Генадзь Алейнікаў у свой час быў намеснікам старшыні праўлення – начальнікам планава-эканамічнага ўпраўлення Беларускага рэспубліканскага банка “Знешэканамбанк СССР”, а затым узначаліў “Белзнешэканамбанк”. У 1997 годзе быў прызначаны старшынёй праўлення Нацбанка Беларусі, аднак у сакавіку 1998 года быў адпраўлены ў адстаўку.

– Генадзь Алейнікаў быў прафесіяналам у сваёй справе, – распавёў “Народнай Волі” Станіслаў Багданкевіч. –У “Белзнешэканамбанку” знаходзіўся, што называецца, на сваім месцы і, наколькі мне вядома, калі яго прызначалі на пасаду старшыні Нацбанка, не вельмі хацеў займаць гэтую пасаду. Не было ў яго жадання пакідаць свой банк. Як жыццё паказала, апасенні аказаліся недарэмнымі, бо кіраваў Нацыянальным банкам ён не так і шмат – каля года. Відаць, не склаліся адносіны з вышэйшым кіраўніцтвам.

– Кажуць, што Нацбанку не ўдалося тады стрымаць падзенне беларускага рубля, за што Алейнікаў і быў адпраўлены ў адстаўку…

– Кіраўніцтва Нацыянальнага банка не было вінавата ў тым, што рубель моцна здаваў пазіцыі. Агульная сітуацыя ў эканоміцы спрыяла таму. Якраз улады патрабавалі ажыццяўляць імклівую эмісію, а банкіры, наадварот, гэтаму супраціўляліся. Яны разумелі, што друкаванне пустых грошай прывядзе да яшчэ горшых наступстваў. Разумеў гэта і Алейнікаў, які, паўтаруся, быў вельмі прафесійным банкірам. І шчырым чалавекам.