Аляксандр ГАЗАЎ нарадзіўся 17 чэрвеня 1946 г. у в.Брыкава Маскоўскай вобласці. Савецкі і беларускі стралок з вінтоўкі. Алімпійскі чэмпіён Гульняў-1976, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен свету, Еўропы і СССР.

Вёска Калодчына Вілейскага раёна невялікая – каля 60 дамоў. Але добраўпарадкаваная. Заасфальтаваная дарога, на ёй – “ляжачыя паліцэйскія”.

Васільіч дапамог”, – распавядаюць мне мясцовыя жыхары і паказваюць дом алімпійскага чэмпіёна, які больш за 20 гадоў таму з’ехаў ад гарадской мітусні. Гаспадар сустракае і за кубкам гарбаты пачынае з успамінаў пра маладыя гады…

– Калі жыў у Маскве, побач з нашым домам быў цір ДТСААФ. Усе пасляваенныя дзеці хацелі навучыцца страляць, а таму той самы цір мы рэдка абміналі. Да таго ж бацька быў ваенны, захапляўся паляваннем, і знаёмства з вінтоўкай для мяне не было чымсьці экстраардынарным. Сярод паляўнічых гаспадарак праводзілі спаборніцтвы па стэндавай стральбе, я браў у іх удзел ужо ў 13-гадовым узросце. Пазней запісаўся ў спартыўную секцыю па стэндавай стральбе, так усё і пачыналася.

– Патрапіць у зборную Савецкага Саюза, відаць, было зусім не проста…

– Канкурэнцыя – неверагодная! Уявіце, колькі ў Саюзе было рэспублік, і паўсюль развіты стралковы спорт. Працаздольнасць у мяне была на ўзроўні, але знаходзіліся і тыя, хто ў зборную марыў патрапіць праз закулісныя гульні. Напярэдадні Алімпіяды-1976 у Манрэалі я пяць адборачных спаборніцтваў выйграў, разам з Сашам Кедзяравым мы і “прайшлі” на Гульні. Але ў каманду яшчэ ўзялі і запаснога стралка – Валерыя Пастаянава. Апошні сябраваў з галоўным трэнерам зборнай Юрыем Ратнікавым, і вось тут пачалося самае цікавае. У Маскве заяўка на Алімпіяду была аформлена на Газава і Кедзярава, але Ратнікаў аформіў іншую, з якой мяне выключыў. Мабыць, таму, што я яго не запісаў сваім трэнерам. А заяўку абавязкова павінен быў падпісаць прадстаўнік беларускай стралковай каманды Віктар Лівінцаў. Віктар Ільіч добра ведаў, колькі я зрабіў для Беларусі, а таму пайшоў на хітрыкі: у той момант, калі неабходна было падпісваць паперу, проста недзе схаваўся. Яго, натуральна, не знайшлі, сілу набыла старая

заяўка, і мы з Кедзяравым патрапілі на Алімпіяду. Вось такая была канкурэнцыя.

– Але на той момант вы былі мацнейшым?

– Безумоўна, я ж даказваў гэта сваімі вынікамі. Трэніраваўся ў дзень па 10 гадзін.

– А ці праўда, што з вамі займаўся спецыяліст па нетрадыцыйнай медыцыне?

– У зборнай Саюза быў доктар Віталь Георгіевіч Нікіфараў. Ён закончыў Кітайскі медыцынскі інстытут, 19 гадоў працаваў у Паднябеснай, дзе авалодаў рознымі методыкамі нетрадыцыйнай медыцыны. Безумоўна, праводзіў з намі заняткі, навучыў “адключацца”. А для стралка ж псіхалагічная ўстойлівасць вельмі важная. У выніку я, напрыклад, мог адстраляць серыю і, каб не хвалявацца да наступнай стральбы, сядаў у крэсла і ўжо праз 2 хвіліны засынаў. Прачнуся праз 15 хвілін – свежы, як агурок.

– Патронаў, мяркуючы па тым, што вы рабілі перад трэніроўкай з дзьмухаўцамі, не шкадавалі…

– Гэтага дабра хапала. Але для маёй вінтоўкі “Вальтэр” патроны на Клімаўскім заводзе рабілі персанальна. Вінтоўка, да слова, была вельмі дарагая, падарыў мне яе сам Карл Вальтэр – заснавальнік вядомай нямецкай кампаніі, якая вырабляла зброю. Неяк падчас міжнародных спаборніцтваў акурат на п’едэстале і ўзнагародзіў ёй. Памятаю, праз пасольства хутка аформілі ўсе дакументы, і вінтоўку прывезлі дадому. Я каля чатырох гадоў з ёй “працаваў”, Алімпіяду выйграў.

Дарэчы, калі я прачытаў даследаванні нямецкіх спецыялістаў аб хуткасці праходжання кулі ў ствале, разам з нашым вядомым канструктарам зброі Уладзімірам Разаронавым вырашылі скараціць ствол на “Вальтэры”. Абрэзалі кавалак – стральба лепш пайшла. Спецыялісты зрабілі фальш-ствол, так што на спаборніцтвах ніхто нават і не заўважаў майго вынаходніцтва. Стралок са зборнай ГДР Петэр Хофман (зяць Карла Вальтэра), з якім мы былі ў сяброўскіх адносінах, неяк падышоў і кажа: “Не хачаш вінтоўку замяніць?” – “З задавальненнем!” Прывозіць мне новую, старую я аддаў Хофману. І калі ў кампаніі “Вальтэр” даведаліся пра маё ноу-хау, то ўжо праз тры месяцы яны сталі ўсе віды сваіх вінтовак выпускаць з такімі стваламі.

– У 46 гадоў ваша жыццё рэзка змянілася…

– Так склалася сітуацыя. У 1992 годзе я звольніўся з працы, развёўся з жонкай. А яшчэ ў 1988 годзе набыў у вёсцы Калодчына Вілейскага раёна ўчастак зямлі з разваленай хаткай. Пабудаваў нармальны дом, таму пасля разводу ўжо было куды падацца. Кватэру пакінуў былой жонцы і дзецям, забраў толькі зброю, узнагароды, трафейны нямецкі акардэон “Вальтмайстар” і – на вёску. Паўтара года пражыў тут адзін, а пасля да суседкі прыехала дачка. Убачыліся мы з ёй, і з таго часу яна больш нікуды не з’язджала. Нашай дачцэ хутка ўжо 24 гады будзе.

– Не складана было прызвычайвацца пасля горада да вясковага жыцця?

– А мы тут ужо, як кажуць, добра абжыліся. У мяне сваё возера з карпамі, сад, агарод. Агульная тэрыторыя – каля 60 сотак. Жонка каля 100 курэй трымае. Я разьбой па дрэве займаўся, на карабіны і стрэльбы рабіў вельмі добрыя прыклады, хаця зараз забаранілі гэтым займацца. А так паляўнічыя нярэдка звярталіся, бо зрабіць нармальны прыклад – гэта таксама мастацтва. Дарэчы, дрэва амерыканскага арэху спецыяльна з Масквы прывозіў, у Беларусі такога не знаходзіў.

…Дом Аляксандра Газава – гэта таксама ў пэўнай ступені ўзор мастацтва, хаця, паводле яго слоў, у хуткім часе ён збіраецца пабудаваць яшчэ адзін паверх. Праектаваў дом сам, будавалі яго сваімі сіламі. На сценах – паляўнічыя трафеі, розныя скульптуры і карціны, якія выразаны з дрэва.

– “На звера” хаджу рэгулярна, таму мяса ў доме хапае, – працягвае Аляксандр Васільевіч. – Праўда, на загоннае паляванне не езджу пасля аднаго выпадку, які здарыўся са мной. Аднойчы адправіўся паляваць з адным вельмі высокім чыноўнікам. Ён страляў па алені, а ледзь не пацэліў у мяне. Прабіў куртку, крыху апёк жывот. Замазаў я тады рану ёдам, перахрысціўся і запомніў тую дату – 10 кастрычніка 1986 года. І з таго дня даў сабе слова: “Больш на загон – ніколі ў жыцці!” І больш у такія гульні не гуляю.

Увогуле, у Германіі, каб стаць паляўнічым, трэба правучыцца шэсць месяцаў і здаць экзамен. Хоць адзін бал недабраў – ізноў плаціш і вучышся. Да таго ж там катэгарычна забараняецца ўжываць алкаголь, пакуль стрэльба не пакладзена ў сейф. А ў нас нярэдка бывае, што адразу пасля загону ўжо на капоце машыны “стол” накрываюць. У Германіі апошні няшчасны выпадак на паляванні быў, здаецца, у 2011 годзе, а ў нас штогод людзі гінуць.

– Як кажуць, вока ў алімпійскага чэмпіёна яшчэ не замылілася?

– І порах ёсць, і вока не замылілася. Мне 71 год, але нават акулярамі не карыстаюся. Не п’ю, не палю цыгарэты, вяду здаровы лад жыцця. За апошні сезон адстраляў 43 лісы, хаця з іх 12 былі лішайныя.

– Аляксандр Васільевіч, кажуць, што вы паспрыялі таму, каб Дар’я Домрачава на Алімпіядзе ў Сочы заваявала тры залатыя медалі.

– Перад апошнімі зімовымі Гульнямі патэлефанаваў мой вучань Саша Іваноў. У яго ціры і трэніравала стральбу Даша. Вось ён і звярнуўся да мяне з просьбай пратэсціраваць зброю Домрачавай. А ў яе вінтоўцы і на самай справе “пасадка” аказалася няправільная, таму не было пры стральбе кучнасці. Натуральна, давёў зброю да розуму і рады, што зрабіў свой невялікі ўнёсак у перамогу Дар’і. Яна мне, да слова, падарыла свой вялікі плакат з аўтографам.

– Ведаю, што ў вёсцы вы паважаны чалавек – стараста.

– Старшыня мясцовага сельскага савета неяк папрасіла мяне, каб заняў гэтую ганаровую пасаду. Пагадзіўся, мне ж не складана. Шкада толькі, што адмысловай павязкі на руку не далі. (Смяецца.) Сачу, за тым, каб ва ўсіх двары былі добраўпарадкаваныя, але ў нас усе сумленныя людзі, так што ніякіх праблем няма.

Па ўсёй вёсцы асфальт паклалі, утойваць не буду, што гэта таксама мая заслуга. Звярнуўся ў раённую ДАІ, каб знакі абмежавання хуткасці ў Калодчыне зрабілі і “ляжачых паліцэйскіх” паклалі, але тады ніякім чынам на мой зварот яны не адрэагавалі. Прыйшлося ў Мінску з некаторымі знаёмымі пагутарыць, і на наступны дзень ужо ў 8 гадзін раніцы даішнікі званілі мне ў дзверы і пыталіся: “Дзе класці “паліцэйскіх”?” І знакі абмежавальныя таксама паставілі. Так што і я гэтую вёсачку люблю і паважаю, і мяне паважаюць. Мне тут з маёй сям’ёй утульна і спакойна…