Паказы прац беларускіх дызайнераў, выкананыя з прыродных матэрыялаў (вярба, сена, салома і іншых), дэгустацыя экаежы і традыцыйных напояў, удзел у майстар-класах і кірмаш рамеснікаў, прэзентацыі кніг і досведу дзейнасці аграсядзібаў, выступленне Зміцера Вайцюшкевіча – усё гэта можна будзе пабачыць на свяце “OrganicParty – Зялёная гулянка”. Яно пройдзе 16 верасня ў аграсядзібе “Верас” у вёсцы Елка Зельвенскага раёна.Тут можна будзе дэгуставаць не толькі беларускія стравы, але і пакаштаваць прыгатаваныя шэф-поварам Вячаславам Горбатавым беларускіх слімакоў з віном.

Мэта свята – зварот яго удзельнікаў да ашчаднага стаўлення да прыроды і павага беларускіх традыцый, адмова ад безупыннага спажывання. Арганізатары імкнуцца паказаць важнасць сацыяльнай адказнасці ў вытворцаў аграэкатурыстычных паслуг, пашырыць дасведчанасць грамадства пра новыя экалагічныя прадукты і паслугі ў сферы аграэкатурызму. Гэта не не толькі магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі і побытам, рамёствамі, фальклорам, “зялёнай” ежай, але і проста прыемна адпачыць. Тым больш будзе працаваць дзіцячая пляцоўка.

Госцем “Зялёнай гулянкі” будзе Алесь Белы, гаспадар аграсядзібы “Брама ў Налібокі”, які прэзентуе сваю новую кнігу “Сакатала бочачка”. Яшчэ адну кнігу па кулінарыі “Народная кухня Лепельшчыны” прэзентуе доктар гістарычных навук Тадэвуш Навагродскі. Паштоўкі з аўтэнтычнымі рэцэптамі як вынік кулінарных экспедыцый па Зельвенскім рэгіёне прадставяць вучні Князеўскай сярэдняй школы.

На мерапрыемстве будзе прэзентаваны паспяховы досвед такіх аграсядзіб, як “Альхова” з Ваўкавыскага раёну (гаспадар Яўген Красноўскі) і “Валерыя” з Камянецкага раёну (гаспадыня Яўгенія Бунас). Французскі досвед арганічнай сельскай гаспадаркі, звязанай з вырошчваннем слімакоў, а таксама магчымасці прасоўвання і экспарта фермерскага прадукта і турыстычнага патэнцыяла рэгіёна прадставіць Яўгенія Бунас, кіраўніца арганізацыі “Франс Груп”.

На мерапрыемстве са сваімі музычнымі творамі выступяць Зміцер Вайцюшкевіч і калектыў сядзібы «Ганка».

Арганізатарамі свята выступаюць Зэльвенскі райвыканкам, Беларускі саюз дызайнераў, “Школа маладога фермера”, Беларускае грамадскае адб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” у партнёрстве з сядзібай “Верас”.

Сядзіба “Верас” – адна з найвядомейшых аграсядзібаў Беларусі, якая таксама з’яўляецца фермерскай гаспадаркай. Яе ўладальнікі Ірына і Міхаіл Макей былі пачынальнікамі агратурызму ў Рэспубліцы.