– Свята прайшло проста феерычна, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Каля 200 гасцей прыйшлі мяне павіншаваць у рэстаран атэля “Хілтан”. Два дні святкаванняў я пратрымаўся, але адразу пасля выхадных адправіўся ў бальніцу пад кропельніцу. Грыпозны стан…

– Столькі людзей сабраць у рэстаране – напэўна, дорага каштуе.

– Адно можна сказаць: на сваю пенсію ўсіх не накарміў бы. Але ў мяне вельмі шмат сяброў, якія маюць грошы, і яны вырашылі на дабрачыннай аснове дапамагчы ў правядзенні юбілею. Прыехалі мой легендарны сябар Аляксандр Карэлін, дагестанскі барэц Бувайсар Сайціеў, які зараз з’яўляецца дэпутатам Дзяржаўнай думы… Увогуле, было вельмі шмат знакамітасцяў, нават некаторыя амбасадары прыйшлі павіншаваць.

– Незвычайныя падарункі былі?

– Шчыра кажучы, некаторыя да гэта часу не разбіраў, не знайшоў пакуль часу. Але вельмі спадабалася пазалочаная шабля, якую падарылі дагестанцы.

– Не так даўно вялікі рэзананс выклікала інтэрв’ю, дзе вы быццам заявілі, што атрымліваеце зусім малую пенсію – 130 рублёў…

– Відаць, журналіст няправільна мяне зразумеў. А пенсія ў мяне, як у звычайнага беларускага грамадзяніна, – 320 рублёў.