Паўторная праверка

4

Грыбное шчасце, што абрынулася апошнімі днямі на аматараў збіраць чырвонагаловікі, падбярозавікі і баравікі, ніякім чынам не магло абмінуць бокам галоўны рынак Мінска. Не ўсе, безумоўна, маюць магчымасць і жаданне наведаць лес, але калі ёсць попыт, то, натуральна, з’яўляецца і прапанова. Таму хтосьці збірае лясныя падарункі толькі для сябе, а для кагосьці гэта яшчэ і добрая магчымасць паправіць сваё матэрыяльнае становішча.

…Ужо на падыходзе да Камароўкі проста на зямлі выстаўлены цэлыя шэрагі вёдраў з грыбамі. У асноўным гэта чырвонагаловікі і прыгажуны-баравікі. Прадаюць іх пераважна бабулькі, для якіх кожны дадатковы рубель – шчасце. Гэтая катэгорыя гандляроў адрозніваецца ад тых, хто прадае на рынку, бо яны не плацяць за месца і, адпаведна, не правяраюць грыбы на радыяцыю. Таму ім даводзіцца канспірыравацца, і калі з іх нехта заўважае міліцэйскі патруль, шарэнга бабулек адразу ж знікае.

– Кружаць, бы тыя авадні, – абураюцца на праваахоўнікаў бабулі-нелегалы і ўмомант раствараюцца, пакінутыя вёдры з грыбамі стаяць без гаспадароў.

Зрэшты, паводле маіх назіранняў, міліцыянеры даволі лаяльна ставяцца да пенсіянераў, хаця і нагадваюць ім, што гандляваць тут забаронена. Але сваё месца гандляры пакідаць, падобна, не збіраюцца, бо прадаць жа тавар трэба. Не для таго ехалі ў сталіцу, каб цягнуць грыбы назад.

Цэны ў нелегалаў крыху меншыя, чым на рынку, да таго ж можна і пагандлявацца. Літровае вядро баравікоў (у залежнасці ад велічыні і якасці грыбоў) можна купіць за суму ад 5 да 10 рублёў, трохлітровае каштуе 10–15, пяцілітровае – 20–25 рублёў.

Бабулька з Жодзіна прадае мне невялікае вядзерца за 8 рублёў і, хаця грыбы яна не правярала, запэўнівае, што яны “абсалютна чыстыя”. Аргумент у яе жалезны: “Я ўсё жыццё ела грыбы з гэтага лесу, і бачыце – стаю перад вамі жывая”.

А вось на рынку гандаль без дакументаў забаронены, таму ўсе напачатку нясуць тавар на праверку ў санітарна-ветэрынарную лабараторыю. Працэдура простая: неабходны пашпарт, каб скласці дамову, і аплата за паслугу ў памеры 3 рублі 75 капеек. Паводле вынікаў праверкі лабараторыі, калі грыбы “чыстыя”, выдаецца адпаведны сертыфікат.

Дарэчы, усе прадаўцы на Камароўцы, да якіх я звяртаўся, без аніякіх праблем паказвалі паперы, у якіх пазначана ўтрыманне цэзію-137 у грыбах. А большасць гэтыя самыя сертыфікаты і наогул вывешваюць разам з цэннікам.

– Паглядзіце, якія прыгажуны! – заманьвае мяне жанчына, у якой баравікі на любы памер і густ. Адпаведна ім і кошт адрозніваецца. Кілаграм вялікіх і старых белых грыбоў каштуе 8–10 рублёў, столькі ж – літр маладых.

– Грыбны ажыятаж ужо праходзіць, баравікоў становіцца менш, а таму купляць трэба менавіта зараз, – распавядае мне гандлярка з Лепельскага раёна і хваліцца, што за дзень сям’я прыносіла дадому па 200–300 белых грыбоў.

Грыбная “геаграфія” на Камароўцы самая шырокая, але я, напрыклад, не знайшоў прадаўцоў з Брэсцкай альбо Гомельскай абласцей, дзе, паводле некаторай інфармацыі, грыбы нярэдка “свецяцца”. Гэтым днём сталічны грыбны рынак прадстаўлялі Асіповіцкі раён, Смаргонь, Віцебская вобласць, Старыя Дарогі…

Тым часам, каб даведацца, ці не падманваюць пакупнікоў прадаўцы, вырашыў акрамя той бабулі, што прадала мне грыбы без дакументаў, набыць іх яшчэ ў трох месцах, але менавіта на рынку, дзе тавар прайшоў праверку . У выніку купляю па кілаграму-другому баравікоў у гандляроў з Лепеля, Асіповічаў і Смаргоні. Па дакументах у лепельскіх грыбах утрымліваецца каля 80 бекерэляў на кілаграм (пры норме 370 Бк/кг), у асіповіцкіх – 91 Бк/кг, самыя чыстыя смаргонскія – 45 Бк/кг.

Далей мой шлях ляжыць у тую ж самую санітарна-ветэрынарную лабараторыю, заключэнне якой я толькі трымаў у руках. Не афішырую свой журналісцкі інтарэс, што я хачу пераканацца ў сапраўднасці лабараторных даследаванняў, а кажу, што вось назбіраў грубоў у адным з аддаленых раёнаў і хачу праверыць на утрыманне імі радыяцыі. Але зранку мне… даюць ад варот паварот.

– Не можам прыняць грыбы, у нас аўрал, у першую чаргу трэба абслужыць тых, хто прывёз грыбы, каб прадаць на рынку! – крыўдзяцца на мяне за дадатковыя турботы лабаранты.

– А ці шмат грыбоў, у якіх радыяцыя перавышае норму? – цікаўлюся ў спецыялістаў.

– Дзень праз дзень знаходзім і такія, натуральна, прадаваць ні ў якім разе нельга. З Налібоцкай пушчы хапае радыяцыйных грыбоў, з Гомельскай і Брэсцкай абласцей…

Мне прапаноўваюць накіравацца ў раённую ці гарадскую санітарна-ветэрынарную службу, але мая настойлівасць у рэшце рэшт дае вынік – лабараторыя пагаджаецца праверыць грыбы, калі я прынясу іх пазней.

Баравікі з чатырох “кропак” я здаю ў 14.00, а адказ мне даюць па тэлефоне праз тры гадзіны (пісьмовае заключэнне абяцаюць падрыхтаваць праз дзень). Самае цікавае: што паўторная праверка паказала, што ў гэтых самых грыбах утрымліваецца яшчэ менш цэзію-137, чым пазначана ў сертыфікатах. У лепельскіх – 70,1 Бк/кг, асіповіцкіх – 73,5, смаргонскіх – 11,2. А самыя чыстыя баравікі аказаліся ў бабулі з Жодзіна, якая прадавала іх на вуліцы без дакументаў, – менш за 10 Бк/кг! Не  падманула…

Праўда, засталася адна загадка – чаму ў дакументах тых, у каго я купіў “эксперыментальныя” грыбы адны лічбы, а ў мяне крыху іншыя?..

 

 

Поделиться ссылкой: