Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

На самым пачатку гэтага года я выступіў на старонках “Народнай Волі” з нататкамі пра грамадскі Скарынаўскі форум, што прайшоў у будынку сталічнага Палаца мастацтваў.    
358
Памер шрыфта
Фото: google.by

Тады згадаў пра ініцыятывы нашых вядомых дзеячаў навукі і культуры, што былі агучаны яшчэ ў першай палове 2016 года. У прыватнасці, у звароце да найвышэйшых улад Беларусі прапаноўвалася да 6 жніўня 2017-га – даты 500-годдзя  пачатку беларускага кнігадрукавання – назваць у гонар Францішка Скарыны Нацыянальны аэрапорт “Мінск-2”, вярнуць у цэнтр беларускай сталіцы праспект імя нашага вялікага суайчынніка (былі пададзены некалькі варыянтаў такога рашэння); з дапамогай беларускіх дыппрадстаўніцтваў у Польшчы, Чэхіі і Літве арганізаваць прадстаўнічыя навуковыя канферэнцыі на тэму Скарыніяны; дзень 6 жніўня абвясціць святам – Днём беларускага друку (замест 5 мая, дня выхаду першага нумару газеты… “Правда”). Ведаю, што ў Нацыянальнай акадэміі навук гэтая ініцыятыва была ў асноўных момантах падтрымана і адпаведныя прапановы ад імя кіраўніцтва Акадэміі былі накіраваныя ва ўрад.

Шмат хто з маіх знаёмых чакаў, што ў такі знакавы год (500-годдзе бывае, як вядома, раз на паўтысячу гадоў!) Беларуская тэлерадыёкампанія ці  кінастудыя “Беларусьфільм” парадуюць неабыякавых беларусаў дыхтоўным мастацкім або дакументальна-мастацкім серыялам пра славутага палачаніна, што з’явяцца сімфоніі, кантаты ці вакальныя цыклы, прысвечаныя скарынаўскаму подзвігу, што ва ўсіх гістарычных і мастацкіх музеях Беларусі будуць дэманстравацца новыя шэдэўры выяўленчага мастацтва на гэтую звышактуальную тэму…

Шчыра скажу, я меў нейкія спадзяванні, што напярэдадні 6 жніўня з’явяцца адпаведныя прэзідэнцкія ўказы ці хоць бы пастановы беларускага ўрада. Добра памятаю 1990 год, калі пры падтрымцы партыйных органаў і ўрада БССР ладзіліся напраўду маштабныя святкаванні пяцісотай гадавіны нараджэння Францішка Скарыны ў Мінску і маім родным Полацку; калі да нас з’ехаліся скарыназнаўцы, навукоўцы, літаратары, дзеячы мастацтваў з дзясяткаў краін свету. Прыгадваю, што нават самыя артадаксальныя камуністы са складу тагачаснага Вярхоўнага Савета казалі, што “асоба Скарыны – гэта тая асоба, наконт велічы і значнасці якой не можа быць рознагалоссяў паміж беларусамі самых розных палітычных поглядаў…”.

Сёлетняя гістарычная дата, 6 жніўня, натуральна, не была забытая шараговымі беларусамі. З дабраслаўлення мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага, біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў гэты дзень у сталічным Касцёле Святых Сымона і Алены адбылася ўрачыстая імша ў гонар вялікага скарынаўскага чыну, а пазней на касцельным цвінтары прайшла імправізаваная канферэнцыя, прысвечаная жыццю і творчасці першадрукара. У той жа дзень у сутарэннях касцёла намаганнямі вядомага мастака Міколы Купавы была наладжана невялікая, але змястоўная выстава адпаведнай тэматыкі. Запомнілася, што сёй-той з удзельнікаў грамадскіх святкаванняў 6 жніўня выказваў слабое спадзяванне, што ўлады прымуць маштабныя рашэнні да 3 верасня, калі ў краіне будзе адзначацца традыцыйны Дзень беларускага пісьменства. Падставы чакаць такіх рашэнняў былі: яшчэ напрыканцы мінулага года міністр культуры Барыс Святлоў публічна выказваўся ў падтрымку новай назвы Нацыянальнага аэрапорта, а сёлета, змяніўшы ранейшае меркаванне, казаў, што варта было б імем Скарыны назваць Нацыянальную бібліятэку… Вядома, гэта маштаб зусім іншы. Не верыцца ў сур’ёзнасць адгаворак кіраўнікоў Нацыянальнага аэрапорта, што на перайменаванне, маўляў, патрэбны вялікія фінансавыя выдаткі (ніхто не лічыў грошай, калі ў 2005 годзе ўлады раптоўна вырашылі забраць імя Скарыны ў цэнтральнага мінскага праспекта, а да таго ж яшчэ надаць іншаму, самаму доўгаму, праспекту новую безаблічную назву).

Так ці іначай, выявілася, што ні перад 6 жніўня, ні перад 3 верасня ніякіх рашэнняў ні прэзідэнтам, ні ўрадам не было прынята. Дзень беларускага пісьменства хоць і адбыўся ў старажытным Полацку, але без асаблівай адметнасці ў параўнанні з папярэднімі гадамі і, заўважце, зноў у атмасферы падзелу на “сваіх” і “чужых”. На свяце непажаданымі аказаліся самыя яскравыя сучасныя літаратары, звязаныя з Полацкай зямлёй, – Уладзімір Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Лявон Неўдах, Лера Сом і іншыя. У выданнях дзяржвыдавецтваў, прысвечаных полацкім літаратарам, ім таксама практычна месца не знайшлося, хоць менавіта яны, на маю думку, сваім жыццём і творчасцю як найлепш увасабляюць запавет Скарыны: “І відзечы такавыя пажыткі ў… кнізе, я, Францішак Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, павялеў есмі Псалтыру ціснуці рускімі літарамі, а славенскім языком наперад куч ці і к пахвале к Богу, у Тройцы адзінаму, і прачыстай Яго мацеры Марыі і ўсім нябесным чынам і святым Божым, а потым к пажытку паспалітага добрага найболей з тае прычыны, іж мяне міласцівы Бог з таго языка на свет пусціў”.

Не магу дзеля справядлівасці не зазначыць, што за апошнія два гады дзяржаўныя выдавецтвы перавыдалі (як правіла, у выдатным паліграфічным афармленні) шмат што з таго, што было назапашана нашымі навукоўцамі-скарыназнаўцамі яшчэ да 1990 года, у тым ліку і ўласна скарынаўскія творы ў навуковай апрацоўцы. Але па-за выдавецкімі дасягненнямі ўлады нічым, па сутнасці, сёлета пахваліцца не могуць.

Год вялікага юбілею не проста нашай кнігі, а і наогул нашай духоўнасці, імкліва ідзе да свайго завяршэння. І мяне моцна цвеліць пытанне: каму і з якой прычыны Францішак Скарына, тытан Адраджэння шаснаццатага стагоддзя, сёння, у стагоддзі дваццаць першым, раптам аказаўся такім нязручным?

Лявон Баршчэўскі, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук.

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Крынiца: Народная воля
Тэмы:,
Каб чытаць больш цікавых і актуальных артыкулаў, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

22 верасня 2017

Драматычны фінал вучэньняў, ці Герастратава слава

Вайсковыя вучэньні «Захад-2017» пра якія так шмат, часта на мяжы гістэрыі паведамлялі сусьветныя мэдыя, нарэшце завяршыліся. Трэба спадзявацца, што наўрад ці ўжо адбудзецца нешта надзвычайнае; расейск
21 верасня 2017

Міхась Скобла. Сем сутак Някляева

Хочаце атрымаць сем сутак на Акрэсціна? Выйдзіце на бліжэйшую да вашага дома плошчу і гучна, каб пачулі выпадковыя прахожыя, прачытайце вось гэты кароценькі тэкст: “Я, патрыёт Беларусі, клянуся змагац
21 верасня 2017

ААН: рэфармаванню не падлягае

Прапановы амерыканскага прэзідэнта па рэфармаванні ААН чакае той жа лёс, што і ўсе папярэднія.