных. З другога – Беларусь уразіла нейкімі характэрнымі савецкімі рысамі, якіх у Расіі на той час ужо не было”. Ён узгадвае выпадак: разам з Уладзімірам Арловым і Паўлам Татарнікавым зайшлі ў адзін з мінскіх рэстаранаў, і ўсё ў ім яму падалося неймаверна савецкім, нягледзячы на новы знешні выгляд. “Было вельмі смешна. Але гэта не было галоўным. Беларусь мне вельмі спадабалася. Хай гэта і псіхалагічная ілюзія, але паветра тут зусім іншае, чым у Расіі. Беларусь больш чалавечая краіна. Гэтае ўражанне не змянілася і цяпер”, – прызнаецца Павел Падкарытаў.

Падчас першага наведвання Мінска абмяркоўваўся праект, вынікам якога на сёння стала адна з найвядомейшых беларускіх кніг – “Айчына”. Рэалізацыя праекта заняла 7 гадоў: “Калі мы ўзяліся за яго, проста не ўяўлялі, за што дакладна бяромся. Для кнігі Павел Татарнікаў стварыў больш за 230 ілюстрацый. Цяпер ідзе праца над другой часткай. Але выглядае так, што мы не абмяжуемся ёю. Зараз гэтае пытанне абмяркоўваецца, таму што перыяд, які яшчэ трэба адлюстраваць, вельмі важны, насычаны падзеямі і сімвалічны для Беларусі. У выніку аб’ём другой часткі будзе вельмі вялікі. Таму, магчыма, давядзецца разбіць тэкст і выдаць два тамы – па XIX і XX стагоддзях”.

Уладальнік маёнтка Падароск

Напрыканцы 2012 года Паўлу Падкарытаву прыйшлося прыняць цяжкае рашэнне, звязанае са зменай месца жыхарства яго сям’і. Гэта было выклікана негатыўнымі працэсамі, якія адбываліся ў Расіі. Ён адгукнуўся на прапанову сябра па Свярдлоўскім ваенным вучылішчы і пераехаў разам з жонкай і сынам у Талін: “Эстонія – краіна, вельмі зручная для чалавека. З аднаго боку, гэта сапраўдная Еўропа і цалкам не такая краіна, як Расія. З другога боку, тут не існуе ніякіх праблем для рускамоўных людзей з камунікацыяй”.

Павел Падкарытаў працягвае займацца той справай, якой аддаў столькі часу ў Расіі. Нягледзячы на “вайну” з канкурэнтамі, бізнес удалося захаваць. Сёння ён займае пасаду ў Савеце дырэктараў міжнароднай кампаніі UNAKO і вырашае пытанні яе стратэгічнага кіравання. Філіялы кампаніі знаходзяцца ў Расіі, Украіне, Эстоніі, Польшчы, Нямеччыне.

Нягледзячы на вялікую загружанасць, ён знаходзіць магчымасць недзе раз у квартал наведаць Беларусь, дзе яшчэ ў 2012 годзе набыў маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне. Падставай да таго была ўзгадка ў “Нашай Ніве”, што аўкцыён не адбыўся. Па дарозе ў Гродна Павел Падкарытаў якраз праязджаў праз Падароск. Месца яму вельмі спадабалася, і ён вырашыў набыць маёнтак ва ўласнасць. У выніку за шляхецкую сядзібу з паркам у 3,5 гектара Ваўкавыскі райвыканкам атрымаў 120 тысяч долараў.

У маёнтку, у якім размесціцца Музей шляхты, ужо многае зроблена. Цяпер ажыццяўляецца кансервацыя руін стайні, у якой будзе кавярня з тэрасай і канцэртнай пляцоўкай, і кузні, дзе размесціцца сувенірны магазін. А ў флігелі, у якім жыў наглядчык маёнтка, будзе гатэль. Праводзяцца камунікацыі, адбываецца ўпарадкаванне тэрыторыі. Усё гэта робіцца рукамі каманды таленавітых людзей, якія працуюць у Падароску.

Менавіта тут 9 верасня прайшлі раённыя “Дажынкі”. Падчас мерапрыемства ўрачыста адкрылі помнік, зроблены з распілаванага на дзве часткі валуна, на адной з якіх, упрыгожанай узорам слуцкага пояса, надпіс “Падароск 1507” – у гонар першай летапіснай узгадкі пра мястэчка ў Метрыцы ВКЛ.

Акрамя Падароска Павел мае ў Беларусі яшчэ некалькі праектаў, якія ажыццяўляе праз дабрачынны фонд “Вяртанне”, у тым ліку падтрымлівае літаратурныя прэміі “Дэбют” для пісьменнікаў-пачаткоўцаў, прэмію імя Цёткі за лепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, прэмію імя Шэрмана для перакладчыкаў, музычны конкурс “Заспявай.BY” для маладых музыкантаў і яшчэ шмат культурніцкіх праектаў.

Сапраўдная Бацькаўшчына

На пытанне ж, кім ён лічыць сябе ў плане нацыянальнай ідэнтычнасці, Павел Падкарытаў адказаў: “Складанае пытанне, над якім я шмат думаю. Для сябе зразумеў, што ў ідэальным выпадку ў чалавека можа быць супадзенне паняццяў “радзіма” і “айчына”, калі ён духоўна звязаны з тым месцам, дзе геаграфічна нарадзіўся. Але я адрозніваю ад “радзімы” паняцці “айчына” (ці “бацькаўшчына”), пад апошнімі я разумею найперш менавіта той духоўны код, які ланцугом працягваецца ад продкаў і мяне з імі непарыўна звязвае. Культурны код, які жыве на маёй геаграфічнай радзіме, у Расіі, я не магу больш адчуваць як свой. Ён не арганічны для мяне, і я не хачу, каб ён вызначаў мой лёс і лёс маёй сям’і. А той код, які існуе ў Беларусі, зразумела, не афіцыйны, а грамадзянскі, – ён для мяне роднасны і ўтульны. Я хачу для яго існаваць і працаваць. Для мяне Беларусь – сапраўдная Бацькаўшчына, родная па духу краіна”.