– З пачатку года еўра і на самай справе расце, гэта звязана са зменамі
чаканняў у амерыканскай і еўрапейскай эканоміках, – кажа эксперт. –
Адпаведна змяніліся і дзеянні амерыканскага і еўрапейскага цэнтрабанкаў. Яшчэ напрыканцы мінулага году меркавалася, што амерыканскі Федэральны рэзервны банк стаў на шлях больш жорсткай манетарнай палітыкі дзякуючы
таму, што ў эканоміцы не ўсё так дрэнна. У той жа час еўрапейская эканоміка
ў мінулым годзе выглядала дастаткова блякла, і асаблівых змен ніхто не
чакаў.

– Аднак на пачатку года сітуацыя пачала змяняцца…

– На справе манетарная палітыка ЗША аказалася зусім не такой, якой
чакалі, і еўра пайшоў у рост. Літаральна ўчора адбылося пасяджэнне
Еўрапейскага цэнтрабанка, стала вядома, што ён змяншае свае прагнозы па
росту інфляцыі. З аднаго боку гэта дрэнная сітуцыя для еўра. Але з іншага
боку Еўрапейскі цэнтрабанк палепшыў свае прагнозы па росце тэмпаў
унутранага валавага прадукту Еўрасаюза. Увогуле, за апошні год рынкі
прызвычаіліся любую неадназначную інфармацыю трактаваць на карысць
еўра. І еўрапейская валюта ўзмацняецца, яна выйшла на ўзровень снежня
2014 года.

– Ці працягнецца рост еўра і надалей?

– На наступным тыдні павінна адбыцца пасяджэнне Федэральнай
рэзервнай службы ЗША, таму ўсе будуць сачыць, што амерыканцы скажуць
пра сваю будучую манетарную палітыку. У залежнасці ад гэтага курс долара
і еўра могуць моцна змяніцца.

– Можа быць, зараз людзям мэтазгодна перавесці доларавыя
зберажэнні ў еўрапейскую валюту?

– Сёння мы кажам пра рост еўра постфактум. Безумоўна, калі б у
людзей была машына часу, то можна было б адправіцца у пачатак года і
перавесці долары ў еўра, бо за гэты час еўрапейская валюта вырасла амаль на
15 працэнтаў. Але зараз нельга дакладна казаць, што рост еўра абавязкова
працягнецца. І ў такой сітуацыі нявызначанасці самае разумнае для людзей –
размеркаваць валютныя зберажэнні. Лепш палову грошай захоўваць у
доларах, а палову – у еўра. І не трэба кідацца ў бакі, незалежна ад сітуацыі.