Мікола Маеўскі — майстар нацюрмортаў і жывапісных пейзажаў. Большасць яго прац прысвечаны Белавежскай пушчы — месцу нараджэння, працы і натхнення.

Спадар Мікола нарадзіўся 1 сакавіка 1950 года ў пушчанскай вёсцы Дварцы на Камянеччыне. Менавіта тут мастак знайшоў свой Ерусалім — месца, дзе напісаў вялікую колькасць жывапісных палотнаў. Выстаўляўся за мяжой: у ЗША, Швецыі, Германіі, Францыі, Японіі, Турцыі.

Мастак быў адным з арганізатараў першага мітынгу-рэквіўма ў Берасці на Дзяды-1989. Апроч таго, стаў адным з заснавальнікаў мясцовага БНФ (быў сябрам рэгіянальнай і гарадской Радаў БНФ), браў удзел ва ўстаноўчым з’ездзе БНФ у Вільні.