14 верасня ён правёў брыфінг па выніках першага дня сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў.

Паводле слоў Макарава, вучэнні маюць выключна абарончы характар і не скіраваныя супраць трэціх краін.

Прадстаўнік ведамства выключыў канфліктную сітуацыю на фоне вучэнняў, якія праводзяцца ў Беларусі і сумежных краінах. Ён нагадаў, што на беларускай тэрыторыі ў вучэннях бяруць удзел прыкладна 10 тыс. вайскоўцаў, а ўсяго — 12,7 тыс.

«Гэта такі мізер… Ніякага канфлікту не будзе», — заявіў Макараў, адзначыўшы, што чатыры тысячы вагонаў, запытаных Мінабароны Расіі для перавозкі войскаў і ўзбраення, — гэта ўсяго паўтары мотастралковыя брыгады.

Ён назваў авантурыстам таго, хто такімі сіламі захацеў бы ўчыніць канфлікт.

Паводле слоў Макарава, усе падраздзяленні расійскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў (каля 3 тыс. вайскоўцаў) ужо прыбылі ў Беларусь і знаходзяцца на палігонах. «Прыбыццё іншых расійскіх падраздзяленняў не прадугледжанае. Іншыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі не праводзяцца», — сказаў прадстаўнік Мінабароны, каментуючы сённяшнія паведамленні аб перакідцы ў Беларусь танкавай брыгады Заходняй ваеннай акругі Узброеных сіл Расіі.

Макараў адзначыў, што перадыслакацыя ў межах вучэнняў праводзіцца на расійскія палігоны.

Падводзячы вынікі першага дня, ён паведаміў, што сёння кіраўніцтва вучэннямі заслухала ацэнку абстаноўкі, ацаніла дзеянні камандуючых групоўкамі войскаў, войскамі вырашалі пытанні па пошуку, блакаванні і знішчэнні незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп. Забяспечвалася супрацьпаветраная абарона асабліва важных аб’ектаў. Дзеянні разгортваліся на палігонах Лепельскі, Даманава, Ружанскі, Барысаўскі. У Глыбоцкім раёне адпрацоўваліся пытанні тэрытарыяльнай абароны. Для гэтых мэтаў на зборы перад вучэннямі было прызвана каля 400 ваеннаабавязаных.