Усё менш часу застаецца да 1 кастрычніка, калі ў адпаведнасці з прынятым парламентам Каталоніі рашэннем мусіць адбыцца рэферэндум аб яе аддзяленні ад Іспаніі. У выпадку перамогі на ім прыхільнікаў незалежнасці набудзе сілу адпаведны закон.

Насельніцтва Каталоніі – 7,5 млн жыхароў, 16% ад агульнага іспанскага. За час, што прайшоў з моманту дэмантажу франкізму, яна паслядоўна развівала нацыяналістычныя настроі і на сённяшні дзень мае статус аўтаномнай супольнасці, уласную мову і прызнанне каталонцаў асобнай нацыяй. Мясцовая паліцыя практычна не падпарадкоўваецца цэнтральным органам правапарадку.

Эксперты лічаць, што ў Барселоны хапае гістарычных, культурных, лінгвістычных, юрыдычных, і іншых падстаў для аддзялення. Але пераважаюць усё ж эканамічныя меркаванні, бо эканамічная доля рэгіёну складае амаль 20% ВУП краіны і 25% экспарту. Да таго ж яна аддае Іспаніі больш, чым атрымлівае – 62 мільярды эўра супраць 47.

І хоць даходы жыхароў Каталоніі і так на 20% вышэй, чым у астатняй Іспаніі, а беспрацоўе ніжэй, мясцовыя лідэры ўпэўнены, што незалежнасць дазволіць палепшыць яе эканамічнае становішча яшчэ больш.

Са свайго боку, Іспанія не можа дапусціць аддзяленні Каталоніі, прычым не толькі таму, што згубіць самы развіты рэгіён. Гэты прэцэдэнт можа быць скарыстаны іншымі абласцямі краіны, дзе таксама існуюць сепаратысцкія настроі, – Краінай Баскаў, Валенсіяй, Галісіяй, Андалусіяй. Пры такім развіцці падзей будучыня іспанскай дзяржаўнасці ўвогуле можа быць пастаўлена пад пытанне.

Таму Мадрыд прымае меры. Пакуль ён дзейнічае праз Канстытуцыйны суд, які адмяніў згаданы каталонскі закон. У выпадку непадпарадкавання ініцыятары рэферэндуму могуць атрымаць турэмны тэрмін. Акрамя таго, урад можа спыніць мясцовае самакіраванне і ўвесці прамое кіраванне з цэнтра, што прывядзе да пазбаўлення аўтаноміі паўнамоцтваў, найперш у вобласці фінансаў і правапарадку. У самым жорсткім варыянце цэнтральныя ўлады могуць увесці надзвычайнае становішча і выкарыстаць для аднаўлення канстытуцыйнага парадку сілу.

У каталонскіх уладаў непазбежны і іншыя праблемы. Так, у агляднай будучыні ім не выпадае спадзявацца на міжнародную легалізацыю, таму што з пункту гледжання Еўрасаюзу гэта ўнутраная праблема Іспаніі. Каталонія як самастойная адзінка для Брусэля не існуе, там упэўненыя, што яе выхад са складу Іспаніі аўтаматычна выключыць тэрыторыю з ЕС.

Пры гэтым дамагчыся новага членства Каталоніі ў ЕС будзе надзвычай цяжка, таму што поруч з самой Іспаніяй вета на гэта накладуць Італія, Францыя, Бельгія, якія маюць свае адміністрацыйныя адзінкі, схільныя да сепаратызму.

Нарэшце, паводле сацыялагічных апытанняў, на дадзены момант за незалежнасць выступае меншасць жыхароў Каталоніі – 41%, тады як супраць – 49%.

І ўсё ж, незалежна ад таго, ці атрымаецца правесці рэферэндум і якімі будуць яго вынікі, складаецца ўражанне, што курс Каталоніі на абвяшчэнне незалежнасці ёсць незваротным, і ў гістарычна кароткія тэрміны яна можа быць абвешчана.

Больш за тое, як падаецца, трэба пагадзіцца з тымі, хто сцвярджае, што ўсе народы з трывалай ідэнтычнасцю і незалежнай гісторыяй існавання, якія ў той ці іншай ступені імкнуцца да гэтай незалежнасці, могуць яе атрымаць.

Прычым найперш гэта тычыцца аб’яднанай Еўропы, дзе такі падзел не прывядзе да сур’ёзных эканамічных праблем, таму што ўсе гаспадарчыя сувязі, у тым ліку міждзяржаўныя, у адрозненне ад Савецкага Саюзу, грунтуюцца на рынкавых прынцыпах. Што ж да этнічнай адметнасці, дык ЕС якраз заўсёды яе падтрымліваў.

Канешне, зусім не выключана, што каталонцы памыляюцца, і раней ці пазней пашкадуюць пра свой выбар. Аднак такое імкненне да сапраўднай незалежнасці мусіць выклікаць павагу. Асабліва ў беларусаў, хоць у іх незалежнасць нібыта ўжо ёсць…