З Аксанай дамаўляемся сустрэцца за кубачкам гарбаты ў цэнтры Мінска. Дзяўчыну пазнаю не адразу: усяго некалькі дзён таму яна была яркай брунеткай са стыльнай стрыжкай. “Толькі-толькі з цырульні, – смяецца дзяўчына. І дадае: – Змяняцца – гэта ж таксама частка маёй прафесіі”.

Здаецца, гэта пра такіх, як яна, кажуць: смяротная абаяльнасць. Не дзіва, што на вуліцах Мінска Аксана Палій разам са сваім «Стрыт бэндам» збірае натоўпы гледачоў.

“Зараз у групе невялікія змены. Наш афрыканец Эно з’ехаў у Кіеў, будзем думаць, што далей рабіць. Але мы і так заўсёды былі вельмі мабільныя. За апошнія чатыры гады з намі перайграла больш за 50 музыкантаў”, – тлумачыць Аксана.

– Сёння мы ўжо маем пэўнае імя, нас запрашаюць у клубы, на вечарыны. Але пачыналася ўсё з вуліцы гады чатыры таму. Ды і назва кажа сама за сябе – “Вулічны бэнд”.

– То бок вуліца па-ранейшаму на першым месцы?

– Вядома! Калі мне робіцца сумна, я бяру гітару, комбік і іду іграць у Верхні горад, на Зыбіцкую або Герцэна. Нават адна, без музыкантаў. Гэта ўжо частка мяне.

– Што ж за такія непаўторныя эмоцыі дораць вулічныя выступленні?

– Кожны раз нешта непрадказальнае! Перад вачыма вулічнага музыканта праходзяць сотні людзей. А гэта і наведвальнікі філармоній, і рок-фанаты, і аматары Стаса Міхайлава. Таму ніколі не ведаеш, як на цябе будуць рэагаваць. Такі адрэналін, вы не ўяўляеце! Ды і яднанне з гледачамі на вуліцы асаблівае. Нездарма ж “у народ” выходзяць нават сусветныя зоркі. Некаторыя з іх, дарэчы, з вуліц і пачыналі. Тая ж францужанка Zaz, якая зараз вельмі папулярная ў свеце. У інтэрнэце яе выступленні на Манмартры збіраюць па дваццаць мільёнаў праглядаў, уяўляеце? Вось вам і музыка вуліцы!

“Кукушка” Цоя і “што-небудзь з ДДТ”

Аксану Палій можна смела назваць піянерам (ці ветэранам) вулічнага музычнага руху Мінска. Са сваім “Стрыт бэндам” яна першай стала іграць ля сталічнай Ратушы. Сустрэць каларытную каманду можна было не толькі на плошчы Свабоды. Ігралі паўсюдна: і ў пераходзе ля ГУМа, і на набярэжнай Свіслачы, і, вядома, на гарадскіх вуліцах.

– Шчыра? Мне цяжка адказаць на пытанне, колькі гадоў я іграю на вуліцах, – задумваецца Аксана. – Часам такое адчуванне, што ўсё жыццё… Пачыналася ўсё з сяброўскіх пасядзелак “пад гітару” у парку імя Горкага. Паціху сталі з’яўляцца гледачы, і неўзабаве я адчула, што гэта – маё. Пачала іграць у пераходах, на вуліцах, шмат дзе. Неяк да мяне падышоў малады чалавек, афрыканец, і прапанаваў зрабіць што-небудзь сумеснае. Так распачаўся наш з Эно бэнд.

– Адразу зразумелі, чым зачапіць мінскага гледача?

– Ой, дык у нас жа такі склад, што людзі міжволі звярталі ўвагу. Афрыканец з джэмбеем – гэта заўсёды цікава, пагадзіцеся. А наш Эно наогул вельмі харызматычны, на яго немагчыма не азірнуцца. Ён – на джэмбее і кахоне, Паліна – на перкусіі, я – спевы і гітара. Музыка наша заўсёды з усмешкай – пра любоў, пра стаўленне да жыцця з верай у лепшае. Безумоўна, гэта прыцягвае людзей…

– Выступаць на вуліцы і ў пераходзе – гэта розныя рэчы?

– У пераходзе людзі звычайна вельмі спяшаюцца. Мы часам нават ставілі таблічку – “Іграем не за грошы”. Хацелі, каб нас паслухалі, а не проста кінулі 50 капеек і пабеглі далей. Ну а на вуліцы людзі, канешне, больш расслабленыя.

– Заказваюць музыку?

– Толькі калі іграю адна і толькі па вялікай просьбе. Набор стандартны: “Кукушка” Цоя і “што-небудзь з ДДТ”. Сучасныя хіты – Дорна ці  “Вите надо выйти” – не просяць. Толькі класіку жанру!

– Самая буйная купюра, што трапляла ў ваш футляр?

– Вялікіх грошай не кідаюць, у асноўным манеткі. Пару разоў трапляліся 20 беларускіх рублёў. Бывае, знаходзім расійскія грошы. Але для нас гэта наогул непрынцыпова – кінуць ці не кінуць. Калі я іграю адна, увогуле не стаўлю ніякай скрыні. Мы ж больш за ідэю, а не за грошы.

– Ці можна сёння жыць толькі з вулічных выступленняў?

– Не думаю, што з гэтага можна азалаціцца. Максімум, які атрымлівалі мы, – 70 рублёў за гадзіну. Увогуле ж заробак залежыць ад мноства фактараў: надвор’я, пары года, дня тыдня. Разняволеная пятніца і цяжкі панядзелак – гэта заўсёды розныя грошы.

Не паспееш дастаць гітару – міліцыя ўжо тут як тут!

– Аксана, часта вас просяць “скончыць канцэрт”?

– Зараз у межах праекта “Пешаходка” ў мінскіх пераходах ёсць адмысловыя пляцоўкі-банеры. Ля іх можна выступаць без перашкод. У тых месцах, дзе праганяюць, мы і не іграем. Навошта, калі ёсць афіцыйна дазволеныя? Раней, зразумела, ганялі пастаянна. Бывае, не паспееш гітару дастаць – а міліцыя ўжо тут як тут! Але я да гэтага заўсёды ставілася спакойна.

– А які адваротны бок медаля ў рабоце вулічнага музыканта? Негатыў, неадэкватная рэакцыя людзей?

– Вулічных музыкантаў не вельмі любяць прадаўцы ў метро. Напэўна, іх можна зразумець. Уявіце, што вы працуеце, а нехта цэлы дзень побач песні спявае. Бывае, і хтосьці з мінакоў можа абразіць. Але з намі такога не здаралася. Увогуле, мы людзі не канфліктныя. Калі нас просяць не іграць – мы ўсміхнёмся і ніколі не будзем спрачацца.

– Але ёсць і рамантычныя гісторыі. Я ведаю гітарыста, які сустрэў у пераходзе сваё каханне. Дзяўчына пачула яго і пакінула цыдулку са сваім нумарам тэлефона…

– Я чалавек вельмі адкрыты і шмат знаёмлюся сама. Часам мне нават здаецца, што ведаю ўвесь Мінск. А цыдулкі – так, дасылаюць. Пішуць, напрыклад: “Вы неверагодныя!” Вельмі часта падыходзяць, кажуць кампліменты, пытаюцца, чаму мы іграем у Мінску, а не ў Маскве. Адказваем адразу: мы любім Беларусь і будзем тут!

– А што самае складанае ў рабоце вулічнага музыканта?

– Спяваць не балюча, але іграць – вельмі! Пальцы ад гітары пастаянна ў мазалях. Часам пачынае зрывацца голас. Але ўсё роўна я больш атрымліваю, чым аддаю. Гэта нешта на ўзроўні эмоцый. Тое, што значна важней за ўсё іншае.

У псіхолагаў ёсць такая ўстаноўка: рабі дрэнна

– Аксана, большасць вулічных музыкантаў не дыпламаваныя спецыялісты?

– За ўсіх казаць не буду, распавяду пра сябе. Я на выдатна скончыла музычную школу, іграла на баяне, займала на конкурсах месцы. Мяне рыхтавалі ў музычную вучэльню, але ў самы апошні момант я перадумала і вырашыла паступіць у ЕГУ на спецыяльнасць “масавая камунікацыя”. Зараз афіцыйна нідзе не працую. У жыцці шмат фрылансу і, вядома, музыкі. А вяртаючыся да вашага пытання – не думаю, што наяўнасць дыплома гарантуе поспех.

– Чаго вам – чалавеку, мякка кажучы, неабыякаваму да вулічнага музычнага руху, – сёння не хапае ў Мінску?

– Магчыма, перамены не такія імклівыя, як хацелася б. Але галоўнае, што яны ёсць. Яшчэ гадоў пяць-сем таму на вуліцах ігралі адзінкі, а паглядзіце, што адбываецца зараз! Мусіць, штосьці змяняецца ў нас саміх.

– Сучасны горад павінен гучаць, спяваць, танцаваць?

– Некалькі гадоў я жыла ў Кіеве і, калі вярнулася ў Мінск, убачыла пустыя вуліцы. Не было музыкантаў, увечары ў горадзе ў прынцыпе не было людзей. Захацелася нешта змяніць. Але мы замест таго, каб скардзіцца, як тут у нас усё дрэнна, вырашылі пачаць з сябе. Прыкладна ў той жа час улады зрабілі крок насустрач праекту “Пешаходка”. Так што нам, можна сказаць, пашчасціла.

– Для вас ідэальны вулічны музыкант – гэта…

– Ідэальных не бывае. Таму лепш за ўсё быць самім сабой і не падладжвацца пад людзей, яны ўсе розныя. Мне здаецца, самае галоўнае – дзяліцца сваім унутраным светам. Уласна кажучы, для гэтага і музыка з мастацтвам.