Што дасць Беларусі сяброўства ў СГА і наколькі адпавядае стан айчыннай эканомікі ўмовам для ўступлення ў гэтую арганізацыю, пацікавіліся мы ў вядомага эканаміста Леаніда Злотнікава.

– Я думаю, што пры моцным жаданні Беларусь можа ўступіць у шэрагі Сусветнай гандлёвай арганізацыі нават у гэтым годзе, – гаворыць эксперт. – З іншага боку, на маю думку, шчырага жадання ўступаць туды ў нашай краіны няма. Гэтыя перамовы – хутчэй спроба заставацца цывілізаванай краінай у вачах замежных партнёраў.

– Можна лічыць, Беларусь займаецца імітацыяй, а насамрэч нікуды ўступаць не збіраецца?

– Галоўнай умовай для ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю з’яўляецца наяўнасць рынкавай эканомікі. Расію, напрыклад, не прымалі ў СГА цягам чатырох гадоў, пакуль расіяне ўсімі праўдамі і няпраўдамі не пашырылі кола краін, якія прызналі яе эканоміку рынкавай. Яшчэ адзін прыклад – Кітай. Краіна не магла пахваліцца рынкавай эканомікай, але яе ў СГА ўзялі, праўда, з той умовай, што кітайцы выправяць сітуацыю. Але Кітай – эканамічны гігант, ад яго залежаць эканомікі іншых краін.

Беларусь, канечне, не Кітай, мы, наадварот, залежныя ў эканамічным сэнсе, і мы таксама не з’яўляемся краінай з рынкавай эканомікай. Гэта добра ведаюць у Еўропе. Калі памятаеце, яшчэ ў мінулым годзе Беларускі металургічны завод апынуўся у цэнтры скандалу – еўрапейцы абвінавацілі наша прадпрыемства ў тым, што яно прадае стальную арматуру па цэнах ніжэй за сабекошт, прасцей кажучы, БМЗ злавілі на дэмпінгу. Калі б наша эканоміка была рынкавай і мы былі сябрам СГА, то проста так нас ніхто ў дэмпінгу не абвінаваціў бы. Сабралі б камісію, правялі б разбіральніцтва… І гэта безумоўны плюс сяброўства ў СГА – ніхто нікога не можа беспадстаўна абвінаваціць у дэмпінгу.

Але ёсць і зваротны бок. Калі Беларусь уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, яна павінна будзе пусціць на свой рынак тавары з іншых краін. Ці вытрымаем мы канкурэнцыю?

Я так пытанне не ставіў бы. Беларусь і зараз гандлюе на міжнароднай арэне, выконваючы нормы і стандарты. Мне падаецца, што некаторыя ў Беларусі не разумеюць, што такое Сусветная гандлёвая арганізацыя і навошта туды ўступаць. Калі тлумачыць проста, то Сусветная гандлёвая арганізацыя была створана для інтэрнацыяналізацыі вытворчаці, іншымі словамі, каб у краінах не было іпартазамяшчэння. Каб краіны з рынкавай эканомікай маглі купляць у суседзяў тое, што ім трэба, па цэнах, якія іх задавальняюць. Каб была канкурэнцыя. Ад канкурэнцыі выйграюць усе. А што чуем у Беларусі мы? Дзяржава дыктуе нават прыватнаму бізнесу, што трэба “купляць беларускае”, а выгадна гэта ці не – мала каго хвалюе. Так мы праводзім і імпартазамяшчэнне. Таму ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю без структурных рэформ у эканоміцы, без рынкавай канкурэнцыі нічога асаблівага не дасць.