Анонс аб правядзенні прэс-канферэнцыі раніцай 10 верасня распаўсюдзіла прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У ім гаварылася аб правядзенні 12 верасня ў 12.00 у прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў прэс-канферэнцыі, прысвечанай правацэнтрысцкай альтэрнатыве дэкрэту № 3. Акрамя Канапацкай сярод яе ўдзельнікаў значыліся лідары правацэнтрысцкай кааліцыі старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і кіраўнік рабочай групы па выпрацоўцы альтэрнатывы дэкрэту № 3 Яраслаў Раманчук.

У сувязі з тым што кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў у апошні момант адмовіла ў правядзенні прэс-канферэнцыі, яна адбудзецца 12 верасня ў 11.30 ля прыступак касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), які знаходзіцца побач з Домам урада, дзе размяшчаецца ніжняя палата парламента.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года, які выклікаў хвалю пратэстаў у лютым—сакавіку 2017 года, абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім пагражае штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

5 ліпеня кіраўнік дзяржавы распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце. Грошы вяртаюцца толькі тым, хто змог працаўладкавацца.

На нарадзе 3 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа». Што да новай рэдакцыі дэкрэта, то, як адзначыў прэзідэнт, аб сваіх перавагах і канцэптуальных думках на гэтую тэму ён ужо неаднаразова выказваўся. «Яшчэ раз паўтаруся: мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець ўсе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей (дармаедаў. — БелаПАН.) для вырашэння гэтай праблемы. Вось што мы павінны зрабіць і прапісаць у новай рэдакцыі дэкрэта. Я спадзяюся, што акрамя ўрада гэтым пытаннем сур`ёзна зоймуцца дэпутаты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.