Аўтамабіль Лукашэнкі заехаў на тэрыторыю палаца праз цэнтральныя вароты. Адсюль і да месца сустрэчы з прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам і прэм’ер-міністрам Нарэндрай Модзі аўтамабіль беларускага лідара суправаджаў конны эскорт, прыводзіць падрабязнасці сустрэчы дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Падчас працэсіі быў дадзены ўрачысты салют у гонар Лукашэнкі. Цырымонія з удзелам роты ганаровай варты таксама ўключала выкананне дзяржаўных гімнаў дзвюх краін. Лідары Беларусі і Індыі прывіталі членаў афіцыйных дэлегацый.

Прэзідэнцкі палац з’яўляецца асаблівым месцам правядзення пратакольных цырыманіялаў. Ён пабудаваны ў 1929 годзе паводле праекта англійскага архітэктара. Купал будынка нагадвае купал рымскага Пантэона, а сам комплекс спалучае некалькі архітэктурных стыляў.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, Лукашэнка таксама наведае мемарыял «Радж Гхат», дзе ўскладзе вянок да манумента Махатму Гандзі — індыйскаму палітычнаму і грамадскаму дзеячу.

Пасля завяршэння цырыманіяльнай часткі стартуе асноўная палітычная і дзелавая частка візіту — сустрэчы і перамовы з шэрагам афіцыйных асоб. У іх ліку міністр замежных спраў Індыі Сушма Сварадж і віцэ-прэзідэнт Венкая Найду.

У рэзідэнцыі ўрада Індыі для прыёму замежных гасцей высокага ўзроўню «Хайдарабад хаўс» пройдуць перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Нарэндрай Модзі. Яны спачатку разгледзяць двухбаковы парадак дня ў вузкім складзе, а затым у пашыраным з удзелам членаў афіцыйных дэлегацый. Будзе абмяркоўвацца развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, у галіне турызму.

Плануецца абмеркаваць узаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі таксама абмяняюцца поглядамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Паводле вынікаў перамоў, як чакаецца, адбудзецца абмен падпісанымі двухбаковымі дакументамі.

У другой палове дня пройдзе сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам, падчас якой будуць яшчэ раз актуалізаваныя пытанні развіцця беларуска-індыйскіх адносін.

Напярэдадні ў сталіцы Індыі адбыўся бізнес-форум. Прадстаўнікі беларускіх ведамстваў і бізнесмены правялі плённыя перамовы, падчас якіх дасягнутыя шэраг дамоўленасцяў аб развіцці супрацоўніцтва.