Ён падкрэсліў, што ніхто не адмяняў патрабаванняў дэкрэта № 3, які ў народзе празвалі «дэкрэтам аб дармаедах», перадае БелаПАН. «Гэта будзе ваш дакумент, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў. — Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі«.

«Вы павінны з імі разабрацца — вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць «Гвалт!». Некаму трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на работу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а кагосьці проста нахіліць«, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

«Вы ведаеце, што гэта за беспрацоўныя, што гэта за кантынгент. Я таксама ведаю, памятаю яшчэ з тых савецкіх часоў. Таму занятасць — пытанне вельмі важнае. Людзям трэба прапаноўваць работу, ствараць працоўныя месцы«, — дадаў ён.

Лукашэнка нагадаў аб пастаўленай задачы павялічыць сярэднюю заработную плату па краіне да тысячы рублёў. «Калі мы гэтага ўзроўню дасягнем, мы можам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць: мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сям`ю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі. Мы, вядома, не будзем у баку, будзем дапамагаць, падтрымліваць. Але гэта найважнейшае пытанне«, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш чым 183 каляндарныя дні ў годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт выклікаў пратэсты грамадзян, пік якіх прыйшоўся на вясну гэтага года. Вулічныя акцыі былі жорстка разагнаныя міліцыяй, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамлення. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

У пачатку ліпеня Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца. На нарадзе 3 жніўня ён заявіў, што «ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа» — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента.