У Магілёўскай вобласці з 21 раёна восем лічацца праблемнымі

19

У праграме, якую зацвердзіў Магілёўскі абласны савет дэпутатаў, гаворыцца, што “да праблемных раёнаў Магілёўскай вобласці, у якіх склалася складанае эканамічнае становішча, адносяцца восем: Глускі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны”.

Аўтары праграмы адзначаюць, што адна з асноўных праблем пералічаных раёнаў — зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы з прычыны міграцыйнага адтоку. “За 2011—2015 гады колькасць занятага насельніцтва ў названых раёнах скарацілася на 6,5 тыс. чалавек, што складае 41% ад адтоку ў цэлым па Магілёўскай вобласці без уліку гарадоў Магілёва і Бабруйска”, — канстатуюць аўтары пяцігадовай праграмы.

Акрамя гэтага, для пералічаных раёнаў характэрны рост узроўню беспрацоўя (у Глускім раёне з 0,6% у 2011-м да 0,9% у 2015-м, у Кіраўскім — з 0,9% да 1,2%, у Клімавіцкім — з 1% да 1,1%, у Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім раёнах — з 0,6% да 0,9%).

“Асноўнымі мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця названых раёнаў у гэтай пяцігодцы з’яўляюцца рост эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі, дасягненне фінансавай стабільнасці арганізацый, павышэнне матывацыі і выніковасці працы, паляпшэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва”, — гаворыцца ў праграме.

Як паведамлялася раней, паводле дадзеных Мінфіна, у Магілёўскай вобласці назіраецца найменшая забяспечанасць мясцовых бюджэтаў уласнымі даходамі. Так, у першай палове 2017 года ў Магілёўскай вобласці 15 раёнаў з 21 былі забяспечаны ўласнымі даходамі менш чым на 50%.

“Стан мясцовых бюджэтаў залежыць ад наяўнасці ў рэгіёнах прадпрыемстваў-флагманаў, прадукцыя якіх запатрабаваная на ўнутраным і знешніх рынках. Калі такія “драйверы” на месцах адсутнічаюць, то гэта адмоўна адбіваецца як на стане рэгіянальных бюджэтаў, так і на дабрабыце грамадзян”, — адзначыў у каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль.

Эксперты лічаць, што для стымулявання эканамічнай актыўнасці ў праблемных рэгіёнах, магчыма, неабходна ствараць спецыяльныя фонды развіцця.

“З улікам сітуацыі ў раёнах, магчыма, неабходна больш сродкаў перадаваць мясцовым бюджэтам ва ўрон рэспубліканскаму, каб ствараць рэгіянальныя фонды развіцця, а не толькі інавацыйныя і галіновыя”, — выказаў меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

Поделиться ссылкой: