Як тлумачыць прэс-служба Нацбанка, фактычная інфляцыя працягвае змяншацца. У жніўні 2017 года ў гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх цэн склаў крыху менш за 6%, базавая інфляцыя — прыблізна 5%.

Знаходжанне на працягу доўгага часу тэмпаў прыросту спажывецкіх цэнаў у вузкім дыяпазоне (6,0—6,5%) адлюстроўвае ўстойлівасць працэсаў запаволення інфляцыі і досыць высокую верагоднасць яе захавання на гэтым узроўні ў найбліжэйшыя месяцы.

Пры гэтым, паводле ацэнак Нацбанка, значных рызык для паскарэння росту цэн з боку манетарных фактараў, а таксама плацежнага балансу і валютнага рынку ў сярэднетэрміновай перспектыве не прасочваецца.

Тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца ўмеранымі (прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў ліпені 2017 года ў гадавым вымярэнні склаў 7,8%) і адпавядаюць попыту эканомікі на грошы на фоне аднаўлення дзелавой актыўнасці (валавы ўнутраны прадукт за студзень—ліпень 2017 года вырас на 1,1%).

Паляпшэнне сальда знешняга гандлю (за студзень—чэрвень 2017 года склалася на ўзроўні 0,4 млрд долараў ЗША) і збалансаванасці плацежнага балансу спрыяе захаванню на валютным рынку чыстай прапановы замежнай валюты і падтрыманню стабільнасці абменнага курсу беларускага рубля.

У цэлым, як чакаецца, паводле вынікаў 2017 года прырост спажывецкіх цэн не перавысіць 7%. Магчымасці далейшага паступальнага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш за 5% у 2020 годзе), адзначаюць у Нацбанку.

Гэта ўжо сёмае зніжэнне стаўкі рэфінансавання з пачатку 2017 года, калі яна складала 17% гадавых.

Першапачаткова афіцыйны гадавы прагноз Нацбанка прадугледжваў, што стаўка рэфінансавання на працягу года знізіцца да 14%.

Летась Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.