У экспазіцыю ўвайшлі фрагменты старажытнаегіпецкага насценнага роспісу, скульптуры, статуэткі, прадметы побыту, саркафагі, скруткі папірусу і многае іншае. Цэнтральным экспанатам стала рэпліка пахавальнай маскі фараона Тутанхамона.

Упершыню выстава была паказаная ў 2011 годзе ў Чылі, паведаміла на цырымоніі адкрыцця яе куратар Алехандра Торэс. Пазней з культурай і гісторыяй Егіпта змаглі пазнаёміцца жыхары Перу і Бразіліі. Беларусь стала першай краінай за межамі Лацінскай Амерыкі, куды даставілі “Скарбы Старажытнага Егіпта”, адзначыла Торэс.

Арганізаваць выставу ў Мінску Нацыянальнаму мастацкаму музею ўдалося ў супрацоўніцтве з кампаніяй “Берын Арт Менеджмент” пры садзейнічанні міністэрстваў культуры, адукацыі і Мінгарвыканкама.

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко на адкрыцці экспазіцыі адзначыў, што гэты выставачны праект з’яўляецца “знакавай падзеяй у культурным жыцці сталіцы”, сведчыць “пра цікавасць да сусветнай культурнай спадчыны з боку беларускага грамадства”. “Менавіта культура з’яўляецца адным з асноўных фактараў ўмацавання дружбы паміж народамі. Культура здольная не толькі захоўваць, але і прымнажаць добрыя традыцыі сяброўскіх адносін розных краін, садзейнічаць захаванню міру і спакою”, — сказаў чыноўнік.

На думку начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай працы Нацыянальнага інстытута адукацыі Мінадукацыі Наталлі Катовіч, асаблівую важнасць гэтая выстава ў Мінску набывае ў святле “пазітыўных тэндэнцый у развіцці адносін паміж Беларуссю і Егіптам”. “У гэтай выставы вельмі вялікі адукацыйны патэнцыял, пазнаёміцца з ёй будзе цікава людзям абсалютна ўсіх узростаў”, — перакананая яна.

Выстава працуе да 10 снежня.

Поделиться: