Пра тое, што ў горадзе свята, можна было здагадацца падчас сустрэчы з першым супрацоўнікам міліцыі –
усе яны ў парадных белых кашулях, а ў раёне Нямігі і Палаца спорта, дзе і разгарнуліся галоўныя гарадскія гулянні, іх сабралася надзвычай многа.

Праўда, ля выхаду са станцыі метро “Няміга” гараджан і гасцей сталіцы сустракалі не яны. Прахожых, літаральна хапаючы за рукаў, спынялі глуханямыя людзі – жанчына і двое маладзёнаў. Даючы ў рукі чырвона-зялёны сцяжок яны цярпліва глядзелі “на ахвяру”.

Калі чалавек збіраўся і сыходзіў разам са сцяжком, думаючы, што гэта падарунак, яго тут жа даганялі і дэманстравалі ашмётак паперкі, на якой было напісана:  кошт сцяжка – 2 рублі. Пакупнікоў такога тавару,
заўважу, было мала – сцяжкі заставаліся ў руках “рэалізатараў”. Наколькі законная такая прадпрымальніцкая дзейнасць – пытанне хутчэй да праваахоўнікаў, якія гандляроў дзяржаўнай сімволікай не чапалі.

А вось на подступах да Палацу спорта міліцыянеры працавалі па поўнай – кожны жадаючы трапіць у “зону святкавання” павінен быў прайсці асабісты дагляд. Нічога незвычайнага, бяспека вышэй за ўсё! Дзеля справядлівасці  адзначу, што ўсё адбывалася хутка – без стварэння чэргаў. Да таго ж самі людзі ў форме былі аж занадта ветлівыя. “Калі ласка», «Дзякуй” – гэтыя словы чуліся з іх вуснаў ледзь не кожную хвіліну. Прычым, раз-пораз гучалі яны па-беларуску.

Мінаваўшы гандлёвыя рады – з шашлыком са свініны па 4 рублі за 100 грамаў, півам  па 2,50-3 за паўлітра, — я апынуўся ў  варот, якія вялі  ў “Горад Каравай”. Менавіта так назвалі сваю пляцоўку работнікі сталічных хлебазаводаў.  9 і 10 верасня яны праводзяць фестываль хлеба.

Пасля кароткай размовы з начальнікам аддзела маркетынга і збыта хлебазавода N 6 Таццянай Белановіч падыходжу да … урны для галасавання.

— Галасуйце за нас — будзе ўлічаны кожны голас, — запэўнівае Таццяна Васільеўна.

Кожны, хто нешта купляе ў «Горадзе Каравай», атрымлівае паперку з нумарам завода, вырабы якога яму прыйшліся даспадобы. Яе і трэба апусціць у ўрну для галасавання. Дарэчы, яна, ўрна, ў лепшых беларускіх традыцыях — непразрыстая. І што будзе з ёй ноччу,  ці не адбудзецца “ўкід” паперак – невядома…

Дарэчы, вынікі конкурса на званне лепшага хлебазавода Мінска будуць падведзены ў нядзелю вечарам – па выніках галасавання вызначацца тры лепшыя прадпрыемствы, калектывы якіх атрымаюць грашовыя прэмія, памеры якіх пакуль ў сакрэце…

А зараз калектывы хлебазаводаў спаборнічаюць – мінчане частуюцца. “Мінскхлебпрам”, як і абяцаў, вырабіў да 950-годдзя Мінска агромністы, вагой у 250 кілаграмаў торт. На ім знакавыя сімвалы Мінска –Тэатр Оперы і балета, Чырвоны Касцёл, Купалаўскі тэатр…

Разразаць гэты ласунак першапачаткова планавалася ў суботу ў 12.00. Потым падзею перанеслі на тры гадзіны. Чарга з жадаючых пакаштаваць кавалачак “смачнага Мінска” расцягнулася на добрыя некалькі соцен метраў. Хтосьці пажартаваў: каб быў парадак, тут патрэбен АМАП.

У адны рукі выдаваўся зусім невялічкі кавалачак кандытарскага вырабу. Цярпення, каб дастаяцца, хапіла далёка не ўсім.

—Я, канечне, люблю Мінск, але, калі сканаю ў гэтай чарзе, думаю, што горад гэтага не ацэніць, — сказала бабулька і выправілася слухаць беларускамоўны канцэрт у раён Верхняга гораду…

Свята працягваецца…

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Мінск адзначае 950-годдзе...

Фота аўтара