Апошнім часам шмат дзе і ў самых розных абставінах даводзіцца чытаць і чуць пра тое, што беларусы і сякія і такія, і палахлівыя і нягеглыя… Адным словам, усё ў нас нібыта застаецца прыкладна такім, як яно было ў 1906 годзе, калі Янка Купала напісаў свае вядомыя радкі:

…Славу паэтаў разносяць па свеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеціць?
Ат! ведама, зь вёскі — Янка Купала!

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа і ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Доляй убогі, ён ціхі, нясмелы,
Бяда, яго маці, узгадавала,
Слёзы пагарды п’е толькі век цэлы,
От, ведама, просты Янка Купала…

Не-не, а і пачуеш галасы, што беларусы, маўляў, “марна пражылі апошнія сто гадоў”; нехта нават цалкам сур’ёзна піша, што ўсе беларускія няшчасці ўзніклі праз тое, што яны называюць сябе беларусамі – а вось калі б узялі адным махам дый перайменаваліся, прыкладам, у “ліцвіноў”, тут жа зажылі б шчасна і заможна…

Але ці ж праўда тое, што беларусы па-ранейшаму “нікога не маюць”, што наш народ усё яшчэ “доляй убогі”, і “ціхі, нясмелы”?

Падзеі мінулага тыдня паказваюць, што яно зусім не так. Праўда тое, што супольныя вучэнні беларускай арміі з арміяй усходняга суседа – яскравы прыклад таго, як прыўладныя беларусы выціраюць ногі аб Канстытуцыю сваёй дзяржавы, дзе чорным па-беламу стаіць: “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.” Але праўда і тое, што далёка не ўсе нашы суграмадзяне мірацца з гэтым. Вось, духоўны нашчадак генія Купалы, наш выдатны сучасны паэт Уладзімір Някляеў атрымаў чарговыя суткі ў сумнавядомай каталажцы на вуліцы Акрэсціна. Атрымаў іх за тое, што ўсё-такі неяк верыць у Канстытуцыю, згодна з якой “усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”, “кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне” і “свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай”. Абсалютна мірнае шэсце на знак пратэсту супраць парушэнняў той жа Канстытуцыі, што адбылося 8 верасня ў цэнтры беларускай сталіцы, зноў стала падставай не… не рэпрэсій, а хутчэй, дробнай помсты тых, хто некалі, вобразна кажучы, сядзеў з Уладзімірам Някляевым у адной лодцы…

Але сёння ёсць вялікая колькасць нашых суайчыннікаў, якія, бачачы, што дзяржава з назвай “беларуская” бавіцца то паказальнымі пасадкамі іншадумцаў у турму, то гульнямі ў хакей або ў вайнушку, робяць сваю часта непрыкметную справу: глыбока вывучаюць тую Беларусь, якая была, якая цяпер ёсць, і спрабуюць разгледзець яе перспектывы ў будучыні.

Ужо сёмы год запар невялікая група энтузіястаў, незалежных экспертаў-навукоўцаў, аб’яднаных вакол зарэгістраванага ў суседняй Літве інстытута “Палітычная сфера”, ладзіць мерапрыемства, маштабнасці якога павінна была б пазайздросціць беларуская ўлада (праўда, нешта мне падказвае, што гэтая ўлада калі і пазайздросціць, дык не па-добраму…). Гаворка ідзе пра чарговы Кангрэс даследчыкаў Беларусі, на які свае заяўкі гэтым разам падала рэкордная колькасць удзельнікаў – каля 600! Мінулыя шэсць разоў Кангрэс адбываўся ў літоўскім горадзе Каўнасе, у 2017 годзе яго ўдзельнікаў гасцінна прыняла Варшава. Натуральна, невялікія аб’ёмы падтрымкі, якую арганізатарам Кангрэса аказалі некалькіх міжнародных фондаў, а таксама прадстаўнікі беларускай эміграцыі з Вялікабрытаніі і Паўночнай Амерыкі, прымусілі быць сціплымі: не ішло гаворкі ані пра нейкія банкеты, фуршэты ці нават бясплатную каву для ўдзельнікаў; большасць замежных удзельнікаў прыехала ў Варшаву за свой кошт. Але гэта не паўплывала на ўзровень дыскусіі, які, як мне падаецца, адпавядаў самым высокім патрабаванням.

Уступнае пленарнае пасяджэнне адкрылася дэбатамі пра тое, што адбылося ў царскай Расіі сто гадоў таму і якім у выніку аказаўся ўплыў абедзвюх расійскіх рэвалюцый на лёсы Беларусі і беларусаў. На гэтую тэму абменьваліся думкамі і спрачаліся беларускія даследчыкі, сацыёлаг і гісторык Аляксей Ластоўскі (адзін з галоўных “рухавікоў” Кангрэса), метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч, а таксама два вядомыя нямецкія гісторыкі: супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытута ў Варшаве Фелікс Акерман і прафесар універсітэта ў Гісэне Томас Бон.

Праца Кангрэса мела свой яшчэ больш плённы працяг у секцыях, якіх гэтым разам было ажно сямнаццаць! Удзельнікі вялі дыскусіі пра міжнародныя адносіны, праблемы рэгіянальнай бяспекі, дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання; адбываліся зацікаўленыя размовы пра эканамічную і сацыяльную палітыку Беларусі, гендарныя даследаванні, праблемы гвалту ў сям’і і грамадстве, пытанні адукацыі, навукі, даўнейшай і сучаснай гісторыі, літаратуразнаўства, лінгвістыкі, новага перакладу Бібліі на беларускую мову, этналогіі і вывучэння традыцыйнай і сучаснай беларускай культуры…

У перадапошні дзень працы форуму ў варшаўскім гістарычным Палацы Сташыца адбылося ўрачыстае ўручэнне прэмій Кангрэса. Гэтыя прэміі атрымалі ў традыцыйных намінацыях: Алена Маркава (манаграфія па гісторыі “Шлях да беларускай нацыі”), Наталля Гардзіенка і Алесь Пагарэлы (гістарычныя артыкулы “Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі” і “Вобраз горада ў дыскурсе беларускага хрысціянска-дэмакратычнага перыядычнага друку ў міжваенны час”), Андрэй Масквін (манаграфія па гісторыі тэатра “Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць”), Ганна Міхальчук (артыкул “Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з «Хронікай Быхаўца»”), Алена Гапава (манаграфія “Класы нацый: фемінісцкая крытыка нацыябудаўніцтва”).

Упершыню прэміямі на Кангрэсе былі адзначаны студэнцкія працы. Аўтарытэтнае журы ўганаравала Антона Лявіцкага (“Праблема беларускай дзяржаўнасці ў савецкай гістарыяграфіі (1953—1985)”), Аліны Громавай (“Выкарыстанне спадчыны нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў у развіцці цёмнага турызму (на прыкладзе Германіі і Беларусі)”), Ксеніі Шталенковай (“Распрацоўка буктрэйлераў да рамана-трылогіі «Адваротны бок люстра»”). Спецыяльную ганаровую прэмію за найлепшую нямецкамоўную працу на беларускую тэматыку атрымаў Герман Бідэр, прафесар з аўстрыйскага Зальцбурга, вядомы даследчык беларускай мовы, за публікацыю і грунтоўныя навуковыя каментары да беларускай граматыкі Антона Луцкевіча, створанай падчас Першай сусветнай вайны.

Каб не развалілі падмуркаў…
Штогадовыя прэміі Кангрэса атрымліваюць Наталля Гардзіенка і Алесь Пагарэлы.

Як на мой погляд, Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Варшаве чарговы раз выразна паказаў усім нядобразычліўцам, што наша нацыя намацвае падмуркі свайго існавання, якія цяпер цяжка разваліць або сцерці з памяці пакаленняў.