– Калекцыянаваннем шклянога посуду я займаюся некалькі гадоў, – расказвае сайту “Народнай Волі” Сяргей Мазур. – Фатаграфаванне экспанатаў калекцыі – справа для мяне абавязковая. Добра, калі посуд стаіць на фоне нейкай антуражнай паўразбуранай сцяны, тады на здымку адчуваецца гістарычны каларыт. І такое месца ў Мар’інай Горцы ёсць: паміж крамай “Гвардзеец” і спарткомплексам ужо шмат гадоў стаіць закінуты будынак – былы вайсковы магазін. Там я і фатаграфую. Учора я зноў пайшоў туды. Расклаў на лістоце два керамічныя збаны, паспеў зрабіць некалькі здымкаў. І пачуў цяжкія крокі за спінай…

– Хтосьці зацікавіўся фотасесіяй посуду?

– Можна і так сказаць. Да мяне падышлі людзі ў ваеннай форме, аказалася – беларускі ваенны патруль. Спыталі, што і чаму я тут фатаграфую. Я чэсна адказаў. На слова не паверылі, прапанавалі прайсці разам з імі, каб упэўніцца, што я насамрэч здымаю.

Для таго каб вы разумелі, я вам скажу, што месца, адкуль мяне забралі, знаходзіцца не ў глухім лесе – вось яно, побач з дарогай. У будзённыя дні там збіраюцца аматары спіртнога – сядзяць, ужываюць, ніхто іх не чапае. Так што ніякую ваенную тэхніку, ніякую сакрэтную зброю недзе глыбока ў лесе я не фатаграфаваў – усё было ў грамадскім месцы, ва ўсіх навідавоку.

– Што было далей?

– Вайскоўцы аб’явілі мне, што працуюць у рэжыме павышанай пільнасці, і, каб пазбегнуць праблем, я павінен прайсці на кантрольна-прапускны пункт 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, якая, як вы ведаеце, дыслакуецца ў Мар’інай Горцы. Я падпарадкаваўся, бо ведаў, што нічога супрацьзаконнага не раблю, шпіёнскімі справамі не займаюся. Прыйшлі мы туды, вайскоўцы паглядзелі здымкі – збаны на лістоце. Ніякіх будынкаў на заднім фоне, нічога сакрэтнага. Думаў: развітаемся мы з вайскоўцамі, і вярнуся я дамоў. Але дзе там! Пільныя беларускія вайскоўцы на месцы вырашылі: трэба, каб мяне праверылі яшчэ і МУС з КДБ. Яны тут жа выклікалі міліцэйскі нарад, мяне адвезлі ў пастарунак. А там мяне чакаў супрацоўнік мясцовага КДБ. Ён не назваўся, проста стаў глядзець здымкі, якія былі ў маім фотаапараце. У выніку знайшоў там “крамолу” – здымак, дзе я трымаю бел-чырвона-белы сцяг, знаходзячыся ў Курапатах. За гэта кадэбіст і зачапіўся. Пачаліся пытанні: дзе я набываў сцяг, дзе я яго захоўваю? Мяне не пакрыўдзілі гэтыя пытанні, мяне пакрыўдзіла тое, што прадстаўнік КДБ назваў наш гістарычны святы сцяг “пакемонскім”. Я на сваім досведзе пераканаўся, што ў сілавых структурах да нашай нацыянальнай святыні ставяцца як да нечага экстрэмісцкага. У выніку кадэбіст забраў флешку з фотаапарата. Пры гэтым ніякага дакумента аб выманні не складалася, нічога мне на рукі не далі.

– Вас у чымсьці абвінавацілі?

– Пакуль не. Я не выключаю, што ў дачыненні да мяне можа быць распачаты адміністрацыйны працэс. Пакуль флэшку забралі на праверку, сказалі, што дні праз чатыры трэба чакаць званка – мяне выклічуць і будуць вырашаць, што рабіць далей…