Учора “Зубры” правялі на “Мінск-Арэне” проста фантастычны матч першынства КХЛ! Прайграючы пасля двух перыядаў магнітагорскаму “Металургу” — 0:3, дынамаўцы “размазалі” саперніка па лёдзе ў трэцім. У выніку перамога “Дынама” з лікам 5:3…

На старце сезона “Зубры” стартавалі вельмі няўдала — прайгралі некалькі матчаў запар. На ваш погляд, чаму балельшчыкі ўбачылі такую непадрыхтаваную каманду?

— Я не ведаю, па якіх прычынах “Дынама” аказалася не гатова да пачатку сезона. Магчыма, гэта звязана з тым, што легіянеры сабраліся позна. Праўда, зараз бачна, што склад ужо збалансаваўся, і хакеісты знаходзяць паразуменне на пляцоўцы. Наступіла стабільнасць, якая дазваляе паказваць добрую гульню. А да гэтага ж і шведскі галкіпер “Дынама” Юнас Энрат ніяк не мог набраць адпаведную форму…

Праходзіў акліматызацыю?

— Кожнаму хакеісту неабходны час на адаптацыю і падрыхтоўку да сезона. І калі каманду сабралі толькі ў жніўні, то якраз часу і не хапіла.

— Ці можа “Дынама” разлічваць у гэтым сезоне на тое, каб патрапіць у плэй-оф?

— А чаму б і не? У апошніх гульнях каманда выглядае нядрэнна, таму ўсё рэальна. Іншая справа, ці хопіць сілаў. І тут ужо многае залежыць ад трэнерскага штаба, ад таго, як трэнеры будуць весці кантроль за фізічным станам ігракоў, за іх аднаўленнем. Калі ўсё размяркуюць правільна, то вынік будзе. Бо прайсці на адным дыханні ўвесь сезон нікому не ўдаецца. Паўтаруся, трэба правільна размеркаваць сілы.

— Як выглядаюць беларускія хакеісты ў “Дынама”?

— Мы ж бачылі, што ў апошняй гульні два галы забіў Паўловіч, два Кітараў… Таму, на мой погляд, у параўнанні з мінулым сезонам многія нашы ігракі прагрэсіравалі. Мяркую, што ў будучыню можна глядзець з аптымізмам.