Фінансавыя праблемы ў футбалістаў ўзніклі з-за адмовы нафтаперапрацоўчага завода спансіраваць аднайменны клуб. У выніку паўсталі даўгі перад гульцамі, сродкаў не хапала нават на бытавыя патрэбы каманды.

Пад пагрозай зрыву апынуліся некаторыя паездкі, бо не хапала грошай на запраўку аўтобуса.

Матэрыяльныя праблемы таксама адбіваліся і на паказчыках каманды: «Нафтан» прайграў некалькі матчаў запар. У спартыўных колах нават узнікла прапанова — зняць наваполацкі клуб з чэмпіянату краіны.

— Зараз фінансавая сітуацыя змянілася да лепшага, — сказаў «Народнай Волі» галоўны трэнер каманды Алег Сідарэнкаў. — Мы скараціліся па заробках, але па гэтым годзе даўгоў няма. Матэрыяльнае становішча нармалізавалася: 50 працэнтаў доўгу гульцам за 2014 год клуб вярнуў.

У матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе «Нафтан», знаходзячыся ў меншасці, згуляў унічыю з «Тарпеда».