У райцэнтры Сафіеўка, куды прыехала з выступам наша пісьменніцкая брыгада, і адбылося тое дзейства, якое ў маштабах усёй краіны пазней назавуць ленінападам. Здарылася ўсё надзвычай будзённа – пад’ехаў трактар, зачапіў тросам, і зроблены з нейкага нетрывалага матэрыялу правадыр проста разваліўся на часткі. Ніхто, дарэчы, не скакаў ад радасці на яго парэштках.

Усяго ва Украіне за кароткі час было знесена 2389 помнікаў Леніну. Такім чынам украінцы канчаткова развіталіся са сваім савецкім мінулым. Вядома ж, той ленінапад быў прыспешаны падзеямі ў Данбасе, куды раптам, як нявыспаны мядзведзь з падварушанай бярлогі, нахрапіста палез “русский мир”.

Украінскіх сяброў тады ў Чаркасах цікавіла, а наколькі ў Беларусі заўважная савецкая спадчына на вуліцах і плошчах? Не толькі заўважная, казаў я, а па-ранейшаму дамінуе над наваколлем, займае цэнтральныя праспекты і выглядвае з усіх завуголляў. І ў якасці прыкладу прыводзіў слаўны сваім “Славянскім базарам” горад Віцебск, дзе ў наяўнасці пяць вуліц Сацыялістычных, тры Кастрычніцкія, пяць носяць імя ленінскага паплечніка Якава Свярдлова і ажно дзесяць (!) – жонкі Леніна Надзеі Крупскай. Зразумела, і сам Уладзімір Ілліч нікуды не знік ні ў Віцебску, ні ў Мінску, ні ў астатніх гарадах і мястэчках Беларусі.

Украінцы спачувальна ківалі галовамі, а я ім і сапраўды не мог растлумачыць, якую ролю выконваюць у нас сотні Ленінаў на п’едэсталах. За савецкім часам было ўсё проста: манументальная прапаганда з’яўлялася надзейным звяном у агульным ідэалагічным ланцугу. “Мы прыйшлі ў дзіцячы сад – бачым Леніна пагляд”, кучаравы Валодзя Ульянаў на акцябрацкай зорачцы, ленінскі камсамол, ачоленая вернымі ленінцамі партыя, у БДУ нават спецкурс адмысловы чытаўся – беларуская Ленініяна…

Цяпер жа ўсяго гэтага няма, ланцуг не замыкаецца, і Леніны на манументах без падсілкавальнай ідэалагічнай энергіі заўважна змізарнелі. Як выглядае (асабліва гэта прыкметна ў райцэнтрах), пазбавілі іх не толькі ідэалагічнай падтрымкі, але і фінансавання. І вось стаяць яны, нікому не патрэбныя, як выстаўленыя на вуліцу рэчы ў чаканні старызніка. Там абліцовачная плітка адвалілася, там адбітую руку так-сяк прыладзілі, там стаіць Ілліч у птушыным памёце, і не спяшаюцца камунальнікі яго адмываць.

У маёй роднай Зэльве Ленін ну проста з апошніх сіл трымаецца. Не, з пастамента яго ніхто не спіхвае, проста адразу за правадыром усталявалі помнік жарабяці – як сімвалу штогадовага Ганненскага кірмаша. Дык жарабя тое запатрабаванае, а Ленін – не. І дзеці на тым гарэзлівым скакунку фатаграфуюцца, і вяселлі вакол яго карагоды водзяць (малады з маладою мусяць абавязкова за хвост патрымацца – ён аж блішчыць). Думаеце, не крыўдна Уладзіміру Іллічу? Вядома ж, крыўдна. Здаецца, яшчэ пара-тройка картэжаў міма праедзе, і тупне ён даўно стаптаным чаравікам, каб ажно вокны ў выканкаме насупраць задрыжалі. Толькі не вельмі тупнеш, калі ты помнік. Паставілі і стой. Як пісаў добры савецкі паэт, беларус з паходжання, Яраслаў Смелякоў: “Приснилось мне, что я чугунным стал, мне двигаться мешает пьедестал”.

Думаю, незайздросная доля не толькі ў зэльвенскага Леніна. Вунь у Ашмянах Уладзіміра Ілліча з цэнтральнай плошчы акуратна пераставілі ў менш ганаровае месца. У Наваградку – зусім прыбралі. У Полацку ў Леніна ў падсуседзях Сімяон Полацкі апынуўся, які яўна прэтэндуе на ўсю навакольную тэрыторыю. А ў Гродне з-пад Леніна ягоную ж плошчу забралі – і змушаны цяпер былы правадыр стаяць на пляцы Тызенгаўза…

Падзяка Леніну
Фота sputnik.by

Здавалася б, калі час гэтых помнікаў мінуў, калі яны ну аніяк не ўпісваюцца ў палітычны і гістарычны кантэкст, дык чаму іх паўсюль не прыбраць, вызваліўшы месца для помнікаў героям беларускай гісторыі? Як гэта без лішняй валакіты адбываецца ў тых жа нашых суседзяў-украінцаў. Прыехаўшы сёлета ў Кіеў, я ажно вачам не паверыў – зусім нядаўна слухаў жывога Салаўяненку, а вунь ён на Храшчаціку ўжо бронзавы стаіць!

Дык у Кіеве і Уладзімір Караткевіч стаіць, а ў Менску – і не стаіць, і не сядзіць, хоць ва ўкраінскай сталіцы ён толькі вучыўся, а ў беларускай усё жыццё пражыў і ўсе свае шэдэўры напісаў.

Слаўны горад Кіеў… Загадкавы горад Мінск…

Зрэшты, чаму толькі сталічны Мінск загадкавы?

Прыехалі мы неяк пісьменніцкай грамадой у вёску Цімкавічы, знакамітую тым, што там Кузьма Чорны нарадзіўся. Удзячныя землякі стварылі там музей, каля якога ні з пушчы ні з поля ўсталявалі бюст Леніна. Выступаючы каля музея, я і сказаў пра тое недарэчнае суседства, жартам прапанаваўшы выкарыстаць таго Леніна як скульптурную нарыхтоўку пад будучы бюст Чорнаму… Пасля мерапрыемства цімкаўцы атачылі мяне цесным колам і ледзь не пабілі. Маўляў, не чапай Леніна. Быццам той Ленін найлепшым сябрам Кузьме Чорнаму і хросным бацькам усім цімкаўцам быў…

І ўсё ж рана ці позна помнікі Леніну і ягоным паплечнікам будуць дэмантаваныя. А іх жа па ўсёй Беларусі – сотні. Куды іх падзець? Можна ўзяць прыклад з літоўцаў. Сваіх Ленінаў (Сталінаў і г.д.) яны звезлі ў адно месца пад Друскінінкаем, утварыўшы парк скульптур савецкага перыяду. Гэткі ж парк можна зрабіць і ў Беларусі – дзе-небудзь пры аўтастрадзе М1. Я часта езджу па ёй на радзіму і мушу прызнаць – гэта самая сумная з гледзішча турыстычных аб’ектаў дарога ў краіне. Аднаго жалезнага зубра пад Баранавічамі яўна недастакова. Заязджалі б сабе ў той прыдарожны парк заможныя еўрапейцы, пакідаючы свае еўра ў беларускім бюджэце. Па-мойму, прыбытковы музей атрымаўся б, не горшы за Лінію Сталіна.

Прызнаюся, заехаў бы ў той парк-музей і я. Не з настальгіі, а каб адведаць таго Леніна, які стаяў доўгі час каля Дома Урада. О, той Ленін незвычайны і варты нашай увагі. Ён збярог ад бальшавіцкага пераследу дарэформавы беларускі правапіс. Калі падысці да помніка бліжэй, то можна прачытаць надпіс: “Наперад, пад сьцягам Леніна да перамогі коммунізму!” Мяккі знак, выгнаны з нашай мовы русіфікатарамі ў змрочныя 30-я гады, перажыў усе рэпрэсіі на ленінскім мануменце пад крысом ленінскага паліто.

І за гэта таму Леніну я абавязкова выказаў бы падзяку.