Як маладыя беларускія музыканты пачуваюць сябе за мяжой…

17
Саша Бузун. Фота з асабістага архіву

Кітайскі Лас-Вегас і мільён магчымасцяў

З акардэаністкай Сашай Бузун звязваюся па скайпе. Розніца паміж Мінскам і Макаа – пяць гадзін: у мяне заканчваецца працоўны дзень, а Аляксандра ўжо збіраецца класціся спаць.

Гэта ўжо другі яе кантракт. Першы раз у Кітай яна ехала на шэсць месяцаў. Пасля адпачынку і нядоўгіх разважанняў падоўжыла пагадненне яшчэ на год.

— Калі я падпісвала свой першы кантракт, у мяне якраз завяршалася праца па размеркаванні. Заробак у музычнай школе ў 200 долараў, як ты разумееш, не надта натхняў. Так што вырашылася на авантуру досыць лёгка, – шчыра расказвае мне выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

На курсе яна была адной з лепшых. Спецыяльнасць здавала “на выдатна”, займала першыя месцы на міжнародных конкурсах і нават закончыла магістратуру. Але адсутнасць добрых перспектыў і, мякка кажучы, невялікі заробак прымусілі паехаць у Кіеў на кастынг для атрымання працы ў Кітаі.

– Людзей было вельмі шмат! Я адчувала сябе гераіняй фільмаў Кустурыцы: у адным куце жанглёры, у другім – нейкія вандроўныя менестрэлі, акрабаты, і я з гэтым акардэонам, – смяецца Саша. – Але кастынг я прайшла і вось пацую я ў так званым інтэграваным забаўляльным комплексе. Макаа для кітайцаў – гэта як для амерыканцаў Лас-Вегас. Тут вельмі шмат казіно. Амаль усе яны месцяцца ў велічэзных забаўляльных цэнтрах. Комплекс, у якім я працую, называецца “Парыж у Макаа”. Наша справа – ствараць атмасферу вулічнай Францыі. Гэта могуць быць нейкія вальсы, мюзеты, французскі шансон, песні Эдзіт Піяф, Джо Дасена, Шарля Азнавура. Наогул, нас там шмат  – не толькі музыканты. Ёсць яшчэ і мімы, карыкатурысты, тэатральныя шоу.

Працоўны графік у мяне васьмігадзінны, з іх чыстага іграння – пяць сэтаў па 30 хвілін. Не магу сказаць, што гэта складана. Адна справа выконваць Баха, іншая – вальсікі. Праўда, спачатку было цяжкавата, усё ж гэта не зусім тая форма выканання, да якой нас рыхтавалі ў кансерваторыі: гледачы не сядзяць паважна ў крэслах, слухаючы прэлюдыі з фугамі. Ты хутчэй дэкарацыя. Але рэагуюць кітайцы вельмі эмацыянальна. Дзяўчына еўрапейскай знешнасці ды яшчэ з акардэонам…

Плацяць па нашых мерках вельмі добрыя грошы, не менш за дзве тысячы долараў у месяц. Увогуле, чым даўжэй працуеш у Кітаі, тым вышэй у цябе заробак. Зараз я артыстка трэцяй катэгорыі. Была б першая – атрымлівала б у два разы больш. Так што кар’ерны рост магчымы. Дарэчы, калі мы працуем у дзяржаўны выхадны – аплата за дзень трайная. Так што грэх скардзіцца.

Харчаванне і пражыванне нам аплачвае кампанія. Першы раз я жыла ў чатырохзоркавым гатэлі, цяпер нам з калегамі здымаюць кватэру. Паесці можна ў спецыяльнай бясплатнай сталоўцы. Яна працуе 24 гадзіны. Нейкіх гастранамічных асаблівасцяў там не знойдзеш, але ёсць усё для таго, каб харчавацца паўнавартасна.

Наогул, Макаа – не зусім Кітай. Да 1998 года тут была партугальская калонія, так што гэта такі мікс Еўропы і Азіі. Горад не танны. Трохпакаёвая кватэра ў добрым раёне будзе каштаваць больш за мільён долараў. Праўда, і зарплаты тут іншыя. Суадносіны даходаў і цэн нашмат больш выгадныя, чым у нас.

Часам атрымліваецца выехаць за межы Макаа. Была ў Ганконгу, але да Пекіна і Шанхая не дабралася, патрэбна віза. У кастрычніку ў мяне будзе невялікі адпачынак. Вырашыла, што паеду на тыдзень у Інданезію.

Перад тым як пажадаць Сашы добрай ночы, цікаўлюся: а ці змянілася неяк стаўленне да жыцця пасля года ў Кітаі? Адказ атрымліваю імгненна:

– Толькі тут я зразумела, што свет неабсяжны, а жыццё – адно. І хочацца яго пражыць цікава і нясумна. Чамусьці ў Макаа ўспрыманне свету зусім іншае – ён не здаецца чымсьці складаным і неспадзяваным. Наадварот, ёсць мільён магчымасцяў, толькі бяры!

Ці змянілася маё стаўленне да сваёй краіны? Тут неяк вастрэй разумееш, наколькі многа ў Беларусі таленавітых людзей. І мне так крыўдна, што нашым музыкантам даводзіцца круціцца на пяці працах, каб хоць неяк пракарміць свае сем’і! Па шчырасці, я пакуль не думаю пра вяртанне на Радзіму.

“Прыехаў з Эміратаў і адразу ж купіў сабе Porsche Cayenne”

А вось з маладым беларускім гітарыстам Аляксандрам Кісам мы сустракаемся ў Мінску. Саша прыязджае на залацістым Porsche Cayenne: машыну купіў літаральна месяц таму, як толькі вярнуўся з Эміратаў. “Так, фінансавае становішча крыху палепшыў”, сціпла ўсміхаецца музыкант. На Усходзе ён працаваў ужо трэці раз.

Як маладыя беларускія музыканты пачуваюць сябе за мяжой…
Аляксандр Кіс. Фота з асабістага архіву

– Гэтым разам за мяжой быў амаль год: тры месяцы ў Дубаі і восем – у Катары. Іграў у начных клубах пры гатэлях. У Дубаі ў нас быў досыць складаны графік. Праца пачыналася вельмі позна, спаць клаліся літаральна на світанку. Так што, калі мне прапанавалі больш лагодныя ўмовы ў Катары, я адразу ж пагадзіўся.

У Беларусі Аляксандра Кіса ведаюць як бліскучага гітарыста. У маладога музыканта ёсць свая рок-школа і мноства творчых праектаў, у тым ліку і сольных. Але ў Катары Кіс выступаў выключна ў складзе бэнда.

– У нашай групе было сем чалавек: тры вакалісты і чатыры музыканты. Карысны досвед! Таму што песень вельмі шмат, і ўсе іх трэба ведаць на памяць, па нотах ніхто ніколі не іграе. Напачатку нават рабіў сабе маленькую шпаргалку, хаваў дзе-небудзь збоку і ціхенька падглядаў. Але потым прызвычаіўся. Зараз я практычна любую песню асвойваю за пяць-дзесяць хвілін.

Публіка там проста вар’яцкая, вельмі эмацыянальная і вельмі інтэрнацыянальная. Ніколі не ведаеш, што ёй можа спадабацца. Бывае, сёння кампазіцыя праходзіць на ўра, а заўтра – быццам у пясок, ніяк не кранае людзей. Як правіла, трэба іграць самае папулярнае, усё, што ўваходзіць у сусветны топ-40. Дарэчы, вельмі добра “заходзіла” класіка року. Здзівіла, што на Усходзе яе любяць значна больш, чым у нас.

“Кантрактныя” музыканты там зарабляюць нядрэнна. Месячныя ганарары заўсёды з трыма нулямі. Але найлепшае становішча ў тых, хто працуе ў інтэрнэшнл-бэндах, гэта значыць – не расійскіх і не ўкраінскіх. Грошы там вельмі добрыя, я нават сказаў бы, вялікія.

Дарэчы, у Катары па законе мінімальны заробак для мясцовага насельніцтва не можа быць меншы за сем тысяч долараў. Кошты на прадукты ў іх прыблізна такія ж, як у Беларусі. Нас кармілі ў гатэлі, плюс асобна давалі на харчаванне каля 250 долараў у месяц. Жылі мы ў вельмі добрай трохпакаёвай кватэры, якую нам здымаў працадаўца. Паколькі выступаць пачыналі вечарам, заўсёды быў вольны час. Але, вядома, гэта краіна не для шпацыраў. Там вельмі, вельмі горача! Паўсюдна кандыцыянеры, нават на аўтобусных прыпынках. З-за рэзкага перападу тэмпературы можна захварэць у адзін момант.

Дарэчы, больш за ўсё я сумаваў па нашай прыродзе. У Катары зусім іншае паветра, пейзажы, няма дрэў. Калі б можна было хаця б раз на месяц прыязджаць адтуль на пару дзён у Беларусь!..

Увогуле, я зразумеў, што Эміраты не для мяне. Туды цікава з’ездзіць папрацаваць, адпачыць, бізнесам заняцца, але жыць там я не хацеў бы. Яны ўсё роўна іншыя людзі. Ты ж там нават не зможаш прайсціся па вуліцы з дзяўчынай, трымаючы яе за руку. Такія паводзіны могуць мець сур’ёзныя наступствы. 

Саша выглядае абсалютна шчаслівым, спакойным чалавекам, які ведае, чаго хоча ад гэтага жыцця і мэтанакіравана рухаецца наперад. Цікава, ці ёсць у гэтых планах яшчэ адзін “кантракт”? Адказ атрымліваю вычарпальны:

– Кантракт – гэта ўсё адно ў нейкім сэнсе рабства. Кожны дзень ты займаешся адным і тым жа і заўсёды іграеш толькі тое, што ад цябе патрабуюць агенты і менеджары клуба. А я люблю, па-першае, волю. А па-другое, разнастайнасць. Для сябе я вырашыў, што паеду “туды” толькі ў тым выпадку, калі з фінансамі будзе ўжо зусім бяда. 

Зараз жа я рухаюся да ажыццяўлення сваёй музычнай мары, у фонавым рэжыме працую над новай ідэяй. Гэтым разам я хачу спяваць і ўвогуле займацца тым, што мне падабаецца: выступаць, прадзюсіраваць сваю рок-школу і быць незалежным. А кантракты – гэта не пра мяне.

“Уладкаваўся на круізны лайнер, каб аплачваць вучобу ў Амстэрдаме”

Наш наступны герой – 22-гадовы Ян Сапега, сын самага вядомага беларускага барабаншчыка Аляксандра Сапегі. Дарэчы, пакуль Сапега-старэйшы працаваў па кантракце ў Марока, малодшы паспяхова замяняў яго ў групе Apple tea, а год таму і ўвогуле паступіў на джазавае аддзяленне Амстэрдамскай кансерваторыі. Каб аплачваць вучобу, Ян уладкаваўся на круізны лайнер. Цяпер з маладым чалавекам можна звязацца толькі пры дапамозе інтэрнэту. Размаўляем урыўкамі: пасярод Ціхага акіяна сувязь часам далёка не дасканалая. Але як музыкант у музыканта не магу не запытацца ў маладога барабаншчыка перш за ўсё пра яго вучобу ў Нідэрландах.

Як маладыя беларускія музыканты пачуваюць сябе за мяжой…
Ян Сапега. Фота з асабістага архіву

– Амстэрдамская кансерваторыя даўно займела славу адной з лепшых у Еўропе, – захоплена распавядае Ян. – Людзі туды едуць вучыцца з усяго свету. Працэс паступлення досыць доўгі. Спачатку трэба прайсці так званы “прэселекшн”, дадатковы тур па відэазапісах, і толькі потым цябе запрашаюць на ўступныя экзамены ў Амстэрдам. Такая сістэма адбору працуе: на курсе мы ўсе прыблізна аднаго ўзроўню. Для прыкладу: у той жа Акадэміі музыкі ў нас на адным патоку могуць вучыцца як вельмі адораныя, так і зусім выпадковыя людзі. Але, як бы я добра ні здаў уступныя экзамены і якой бы цудоўнай казкай ні здавалася вучоба за мяжой, за ўсе гэтыя задавальненні трэба плаціць. Амстэрдам не танны горад. Дзесьці пасярод навучальнага года я патраціў амаль усе свае грошы і зразумеў: трэба нешта рабіць. Таму ўзяў “акадэм” і паехаў працаваць.

Працуе Ян на невялікім караблі, які ходзіць пераважна ўздоўж берагоў Паўночнай Амерыкі. Цяпер гэта раён Аляскі. Восенню судна накіруецца ў круіз ад Канады праз Каліфорнію, Мексіку, Панаму, і далей ужо Маямі, Фларыда і нарэшце Нью-Ёрк. Калі дазваляе расклад, распавядае Ян, можна пагуляць на сушы і адкрыць для сябе шмат новага. Кантракт ён падпісаў спачатку з красавіка па кастрычнік, але потым вырашыў затрымацца на караблі яшчэ на месяц.

– Графік у мяне досыць просты. Іграем мы амаль кожны дзень. Спачатку гэта можа быць нейкая ўрачыстасць на лайнеры, увечары – абавязковае вялікае шоу з танцорамі і спевакамі, штосьці кшталту мюзікла. Заканчваецца наш дзень познім сэтам у зоне адпачынку. Аплачваецца такая работа досыць шчодра. Вядома, як і ўсюды, тут ёсць свае мінусы. Скажам, праз пару месяцаў ты ведаеш фішкі кожнага музыканта. Ад манеры ігры некаторых людзей па-сапраўднаму пачынаеш стамляцца. Часта гэта ператвараецца ў праблему. Яшчэ адна акалічнасць, з якой мне цяжка тут мірыцца, – гэта невысокі ўзровень выканання. Таму што музыкантаў на карабель дасылаюць дастаткова розных. Зразумела, праграма адна і тая ж. Было некалькі бытавых непрыемнасцяў. Тут мы жывём па два чалавекі ў каюце. Месца даволі мала, і не заўсёды атрымліваецца паразумецца з суседам. Прыходзілася нават перасяляцца, але зараз, дзякуй Богу, усё добра.

Безумоўна, ёсць і прыемныя моманты. Работа на караблі – гэта заўсёды новыя месцы, цікавыя людзі. У асноўным я баўлю час з танцорамі і вакалістамі. Амаль усе яны ці амерыканцы, ці брытанцы, ці аўстралійцы. І гэта выключная моўная практыка! І яшчэ адзін проста велічэзны плюс – на працу не трэба далёка хадзіць. Выйшаў з каюты, падняўся на дзве палубы вышэй – і ты ўжо на месцы. Не трэба нават выклікаць таксі, каб перавезці барабаны!

Не ведаю, ці надоўга мяне хопіць пры такім раскладзе. Творчасці і музыкі тут мала. Калі ўжо зусім жыццё прыцісне, прыйдзецца вярнуцца “на кантракт”. А так – нізашто! Ці сумую я? Здараецца. У Мінску мае родныя, сябры. Сэрцайка часам сціскаецца ўдалечыні ад радзімы.

– Дык, можа, дома сапраўды лепш, чым у гасцях? Можа, ну яго, гэты “бераг турэцкі”?

– А вы ведаеце, тут і праўда ўсё класна. Што да Амстэрдама, дык там вельмі адкрытыя людзі, навокал музыка, людзі наведваюць канцэрты, выставы, галерэі, тэатры. Маладыя людзі цікавяцца мастацтвам. Адзінае, што хвалюе, – кошты. Але гэта тое, з чым трэба мірыцца, калі ты прыязджаеш у краіну з такім высокім узроўнем жыцця.

Ці змянілася маё стаўленне да нашай краіны? Як і раней, я перакананы, што беларусы вельмі таленавітыя людзі. Ім проста трэба бачыць, што нехта ў іх зацікаўлены. Што ёсць магчымасць самарэалізацыі.

 

Поделиться ссылкой: