Ва ўсякім разе, такая інфармацыя працягвае вісець на сайце Міністэрства абароны Расіі.

Учора паведамленне гэтага ведамства, што “подразделения 1-й танковой армии ЗВО совершают марш на полигоны в Белоруссии”, нарабіла вэрхалу ў медыях. А вядомы апазіцыянер Павел Севярынец нават адмыслова паехаў у Оршу, каб пільнаваць магчымае ўварванне браняванай армады з усходу (праўда, калі што, дык як яе спыніць?).

Фурор зразумелы. Перад манеўрамі “Захад-2017” толькі лайдак не напісаў пра гіпатэтычны сцэнар гібрыднай акупацыі Беларусі. Тутэйшыя начальнікі цвердзяць, што ўсё гэта лухта (і я таксама думаю, што менавіта зараз нічога страшнага не будзе). Але вось вам медычны факт: у нашай новай ваеннай дактрыне акцэнт зроблены менавіта на гібрыдныя небяспекі. І адмыслоўцы падкрэсліваюць, што важным складнікам гібрыднай вайны ёсць вайна інфармацыйная.

Так што порах трэба трымаць сухім. Між тым мы бачым, што калі дайшло да справы (хай сабе і не поўнамасштабнай інфармацыйнай вайны, але, ва ўсякім разе, жорсткага прэсінгу, каскаду ўкідаў з розных бакоў), то беларускія чыны, цывільныя і ў пагонах, аказваюцца бездапаможнымі, церпяць паразу. У іх мову адымае.

Па ідэі, праз пяць хвілін пасля ўкіду пра рускія танкі афіцыйны прадстаўнік беларускага боку мусіў бы даць медыям кампетэнтнае тлумачэнне, што гэта поўная фігня, фэйк. Ну, не так груба, але выразна, рашуча. Каб гэта прайшло праз БЕЛТА, прагучала на тэлеканалах.

Але так было б у дэмакратычнай краіне з сапраўднымі СМІ, а не рупарамі, што працуюць толькі паводле адмашкі.

У нашым жа выпадку рэакцыя аказалася запозненай, анемічнай, коснаязыкай. Начальнік упраўлення інфармацыі і прэс-сакратар Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў на вечаровым брыфінгу 14 верасня стараўся абыходзіцца эўфемізмамі. Кшталту: усе падраздзяленні расійскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў ужо прыбылі ў Беларусь і знаходзяцца на палігонах, “прыбыццё іншых расійскіх падраздзяленняў не прадугледжанае”.

Кім не прадугледжанае? Беларускімі функцыянерамі? А калі Масква вырашыць у іх не пытацца?

Так, гэтым разам скандал лакальны, інфармацыйны выбух адбыўся толькі на незалежных рэсурсах, хваля закранула толькі слой палітызаванай публікі. Чыноўнікі, відаць, вырашылі, што лепей замяць тэму. Але ж калі, крый божа, пачнецца сапраўдны “гібрыд”, то прапагандысцкія гарматы імавернага агрэсара ўдараць з усіх ствалоў і будуць біць найперш па масавай свядомасці. Ёсць вялікі сумнеў, што Мінск мае адэкватны арсенал (акрамя рубільніка, што адключае тэлеканалы ды інтэрнет) і гатоўнасць супрацьдзейнічаць. І галоўная бяда — ў паралічы палітычнай волі ды ідэалагічнай кашы ў мазгах вертыкалі, як цывільнай, так і ў форме.

Стыль жа паводзінаў “старэйшага брата” (як нядаўна лісліва выказаўся Аляксандр Лукашэнка у гутарцы з Генадзем Зюганавым) наглядна адлюстраваўся ў тым, што з сайта расійскага вайсковага ведамства, як бачым, нават не палічылі патрэбным прыбраць скандальную інфу (ці хаця б падкарэктаваць яе, каб не распальвала фобіі).

На думку незалежных экспертаў, такі ўкід з боку Масквы мог быць наўмысным зандаваннем рэакцыі. Насамрэч тыя танкі перакідаюцца на адзін з расійскіх палігонаў, але паводле легенды манеўраў — нібыта ў Беларусь.

Так, сёння гэта толькі гульня, мадэляванне сітуацыі. А заўтра?

Беларускія чыны, цывільныя і вайсковыя, відавочна разгубіліся ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ажыятажу вакол “Захаду-2017”. Яны з раздражненнем кажуць пра істэрыю натаўскіх суседзяў. Але не разумеюць, ці робяць выгляд, што не разумеюць: прычынай усяму — ваенны хаўрус Беларусі з краінай-агрэсарам, якая захапіла частку суседскіх тэрыторый — у 2008 годзе — грузінскіх, у 2014-м — украінскіх.

На брыфінгах людзі ў форме манатонна чытаюць з паперак пра натаўскія вучэнні, умацаванне інфраструктуры альянсу на яго ўсходніх межах, не ўдакладняючы, што ўсё гэта — пасля Крыма і ёсць рэакцыяй на яго акупацыю, а таксама на данбаскую авантуру Крамля.

У армейскіх ідэолагаў добра атрымліваецца наязджаць на апазіцыю, праціўнікаў парадаў (дакладней, псавання асфальту пры падрыхтоўцы ды падчас гэтых шоу), але адымае мову, калі сапраўды трэба даваць адлуп інфармацыйным укідам. Асабліва з усходу.

Сайт, які запусціла на час “Захаду-2017” беларускае Міністэрства абароны, — дубовы, нецікавы, нагадвае казённа-патэтычным стылем ротны баявы лісток (чаго вартыя загалоўкі: “Готовясь к боевому применению”, “Чем задача сложнее, тем она интереснее”, “И песня лилась над полигоном”).

Зрэшты, так жа дубова пастаўлена і ўся інфармацыйная, выхаваўчая праца ў беларускім войску. І пакуль будуць заставацца на пасадах палітрукі савецкай школы, толку не чакай. Пакуль у нас у Мінску будзе шыльда сувораўскай вучэльні, пра высокую самасвядомасць масы нашых салдат, афіцэраў няма і гаворкі.

На добры лад патрэбна цалкам перайначыць выхаваўчую працу ў войску (узяўшы за прыклад Украіну, дзе зрабілі каласальную стаўку на патрыятызм). Трэба разгарнуць сапраўдную беларусізацыю нашых узброеных сіл.

Галоўнае нават не ў тым, каб гучала “крокам руш!” замест “шагом марш!”. Значна важней, каб нашы салдаты і афіцэры гартавалі свой дух на прыкладах змагання Канстанціна Астрожскага, слуцкіх паўстанцаў (спіс абаронцаў нашай зямлі ў розныя вякі можна доўжыць).

Але ж Канстанцін Астрожскі разбіў маскоўскае войска, а сёння беларускі рэжым мае шчыльны хаўрус менавіта з Масквой. Таму — ідэалагічны ступар.

Між тым трэба беларусізаваць не толькі войска, але і ўсё грамадства. І не толькі білбордамі, але і (што значна важней) праз развіццё незалежных СМІ, каб яны мелі магчымасць ствараць моцны нацыянальны кантэнт у процівагу расійскай прапагандзе.

Нарэшце, трэба фармаваць палітычны клас і моцную грамадзянскую супольнасць. Па вялікім рахунку, гэта азначае, што ў краіне трэба рабіць комплекс рэформаў. Але тут устае рубам пытанне пра палітычную волю самага высокага кіраўніцтва.

Факт тое, што з палітрукамі савецкай школы і, калі шырэй, з саўковай сістэмай Беларусь ганебна прайграе любую вайну. Ці ўвогуле будзе здадзеная без бою.