Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

862
Памер шрыфта
Фота: sciencedebate2008.com

Апазіцыйная акцыя супраць вучэнняў “Захад-2017”, што прайшла ў Мінску 8 верасня, аказалася нешматлюднай. Арганізатары падкрэслівалі: многія баяцца выходзіць на вуліцу.

Думаю, аднак, што не толькі ў гэтым праблема. Кладучы руку на сэрца, манеўры, актыўная фаза якіх распачнецца 14 верасня, значна меней хвалююць шараговых беларусаў, чым, напрыклад, усхвалявалі на пачатку года “лісты шчасця” ад падатковых інспекцый з патрабаваннем аплаціць “дармаедскі” збор.

Паводле апытання, праведзенага ў красавіку Беларускай аналітычнай майстэрняй (Варшава, кіраўнік Андрэй Вардамацкі), 68,3% беларусаў мяркуюць, што расійская анексія нашай краіны паводле крымскага сцэнарыю немагчымая, а дапускаюць такое толькі 14,1%.

У тое ж, што акупацыяй Беларусі можа скончыцца менавіта “Захад- 2017”, вераць, мяркую, зусім нямногія. Па-першае, гэта толькі чарговая супольная трэніроўка нашых і расійскіх вайскоўцаў, прычым трох тысяч салдатаў з суседняй краіны надзвычай мала для захопу (падчас “Захаду-2009” іх прыязджала блізу шасці тысяч). Па-другое, Уладзіміру Пуціну цяпер відавочна не да агрэсіі, у яго баліць галава, як выблытацца з санкцый за Крым і Данбас.

Нарэшце, і гэта самае галоўнае, Пуціну няма патрэбы браць Беларусь груба, кідаючы сюды зялёных чалавечкаў, танкі і г.д. Нашто нажываць новы галаўны боль, яшчэ мацней абвастраць адносіны з Захадам, калі Мінск і так па вялікім рахунку — у расійскай пастцы. Прычым залежнасць ад Масквы толькі ўзмацняецца насуперак дэкларацыям пра шматвектарнасць замежнай палітыкі, дыверсіфікацыю знешняга гандлю.

Вось трубіць тутэйшае начальства, што гэты гандаль пайшоў угору. Так, але найбольшымі тэмпамі (на 22,8% за студзень — ліпень паводле Белстата) вырас ён акурат з Расіяй. У выніку на ўсходнюю суседку прыпадае болей за палову нашага знешнегандлёвага абароту, а вось на Еўразвяз — толькі блізу 23%. І колькі б ні ставіў Аляксандр Лукашэнка задачу “ўгрызацца ў еўрапейскі рынак”, гэта немагчыма без рэформаў, якія б павысілі канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі, узнялі долю высокатэхналагічнага экспарту.

Між іншым, у беларускіх улад была магчымасць на выгадных умовах атрымаць крэдыт МВФ на тры мільярды долараў. Але дзеля гэтага трэба было акурат згадзіцца на структурныя рэформы, трансфармацыю замшэлага дзяржсектара эканомікі. А паколькі гэта беларускаму кіраўніцтву як нож востры, то палічылі за лепшае дамовіцца пра чарговы міждзяржаўны крэдыт з Расіяй (ён вось-вось паступіць). Такім чынам, фінансавая залежнасць ад Масквы ўзмацнілася.

Яшчэ болей узмацняе гэту залежнасць будаўніцтва Беларускай АЭС за расійскі крэдыт на 10 млрд долараў. Не кажучы ўжо пра тое, што гэта і тэхналагічная прывязка да Расіі. Ды яшчэ і з Літвой, якая ўваходзіць у Еўразвяз, НАТО і да пары да часу выступала адвакатам Мінска на Захадзе, на гэтай глебе мы капітальна рассабачыліся. Тым самым перакрэсліваюцца прыгожыя тэзы нашага МЗС пра развіццё заходняга вектара, донарства рэгіянальнай бяспекі.

Нарэшце, сюжэт з выкраданнем у Гомелі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба (сёння ўжо практычна няма сумневу, што гэта зрабіла ФСБ) паказвае, што расійскія спецслужбы гаспадараць на беларускай тэрыторыі, як у сябе дома.

За гады “братняй інтэграцыі” Мінск падпісаў да чорта ўсякіх дамоваў, што змушаюць да шчыльнага ўзаемадзеяння ў сферах палітыкі, бяспекі, інфармацыі і г.д. Таму і супольныя манеўры ладзяцца, і адзіная рэгіянальная сістэма супрацьпаветранай абароны створана, і так званая адзіная інфармацыйная прастора Саюзнай дзяржавы абвешчана, і спецслужбы моцна кантактуюць, робяць адна адной адмысловыя паслугі.

Раней інтэграцыйныя гульні давалі Мінску добрыя дывідэнды, забяспечвалі нібыта трывалы геапалітычны “дах”, але пасля Крыма многае істотна змянілася. Шчыльнае партнёрства з агрэсіўнай, непрадказальнай
Расіяй, якая ўступіла дэ-факта ў новую халодную вайну з Захадам, стала для Беларусі чыннікам велізарнай рызыкі.

Вось днямі кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў пахваліў Лукашэнку за тое, што ў нас тут шырока транслююцца расійскія тэлеканалы. Зразумела, расійскаму камуністу гэта падабаецца. Але для нас гэта каласальная небяспека, бо праз тыя каналы ў мазгі беларускага грамадства, якому і так бракуе нацыянальнай самасвядомасці, ціхай сапай упаўзае “русский мир”.

Карацей, страшныя не манеўры “Захад” самі па сабе. Куды страшнейшай небяспекай, на мой погляд, з’яўляюцца рэтрадгадскае, саўковае мысленне беларускага кіраўніцтва, адсутнасць рэформаў, што стрымлівае развіццё нашай краіны, яе інтэграцыю ў развіты свет, прыкоўвае нас да Масквы.

Гэты працэс дэградацыі, страты гістарычных магчымасцей вядзе да таго, што ў нейкі момант адсталую, збяднелую русіфікаваную краіну Пуцін (ці хто там будзе тады сядзець у Крамлі) зможа ўзяць голымі рукамі.

Каб чытаць больш цікавых і актуальных артыкулаў, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

22 верасня 2017

Драматычны фінал вучэньняў, ці Герастратава слава

Вайсковыя вучэньні «Захад-2017» пра якія так шмат, часта на мяжы гістэрыі паведамлялі сусьветныя мэдыя, нарэшце завяршыліся. Трэба спадзявацца, што наўрад ці ўжо адбудзецца нешта надзвычайнае; расейск
21 верасня 2017

Міхась Скобла. Сем сутак Някляева

Хочаце атрымаць сем сутак на Акрэсціна? Выйдзіце на бліжэйшую да вашага дома плошчу і гучна, каб пачулі выпадковыя прахожыя, прачытайце вось гэты кароценькі тэкст: “Я, патрыёт Беларусі, клянуся змагац
21 верасня 2017

ААН: рэфармаванню не падлягае

Прапановы амерыканскага прэзідэнта па рэфармаванні ААН чакае той жа лёс, што і ўсе папярэднія.