Белдзяржфілармонія пачынае сезон унікальнай праграмай “Кросны Макошы”

40

Напачатку мінулага сезону, па ініцыятыве мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора аркестра Яўгена Бушкова, Беларуская дзяржаўная філармонія паспрабавала новую форму творчага ўзаемадзеяння паміж канцэртным калектывам і сучасным кампазітарам – composer-in-residence: калі запрошаны аўтар доўгатэрмінова супрацоўнічае з аркестрам, ствараючы музыку для адмысловых выканаўцаў і падзей. Такім аўтарам напрыканцы 2016 года стаў малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў, у выніку чаго з’явіліся дзве буйныя партытуры: рэканструяваная кампазітарам Сімфонія Сі-бемоль мажор з “Забельскай калекцыі” невядомага беларускага аўтара XVIII-XIX ст., а таксама містэрыя для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна “Кросны Макошы”. Гэтыя прэм’ерныя творы, разам з сусветна вядомай Серэнадай для струнных До-мажор ор.48 П.Чайкоўскага, склалі канцэртную праграму Дзяржаўнага камернага аркестра, якая прагучыць 20 верасня ў Белдзяржфілармоніі.

«Забельская сімфонія» – унікальны архіўны рукапіс, які музычныя даследчыкі Святлана Немагай і Аляксей Фралоў знайшлі ў Віленскіх архівах і прывезлі ў Беларусь. Гэта музычны твор з «Забельскай калекцыі» – нотнага збору беларускай музычнай культуры эпохі Класіцызму і ранняга Рамантызму. Паводле даследаванняў А.Фралова, сімфонія была створана і выконвалася на Полаччыне, у манастыры і калегіюме дамініканцаў у Забелах (сёння в. Валынцы Верхнядзьвінскага р-на), дзе у канцы XVIII – пачатку XIX ст. існаваў сімфанічны аркестр раннекласічнага тыпу. Па словах Канстанціна Яськова, партытура рукапісу складалася толькі з галасоў, і задача кампазітара была не толькі рэканструяваць, але і адаптаваць твор для выканання сучасным камерным аркестрам.

Канцэпцыя назвы містэрыі “Кросны Макошы” была прыдумана кампазітарам разам з салісткай, вядомай фалькларысткай Эвелінай Шчадрыной.

Апошнія некалькі год я актыўна цікаўлюся фальклорным набыткам і стаўлюся да гэтай справы вельмі сур’ёзна. Хацелася, каб два такія розныя сусветы – народнай творчасці і камернай музыкі – не сутыкаліся, а былі ў нейкім адзінстве”, – кажа Канстанцін Яськоў. Галоўны вобраз, які раскрываецца ў творы – Кола Жыцця, гадавое кола прыроды і лёс жанчыны ў гэтым колазвароце. Таму з’явілася Макоша – як вярхоўная багіня ў беларускім фальклоры, апякунка жанчын і ткацтва, якая тчэ кросны лёсу.

“Кросны Макошы”, 20 верасня, серада. Набывайце квіткі ў касе Белдзяржфілармоніі або праз smsbilet.by.

Поделиться ссылкой: