«Нафтан» набірае ачкі

21

У матчы 22 тура чэмпіянату Беларусі «Нафтан» выйграў у «Нёмана» з лікам 3:2. Наваполацкі клуб упершыню за сезон забіў тры мячы ў адным матчы. Некаторыя нават назвалі гульню сенсацыйнай для «Нафтана». Перамогу над футбалістамі з Гродна звязваюць са зменай фінансавай сітуацыяй у новапалачан. Як мы паведамлялі раней, у клуба былі сур’ёзныя запазычанасці перад гульцамі каманды. Цяпер матэрыяльнае становішча палепшылася: клуб пачаў вяртаць даўгі.

— Мы задаволеныя тым, як пачалі набіраць ачкі, — сказаў «Народнай Волі» галоўны трэнер «Нафтана» Алег Сідарэнкаў. — Атрымалі перамогу, два матчы згулялі ўнічыю. Плюс мы прыбаўляем у абароне, атацы. Ёсць шмат станоўчых момантаў, але пакуль гэта ўсё не дае нам права спакойна глядзець у будучыню. Калі мы хочам застацца ў вышэйшай лізе, то нам трэба яшчэ дадаваць.

Паводле слоў трэнера наваполацкай каманды, фінансавае паляпшэнне спрыяльна ўплывае на мікраклімат у калектыве: заробкі сталі меншыя, але людзі іх атрымліваюць.

Поделиться ссылкой: