Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Беларускі мюзікл чакае ўвагі ад улады.
Памер шрыфта

Рок-опера “Чарадзей” прагучыць са сцэны Белдзяржфілармоніі менш як праз тыдзень – 14 верасня. Абвешчаная раней прэм’ера ў чэрвені, у канцы сезона, была адменена і перанесена на восень, на першыя вераснёўскія дні – каб сабраць больш публікі. Зараз, паводле слоў кампазітара і прадзюсара Рамана Арлова, перад калектывам стаіць вельмі важная задача: выйсці на пастаяннае супрацоўніцтва з Белдзяржфілармоніяй і зрабіць з рок-оперы сапраўдны беларускі мюзікл.

– Вы, як вядома, з сям’і знакамітага пісьменніка і грамадскага дзеяча Уладзіміра Арлова, і мінулае, магчыма, заўсёды значыла для вас больш, чым цяперашні час. Інакш чым патлумачыць ваш зварот да гістарычнага матэрыялу?

– Перш за ўсё я музыкант, які спрабуе зрабіць нацыянальны праект у жанры мюзікла. Персона князя Усяслава Чарадзея вельмі важная, ён біўся на Нямізе ў 1067 годзе за Мінск. Зараз юбілей нашай сталіцы, але, на жаль, князь пакуль недаацэнены намі, нашчадкамі. Нават помніка Чарадзею тут, у Мінску, дагэтуль няма. Калі опера задумвалася, атрад экспертаў з беларускіх тэатраў у адзін голас паўтараў, што ў лібрэта ўсё павінна строга адпавядаць летапісным крыніцам. Мне гэта дзіўна, таму што гаворка ідзе пра мастацкі твор, у якім па сюжэце могуць нават іншапланецяне прыляцець. Таму ў нашай оперы ёсць сучасная дзяўчына Кася, якая “правальваецца” на тысячу гадоў у даўніну, з’яўляецца ў Кіеве і дапамагае Усяславу Чарадзею ў яго барацьбе.

– А сам князь Чарадзей прылятае хоць на імгненне ў будучыню, да нас?

– Здаецца, так. Ён наогул наглядае за намі.

– Таму вы так заклапочаны яго персонай? Жартую…

– Зараз я як прадзюсар хацеў бы, каб рок-опера “Чарадзей” стала сапраўдным мюзіклам і трапіла ў рэгулярныя афішы. Для гэтага мне трэба, паводле прыкладных разлікаў, 200.000 долараў. На дэкарацыі, распрацоўку мультымедыя, высакаякасны запіс твора, новыя касцюмы, рэкламную кампанію – шмат на што насамрэч. І я звяртаюся да Мінкульта (да каго ж яшчэ?): ну далі ж вы на “Авеля” мільён – мне трэба ў пяць разоў менш! У нас за спінай ужо не адзін паспяховы канцэрт з гэтым творам, гастролі ў Польшчы, ды і тэма ў параўнанні з “Авелем” больш значная, блізкая кожнаму жыхыру краіны. Зрабіце што-небудзь для беларускага мюзікла! Вы ж фінансуеце Кіма Брэйтбурга…

– Вы маеце на ўвазе “Славянскі базар”?

– Я маю на ўвазе сітуацыю, калі на базе Універсітэта культуры студэнты ставяць яго мюзікл “Дуброўскі”. Альбо, напрыклад, “Казанова”. Ну няўжо сусветнае тэатральнае жыццё проста спыніцца без беларускай пастаноўкі пра Казанову? Якое дачыненне гэта тэма мае да Беларусі? А мой твор, даруйце за нейкую, можа, нясціпласць, мае непасрэднае дачыненне! І я хачу паставіць яго паўнавартасна – як спектакль, як мюзікл, як шоу. Таму што праз некалькі дзён у філармоніі мы пакажам толькі музычны твор, без дэкарацый, у простых касцюмах, з вельмі простымі тэатральнымі звязкамі. І крышачку харэаграфіі нават будзе – дзякуй за супрацоўніцтва тэатру танца «Альтана» пад кіраўніцтвам Ганны Корзік. Але ж гэта валанцёрства з іх боку. А так не можа працягвацца бясконца. Наогул, усе ўдзельнікі нашай трупы –Каця Поцюс, Улад Яноўскі, Наташа Чайко, Максім Пятухоў, Ліда Сікорская, Юрый Вялюга, Каця Гладкова, Вольга Касцючэнка – трымаюцца вельмі мужна, яшчэ і квіткі на ўласны канцэрт прадаюць. Цяпер праекту трэба неяк пратрымацца, фактычна на голым энтузіязме. А “Чарадзей” жа – сапраўдны тэатральны промаролік значнай часткі беларускай гісторыі. Калі мы хочам нашу краіну падаваць у свеце ў пазітыўным ключы, то трэба пачынаць з уласнай гісторыі. І “Чарадзей” – гэта якраз той праект, які можа суправаджаць любую беларускую дэлегацыю на любых перамовах. І наогул лічу, што кожны школьнік павінен схадзіць на гэту рок-оперу хоць адзін раз. Прашу ўсіх класных кіраўнікоў унесці гэты паход у план пазакласнай работы!

– Але, пагадзіцеся, у горадзе амаль няма рэкламы прэм’еры…

– У гэтым жа і справа! Нават самую простую мінімальную рэкламу не можам сабе дазволіць. А праект важны, патрэбны. Тым больш у жанры мюзікла цяпер пэўная апатыя – пасля правалаў “Прарока” і “Байкера”. І Музычны тэатр нічога новага даўно не робіць на гэтую тэму, апошняя была “Соф’я Гальшанская”, але сюжэт там – строга па летапісах. А я лічу, што сучаснай моладзі такое ўзаемадзеянне з беларускай гісторыяй можа падацца нецікавым фарматам. У Маскве ідзеш і бачыш афішы: “Шчаўкунок” у стылі хіп-хоп”. У Мінску людзі з мастацкіх саветаў згубяць прытомнасць, калі ім прапануеш такую версію.

У крызіс людзям патрэбны казка і містыка. Нават той жа Wargaming мог бы зрабіць камп’ютарную гульню паводле “Чарадзея”. Дарэчы, іншая студыя каля дзесяці гадоў таму думала пра гэта, і распрацоўкі такія, ведаю, вяліся… Але потым былі згорнуты па нейкіх містычным прычынах. Не выключаю элемент лялькаводства з боку глабальных ідэолагаў постсавецкай прасторы.

– А чаму, як вы думаеце, цяпер на беларускай эстрадзе наогул нейкі правал? Даўно няма новых хітоў. Вось што цяпер робіць “J:Морс”? Яны не на слыху.

– У мяне зносіны з імі вельмі абмежаваныя, хаця я працягваю быць аўтарам некаторых песень калектыву і ў хроніках працягваю згадвацца як адзін з тых, хто прадзюсіраваў ансамбль на самым першым этапе.

– Старая слава новую любіць. А новага мала ці амаль няма.

– Вось Вольскі адназначна, як кажуць па-руску, “жжет”, “Брутто” “жжет”… А “Без Билета” маўчыць… Адглядзеў нядаўна канцэрт “J:Морс” з прэзідэнцкім аркестрам – гэтым песням, за невялікім выключэннем, па 15 гадоў! Нельга доўга сядзець на старым багажы, артыст павінен пастаянна пацвярджаць сваё званне. Нават атамы ў арганізме чалавека кожныя сем гадоў поўнасцю абнаўляюцца. А новых беларускіх песень мала, артысты практычна іх не выпускаюць. Аня Хітрык зрабіла цудоўны альбом “Рух” са старымі яшчэ партнёрамі, але зараз таксама адышла ад беларускай тэмы, гэта вельмі сумна. Таму што былі сотні тысяч людзей, якія былі гатовы ісці за гэтым напрамкам. За Пугачам, за Аняй Хітрык, за Віталікам Артыстам, якога мы ўсе памятаем па песні “Краіна Беларусь”.

– Якая прычына, па-вашаму?

– Я думаю, іх душы не кліча ў Беларушчыну. Я размаўляў з досыць сур’ёзным маскоўскім прадзюсарам Табрызам Шахідзі, ён казаў: “Дайце песень на беларускай мове! Будзем рабіць з “J:Морс” новы “Океан Ельзи”. Але цяпер даводзіцца канстатаваць, што песень такіх няма, яны не пішуцца, не выконваюцца. Я маю на ўвазе не толькі “J:Морс”, а многіх таленавітых артыстаў. Андэграўнд неяк жыве, але ж у больш масавага слухача свае патрабаванні да матэрыялу. Можа, людзям здаецца, што гэта будзе выглядаць неяк жаласна і калгасна? Вядома, калі гэта для кагосьці кан’юнктура і гульня, то, можа, так і будзе. Душу павінна клікаць у Беларушчыну. Вось для Вольскага, відавочна, што не гульня. І мы бачым, як на яго канцэрт 500 квіткоў прадаюцца за першую гадзіну. Я шчыра рады, што такое адбываецца ў Беларусі.

 

Аўтар: Алена МАЛОЧКА 
Крынiца: Народная воля
Тэмы:,
Каб чытаць больш цікавых і актуальных артыкулаў, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

22 верасня 2017

Праз 20 гадоў збылася мара беларускага князя з Найробі

21 верасня ў Гродне прэзентавалі фундаментальную кнігу “Гісторыя Сапегаў”.
22 верасня 2017

У Мінску адбыўся канцэрт Лявона Вольскага

21 верасня Лявон Вольскі выступіў у мінскім Prime Hall. Вялікіх канцэртаў рокер не граў на Радзіме з 2010 года. Праз забарону: выступы Лявона адмяняліся адзін за другім.
19 верасня 2017

Унук вядзьмаркі Уладзімір Арлоў запрашае на “Танцы”

Сёння, 19 верасня, у сталічнай кнігарні “Логвінаў” можна атрымаць аўтограф аднаго з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў Уладзміра Арлова і нават крыху патаньчыць з ім. Арлоў прэзентуе сваю новую