Ці рызыкне Алег Румо стаць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук?

16

Па-першае, быць акадэмікам і членкорам даволі прэстыжна і сёння, нягледзячы на нездавальняючую сітуацыю з навукай у краіне. А па-другое, згодна з указам А.Лукашэнкі, у Нацыянальнай акадэміі навук не можа быць больш за 100 акадэмікаў і 145 членаў-карэспандэнтаў, таму выбары праводзяцца не кожны год і толькі на існуючыя вакансіі.

На мінулых выбарах, якія адбыліся восенню 2014 года, не абышлося без сенсацый. Па-першае, ні за адну з трох жанчын-вучоных, якія прэтэндавалі на званне акадэміка (дырэктара РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольгу Алейнікаву, дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Эмілію Каламіец і вядучага вучонага ў галіне харчовай прамысловасці Зою Васіленка), Агульны сход не прагаласаваў. Акрамя таго, яшчэ на першай стадыі галасавання камісіяй аддзялення медыцынскіх навук не была падтрымана кандыдатура вядомага не толькі ў медыцынскіх колах доктара –  дырэктара РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алега Румо, які быў даверанай асобай А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010-га і 2014 гадоў. Румо прэтэндаваў на атрыманне звання члена-карэспандэнта НАНБ.

Ці паспрабуе ў гэтым годзе Алег Румо даказаць, што ён зрабіў у навуцы дастаткова, каб стаць членкорам? За мінулыя тры гады ў свой паслужны спіс ён дадаў яшчэ званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (у складзе калектыву) за распрацоўку і ўкараненне тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых.

Зараз у Акадэміі навук ідзе прыём дакументаў ад кандыдатаў на атрыманне званняў акадэміка і членкора, які працягнецца да 21 верасня. Практыка паказвае, што, як правіла, спіс прэтэндэнтаў фарміруецца ў апошнія тры дні да завяршэння падачы дакументаў. Але ў любым выпадку да гэтай даты ніякай інфармацыі адносна прэтэндэнтаў не паступае не толькі ў прэсу, але нават і ў галіновыя аддзяленні Акадэміі. Захоўвае інтрыгу і сам Алег Румо.

«Пакуль ідзе прыём дакументаў, пасля 21 верасня пра ўсё даведаецеся», – загадкава адказвае вучоны-медык на пытанне аб магчымым удзеле ў конкурсе на суісканне звання членкора і патэнцыяльных канкурэнтах. Справа ў тым, што тры гады таму на вакансію члена-карэспандэнта па спецыялізацыі “трансплантацыя органаў” Алег Румо быў адзіным прэтэндэнтам. Але, нават нягледзячы на гэта, высокага звання не атрымаў.

Што ж тычыцца механізму выбараў, то пасля таго, як вызначаны суіскальнікі на званне акадэмікаў і членкораў, пачынаецца першы этап галасавання – на камісіях у галіновых аддзяленнях Акадэміі навук. Прычым членаў камісіі выбірае Бюро аддзялення, і, як правіла, гэта ўсяго тры вучоныя-акадэмікі, якія галасуюць тайна.

Алё нават калі іх рашэнне станоўчае, суіскальнікам трэба прайсці другі этап – тайнае галасаванне на Агульным сходзе Акадэміі навук. Там прэтэндэнту трэба набраць 2/3 галасоў, каб атрымаць званне.

Дарэчы, у гэтым годзе Нацыянальная акадэмія можа папоўніцца 13 новымі акадэмікамі і 31 членкорам – менавіта столькі ёсць вакансій. Хоць гэта не значыць, што ўсе яны будуць заняты пасля Агульнага сходу. Усё залежыць ад таго, як прагаласуюць дзейсныя члены Акадэміі.

 

Поделиться ссылкой: