На пасаду старшыні Партыі БНФ прэтэндуюць пяць кандыдатаў, у тым ліку два намеснікі дзейнага кіраўніка

35

Кастусёў і Лялькоў вылучаныя на пасаду старшыні партыйнымі арганізацыямі. Пра жаданне ўзяць удзел у выбарах у якасці кандыдата заявілі таксама старшыня Наваполацкай раённай арганізацыі Вольга Дамаскіна, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі Ілья Дабратвор і прадпрымальнік Алесь Талстыка.

Дзейны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на новы тэрмін вылучацца не можа, бо згодна са статутам арганізацыі адзін чалавек не можа ўзначальваць партыю больш як два тэрміны.

Палітык раней заявіў БелаПАН, што на з’ездзе не плануецца змяняць статут партыі, каб даць яму магчымасць абірацца на новы тэрмін. “Статут змяняць не плануецца. Тыя абмежаванні, якія былі ўнесеныя раней, лічу, правільныя“, — сказаў Янукевіч.

Выбары кіраўніцтва Партыі БНФ заўсёды адрозніваліся дэмакратычнасцю, што прыводзіла не раз да кардынальнай змены кіраўніцтва партыі. Не стане выключэннем і будучы з’езд. На сёння сваё жаданне пазмагацца за партфель старшыні выказалі пяць чалавек. У кожнага свой багаты спіс дасягненняў, таму дэлегатам давядзецца зрабіць нялёгкі выбар“, — заявіў БелаПАН член сойма Партыі БНФ Вадзім Канапацкі.

Ён паведаміў, што адной з асаблівасцяў з’езду стануць змены ў рэгламенце, у адпаведнасці з якімі выбары старшыні і яго намеснікаў пройдуць адначасова. “Гэта значыць, выбіраючы адну з кандыдатур, аўтаматычна разам з ім дэлегаты будуць выбіраць і прапанаваных кандыдатам намеснікаў. Гэта прымусіць прэтэндэнтаў на лідарства ў партыі паказаць сваю сур’ёзнасць і здольнасць з’яднаць вакол сябе талковую каманду“, — сказаў Канапацкі.

Поделиться ссылкой: