Міністэрства аховы здароўя: У гэтым эпідэмічным сезоне будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу, у тым ліку адзін новы

7

Згодна з прагнозамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у гэтым эпідэмічным сезоне на тэрыторыі Паўночнага паўшар’я будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу. Два з іх аналагічныя леташнім і адзін новы, які раней шырока не цыркуляваў, таму імунітэт да яго ў насельніцтва не сфармаваны.

У 2017 годзе ў Беларусі кампанія вакцынацыі супраць грыпу праводзіцца з магчымасцю выкарыстання як вакцын для бясплатнай імунізацыі “Грыпол плюс” (Расія), так і вакцын, даступных за сродкі прадпрыемстваў, арганізацый і асабістых сродкаў (расійскія “Грыпол плюс” і “Ультравак”, “Інфлювак” вытворчасці Нідэрландаў, “Ваксігрып” вытворчасці Францыі). Вакцынацыя павінна завяршыцца да 1 снежня, да пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання.

У паліклінікі і бальніцы ўжо пачалі паступаць супрацьгрыпозныя вакцыны. Усе яны, паведамляе Міністэрства аховы здароўя, зарэгістраваныя, дазволеныя да выкарыстання на тэрыторыі Беларусі і з’яўляюцца высокаэфектыўнымі і бяспечнымі імунабіялагічнымі лекавымі сродкамі. Вакцыны ўтрымліваюць усе тры актуальныя штамы віруса, рэкамендаваныя СААЗ для ўключэння ў склад вакцын для краін Паўночнага паўшар’я ў 2017 годзе.

Медыкі канстатуюць, што прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу добра пераносяцца як дзецьмі, так і дарослымі. Яны спрыяюць фармаванню высокаспецыфічнага імунітэту ўжо праз 7—14 дзён пасля прышчэпкі, дзеянне якога захоўваецца да 6—12 месяцаў.

Сёлета запланавана ахапіць прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу не менш як 40% насельніцтва Беларусі, гэта значыць больш за 3,8 млн чалавек, і да 75% насельніцтва, якое адносіцца да груп рызыкі.

Поделиться ссылкой: