Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сёння пачынаюцца беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні "Захад-2017". Іх тэма — "Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".
8:46 14 верасня 2017
109
Памер шрыфта
Фота: yandex.by

Вучэнні пройдуць на шасці палігонах у Беларусі (Барысаўскім, Даманаўскім, Ружанскім, Лепельскім, Ласвіда і Асіповіцкім), а таксама ў раёне Дрэтуні і Глыбокага (Віцебская вобласць), і на трох палігонах у Расіі.

Паводле апошніх дадзеных Мінабароны Беларусі, на беларускай тэрыторыі будзе задзейнічана 10 тысяч 175 ваеннаслужачых, у тым ліку 3 тысячы 100 — расійскіх, 138 танкаў (у тым ліку 98 расійскай арміі), баявых браніраваных машын — 231 (104), артылерыйскіх сістэм і рэактыўных сістэм залпавага агню — 142 (32), самалётаў і верталётаў — 49 (27).

Расійская авіяцыя перабазавалася на беларускія аэрадромы 12 верасня.

Заяўленыя мэты вучэнняў гучаць так: удасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй; апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Расіі і Беларусі; атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі становішча і кіраванні войскамі ў ходзе іх правядзення.

Як заявіў 29 жніўня кіраўнік вучэнняў з беларускага боку начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў, задума вучэнняў улічвае «сучасныя падыходы да прымянення войскаў на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў».

Паводле яго слоў, зыходзячы з падзей, якія адбываюцца ў краінах Блізкага Усходу і Еўропе, у аснову задумы вучэнняў пакладзены адзін з такіх варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаных з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку.

Бакі, якія проціборнічаюць, умоўна размешчаны ў межах рэальных межаў Беларусі. Паводле задумы вучэнняў, з аднаго боку дзейнічаюць «паўночныя», якія ўключаюць Саюзную дзяржаву, з другога — «заходнія»: кааліцыя зацікаўленых дзяржаў (выдуманыя краіны Вейшнорыя, Весбарыя, Лубен). Умоўная дзяржава Вейшнорыя размешчана ў паўночна-заходняй частцы рэальнай тэрыторыі Беларусі.

У аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці участкаў дзяржмяжы, ахове і абароне ваенных аб’ектаў, блакаванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенні абарончага бою ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.

Вучэнні пройдуць у два этапы. На першым этапе (14—16 верасня) аб’яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў «мяркуецца ажыццявіць завяршэнне падрыхтоўкі войскаў да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, падрыхтоўку да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўку пытанняў арганізацыі ўсебаковага забеспячэння створаных груповак войскаў».

На другім этапе (17—20 верасня) плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі ў ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах сітуацыі, якая хутка змяняецца, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах вырашэння пастаўленых задач.

Вучэнні плануюць сумесна праінспектаваць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Як паведаміў журналістам 1 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, кіраўнікі дзяржаў маюць намер наведаць ваенны палігон у адным з расійскіх рэгіёнаў.

Чакаецца, што за вучэннямі будуць сачыць каля 80 замежных назіральнікаў ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі, ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а таксама акрэдытаваныя ў Мінску ваенныя аташэ.

Беларускае ваенна-палітычнае кіраўніцтва неаднаразова заяўляла, што вучэнні носяць выключна абарончы характар і што расійскія вайскоўцы пакінуць тэрыторыю Беларусі да 30 верасня. У гэтым сумняваюцца прадстаўнікі Захаду і беларуская апазіцыя, якія асцерагаюцца, што пасля вучэнняў расійскія войскі могуць застацца на тэрыторыі Беларусі.

8 верасня ў Мінску прайшлі вулічныя акцыі супраць вучэнняў «Захад-2017». Дэманстранты выказалі пратэст уцягванню Беларусі ў супрацьстаянне Расіі з Украінай і НАТА, а таксама заявілі аб сваёй гатоўнасці «бараніць незалежнасць Беларусі са зброяй у руках».

Крынiца: БелаПАН
Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

17 студзеня 2018

Па росце цэн Беларусь знаходзіцца на другім месцы сярод краін ЕАЭС

Беларусь, у якой у 2017 годзе зафіксаваны рэкордна нізкі ўзровень інфляцыі (4,6%), займае другое месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па росце спажывецкіх цэн.
17 студзеня 2018

Беларусь назвали одной из самых нерелигиозных стран мира

Британское издание The Telegraph составило ко Всемирному дню религии карту самых религиозных и самых нерелигиозных стран мира.
17 студзеня 2018

Русская служба ВВС больше не будет писать «Белоруссия»

С сегодняшнего дня мы решили изменить то, как мы называем в наших статьях некоторые страны бывшего СССР. Белоруссия становится Беларусью, Киргизия - Кыргызстаном, Туркмения - Туркменистаном, Молдавия